I вось рассунулiся хмары над хмарамi i ў пазахмар'i, i прабiўся промень сьвятла, ён сьвяцiўся як сьвятло тысячы сонцаў i ўсё ж не сьляпiў, i ў промнi вачам адкрылася лесьвiца, яна стаяла сама, нiхто яе ня трымаў, i была такая высокая, што верхнi канец яе зьнiкаў у бясконцасьцi вышынi; а па гэтай лесьвiцы падымалiся ўгору й апускалiся ўнiз анёлы, добрыя анёлы, вядома, не такiя, як Люцыпар альбо я, так што выглядала ўсё, быццам па той лесьвiцы ўгору-ўнiз караскалiся процьмы мурашак з ружовымi галоўкамi й празрыстымi мiгатлiвымi крылцамi. I былi там яшчэ такiя, якiя несьлi вялiкi трон па лесьвiцы ўнiз i вельмi высiльвалiся, бо трон быў цяжкi i ўпрыгожаны рознымi каштоўнымi камянямi, якiя пералiвалiся ўсiмi колерамi вясны, блакiтныя й зялёныя й чырвоныя й залатыя, а парэнчы той лесьвiцы былi разьбёныя й на канцах сваiх мелi галовы двух хэрувiмаў, а чатырма ножкамi былi iльвiныя лапы, а завяршэньне задняй парэнчы было ўтворана зь дзьвюх блiшчастых зьмеяў, целы якiх былi скручаныя ў вузел, тым часам як галовы змагалiся адна з адной. А на троне ня было нiкога, так што здавалася, быццам ўсё гэта давалася руплiвым анёлам проста, так сабе нешта зь лёгкай мэблi.
I як што нарэшце той трон старабанiлi ўнiз, яны прынесьлi яго да мяне й паставiлi перад мною, i ў дадатак услончык-падножжа, прымацаванае да трона залатымi загiнамi-фальцамi, i пасьля гэтага яны адляцелi, лапочучы крылцамi й кашулькамi. Але голас Божы ўзвысiўся зноў i сказаў: Як што ты сумняваешся ў богападабенстве чалавека, дык я хачу паказаць табе Сябе.
I сьвятло нябеснае аблiлося вакол трона, быццам вянком, i ў вянку сьвятла паказалася як бы паласа ранiшняга туману. Але гэты туман увачавiдкi ўшчыльнiўся i ў iм распазнавалiся як бы цень i форма й iстота й цялеснасьць, i сядзеў нехта на седзiшчы трона, у белым убраньнi, з блiскучымi вачыма й хвалiстымi валасамi й кучаравай барадою, муж у найлепшым веку, i усё вакол яго было дасканалае й незвычайнай прыгажосьцi.
А я, замест таго каб занурыцца носам у пыл перад тым на троне й пацалаваць яму ногi, ня мог адвесьцi ад яго позiрку, бо мне здавалася, быццам я бачу разам зь iм i празь яго гаротную постаць рэбэ Ёшуа, i сказаў я: Значыцца, ты й ёсьць Бог?
Але Ён сказаў: Я ёсьць, хто Я ёсьць.
Ты цудоўны, о Госпадзе, сказаў я, як што Ты спачываеш у самiм Сабе, i я мог бы любiць Цябе.
Але ты сумняваешся ўва Мне i ў Маiм парадку, сказаў ён, хоць Я сяджу тут на Маiм троне й зьяўляюся жывым доказам богападабенства чалавека.
Госпадзе, сказаў я, я адкiнуты ад Цябе й я бяз улады. Тым ня меней я пытаюся ў Цябе: Што ёсьць сапраўднае, богападабенства чалавека альбо чалавекападабенства Бога?
I вось запахмурыўся лоб Ягоны, i сьвятло ўгары зацьмiлася, i анёлкi зь iх ружовымi галоўкамi й празрыстымi мiгатлiвымi крылцамi ўсхвалявна запырхалi вакол лесьвiцы, быццам яна павiнна была вось-вось правалiцца, i я баяўся за сваё пытаньне.
Але голас Бога ўзвысiўся i прагучаў зьменена, нават неяк як бы скрыпуча, i спытаўся: Цi яно так, цi яно гэтак, што абыходзiць табе, хто ёсьць меншы за пылiнку, зь якiх я стварыў чалавека?
Гэта ж супярэчнасьць, о Госпадзе, сказаў я, прагал у Тваiм парадку, зь якога сыпецца пясок.
I вось падышлi некаторыя з добрых анёлаў, з шырокiмi плячыма й дужымi рукамi й кулакамi, як у мясьнiка, i пастанавiлiся каля мяне. Але Бог кiўнуў iм, каб адышлiся ўбок, i спытаўся ў мяне: I многа такiх супярэчнасьцяў ты бачыш, Агасфэр?
I я глыбока пакланiўся i сказаў: О так, Госпадзе, iх шмат, i яны як соль у кашы й як дрожджы ў цесьце, i душа нашага гешэфту, Твайго й майго.
I Бог сказаў: Я стварыў цябе на другi дзень, i ня з пылу, як чалавека, а з агню й подыху бясконцасьцi. Але гэта зусiм не дае табе права на тваё жыдоўскае нахабства.
А я сказаў: Можна будзе яшчэ папытацца, Госпадзе. Ты адкiнуў мяне ў шосты дзень а трэцяй гадзiне й асудзiў мяне бадзяцца па глыбiнях аж да суднага дня, а пасьля падыходзiць Твой Сын па дарозе на Галгофу й праклiнае мяне таксама. Цi ж аднаго разу было мала? Альбо ж, калi ўжо Вы трыадзiныя, Ты й Твой Сын i Дух, пра якога мала гаворыцца, Ты думаеш, двайное больш надзейнае?
I вось падняўся Бог са свайго трона й падышоў да мяне, блiскучыя вочы, у гневе сваiм, як у славе, але я раскiнуў рукi, каб прыняць яго ў абдымкi, як той, хто любiць, бо я любiў яго сапраўды, i тут Ён нарэшце страцiў свой боскi спакой, i я дараваў бы яму, калi б ён пракляў мяне трэйцi раз. Але ён раптам павагаўся i ўсьмiхнуўся, а пасьля растварыўся ў паласу туману, i пасьля расплыўся, i толькi трон стаяў у сваёй пустой раскошасьцi.
Я ведаю, што я ведаю. I Бог ёсьць, што Ён ёсьць, i Яго парадак гэтак жа поўны супярэчнасьцяў, як i Ён сам.
Читать дальше