РАЗЬДЗЕЛ ЧАТЫРНАЦЦАТЫ
У якiм Вечны Жыд пасабляе шчасна памерцi аднаму купцу-хрысьцiянiну, даючы яму пэўнасьць
Каб толькi ён вярнуўся, думае хворы з палёгкай; пастар у сям'i куды лепей, чым лекар, лекар патрэбен толькi ў зямным жыцьцi, якое доўжыцца шэсьцьдзесят гадоў альбо, калi чалавеку пашанцуе, семдзесят, а пастар дапамагае дзеля вечнасьцi.
I ўсё-такi, думае хворы, такая вось штука са сьмерцю. Мы, думае ён, хто цэлы час вёў богабаязнае жыцьцё й слухаўся начальстваў i кожны па некалькi дзетак выпускаў ў сьвет зь вернай жонкай i нi зь якою iншаю бабаю, хто, як вядома, заўсёды трымаўся далей ад грахоўнай гардынi й пажадлiвасьцi, не мардаваў, ня краў i вёў свае гешэфты сумленна й непаквапiста, у строгай меры й паводле канонаў, - так i так шмат процантаў на капiтал, уключаючы рызыку - цi ж ня нам iсьцi насустрач сьмерцi ў суцешанасьцi, умацаванымi ў веры ў дабрашчаснасьць, якое мы спадобiмся.
Але разам з болем, якi зноў раскiдаецца па ўсiх грудзях, сэрца хворага точыць паняверка: як жа так, калi ўсё толькi чад i туман i чыстая прымара й калi ад чалавека не застаецца нiчога, толькi грудачка зямлi, зь якое мы зробленыя?
- А цi праўду-такi ведае чалавек пра душу? - кажа ён свайму сыну, якi край ложка сядзiць з пакутлiвай мiнай i замглёным позiркам. - Цi ведае хто, калi яе Бог удыхнуў у яго, а зараз яна павiнна вяртацца назад да свайго шчодрадаўцы, як пазычаны гульдэн? Цi бачыў хто калi яе, цi мацаў пальцамi? Праз якую дзiрку ў маёй сьмяротнай плоцi яна вышмульне, праз нос, праз рот, праз вуха цi, можа, праз што? I цi можа яно быць так, што я той, хто я быў, вось так вазьму i ўжо ня буду?
Сын кажа:
- Але напiсана, спадару тата, што Бог стварыў людзей для вечнага жыцьця.
Хворы лёгка стогне.
- Страх, - кажа ён, - у мяне страх перад Нiчым. Раней, пры папiстах, тады панаваў добры купецкi парадак: столькi а столькi срэбраных гамбургскiх пфенiгаў за столькi а столькi гадоў сьпiсаньня пякельнага агню й iншых плягаў, i ты адпушчаны самiм сьвятым Айцом. А цяпер, пасьля таго, як твой доктр Лютэр узьмяцежыўся супроць? Хто сёньня той, што дасьць мне адпушчэньне паперай зь пячаткай, хто запэўнiць, як яно пойдзе далей пасьля сьмерцi альбо ў дзень паўстаньня зь мёртвых, калi сатлелыя косткi зноў складуцца разам i адуховяць згнiлае цела, i мёртвыя вочы засьвецяцца зноў, каб сузiраць бляск i вялiкую лепнасьць? Хто гарантуе гэта, i якi жыд пазычыць мне на тое хоць адзiн заваляшчы зашмуляны грош?
Сын кажа:
- Але апостал Ян абвяшчае, што ўсе, хто верыць у Госпада, атрымаюць вечнае жыцьцё. Вы павiнны верыць, спадару тата.
Я паслаў хлопца вучыцца, думае хворы, ён павiнен вучыцца, растапырыўшы вушы, каб уведаць, як там яно з апошнiмi таемнасьцямi й неўмiручай душой; хто яшчэ павiнен у гэтым разьбiрацца, як ня вучоныя геры дактары зь Вiтэнбэрга? I што ж ён мне цяпер кажа, сам ходзячы ў магiстарстве й шукаючы царкоўнай службы, каб усю тую пачэрпнутую мудрасьць вытрасьцi на галовы грамадзян нашага горада? У што я павiнен верыць?
- Верыць, так, - кажа ён. - Але крэдыт, сынку, даецца толькi пад пэўнасьць. Чым жа можаш запэўнiць мяне ты?
Гэта ўжо пацэлена трапна. Наколькi юны магiстр, сын дома Айцэн, палатно й шэрсьць, разумее ў гандлi-шмандлi, дык гэта што той, каму залежыць на веры й вернасьцi, вельмi нават лёгка можа страцiць тавар i ўсю маёмасьць, яшчэ й штаны да таго ж. А яно як у гешэфце, так i ў рэлiгii.
- Вы абяцаеце нам вечнае жыцьцё, - кажа хворы. - Вы духоўныя айцы. Ах, як бы я хацеў прыняць яго й ахвяраваў бы за яго ўсё, i грошы й дабро, я на каленях папоўз бы да самага сабора сьв. Пятра, а геру галоўнаму пастару Эпiнусу пацалаваў бы край яго мантыi альбо й край тваёй. Але ж дзе яна, тая пэўнасьць?
Сын ведае многiя выслоўi зь Сьвятога Пiсаньня й зь iншых вучоных кнiг i мог бы файненька iх прамовiць, гэтаму ён навучаўся ў Пiлiпа Мэланхтона i ў добрага доктара Марцiнуса; але якая карысьць ад тых суцешлiвых слоў чалавеку, якi шэсьць разоў на тыдзень разгортвае разьлiковую канторскую кнiгу, а малiтоўнiк толькi раз i якi прывык узважваць Мець супраць Павiнен? Такому досыць жывога сьведкi, якi выказваецца надзейна, думае сын i адразу ўжо ведае, што гэтая думка даўно засела яму ў галаве; сьпяваньне меднага пеўня ў Гэльмштэце ўразiла яго да глыбiнi душы й мiтрэнжыла ўсю дарогу да самага Гамбурга, i ён разважае сам у сабе, што праклён, якi аднаго асуджае на векi вечныя, да вечнага ж дабраславеньня можа абярнуцца другому.
- Пэўнасьць, - кажа ён, - я хачу даць Вам пэўнасьць, спадару тата. Я хачу расказаць Вам пра жыда Агасфэра, якога я сустракаў шмат разоў, i як тры разы закукарэкаў певень на вежы кiрхi.
Читать дальше