Габрэй Агасфэр адмыслова
там правiў рамяство шаўцова,
меў лаўку, дом свой i машну.
Гасподзь падумаў: адпачну,
хоць дух траха перавяду
ў цяньку дзьвярэй, бо не дайду.
I тут, натоўп ахае як з адных грудзей, - той ужо стаiць каля прынцэсы, у сваiм заношаным лапсярдаку й круглай ярмолцы на галаве, такой самай фарбы, што i ў Госпада Iсуса на таблiцы й на вялiкай карцiне, дзе ён вiсiць на крыжы. Стаiць вось, як з каноплi выскачыўшы, не, думае Айцэн, - як зь пекла выскачыўшы, Вечны Агасфэр, якi ня можа нi адпачыць, нi памерцi, а павiнен бадзяцца па сьвеце ўдоўж i ўпоперак, у холад i ў сьпёку, угору праз горы i ўнiз праз пустынi, праз зарасьлi цярноўнiку й чартапалоху, па скалах i кручах, праз таросы й валуны, праз рэкi й моры, бясконца, бясконца, i восека ён ужо тут, на рынку ў Гэльмштэце, гатовы да пытаньняў i адказаў пра тое, як яно было насамрэч зь iм i нашым Госпадам Iсусам i чаму ён так жудасна пракляты.
- I тады кажа мне рабi, - гаворыць ён у цiшынi рыначнага пляца, - дазволь мне адпачыць, кажа ён, мне муляе ў плечы, гэта больш чым добрых трыста фунтаў, думаю я, i ўсё цьвёрдая драўнiна, з кантамi. Так, кажу я яму, муляе. А як ты сабе думаў, ня муляе нам ярмо, накладзенае на нас рымлянамi? Дазволь мне адпачыць, кажа ён, дарога тут угору камянiстая, а яны бiчавалi мяне. Так, кажу я яму, дарога камянiстая й крутая. А як ты сабе думаў, цi камянiстая, цi крутая дарога, якою iдзе народ Iзраiля? Дазволь мне адпачыць, прашу цябе, кажа ён, я павiнен сабрацца зь сiлаю, каб пайсьцi да майго бацькi на неба. I так кажу я яму, твайму бацьку на небе, хочаш...
- Утнi язык! Ня хлусi!
Айцэн жахаецца. Гэта ж ён сам крыкнуў, гэта ж ён сам i палохаецца, уцiскае галаву й хуценька азiраецца вакол сябе, цi не падыме хто кулака, каб учасаць яму ў пысак, з чаго чалавеку вялiкая шкода становiцца. Але людзi вакол яго, здаецца, гэтаксама спалохалiся, як i ён альбо як той жыд на памосьце, у якога слова пад грудзi падвярнула й засела ў горле, ледзь не ўдавiўся, - тыц-мыц, сказаць няма чаго, аж потам упацеў. I калi Айцэн бачыць, што нiхто яму не пярэчыць, нiхто не падымае на яго руку, больш за тое, усе вочы паставiлi на яго, вылупiлiся, як вырачкi якiя, быццам тут цудадзей ня жыд, а ён, i, набраўшыся адвагi, адчуваючы сябе ледзь ня блюзьнерам, ён кажа сабе, вось зараз пакажу таму жыду, набiрае паветра й крычыць на ўсе грудзi:
- Усё гэта бздуры й балбатня, усё гэта чмур, падман i круцельства! Так улоўлiваюць дурную сьмердзь i выцягваюць з кiшэняў грошы, а ня геры студэнты й дактары й шаноўныя грамадзяне Гэльмштэта! Ён не Агасфэр i нiколi ня бачыў нашага Госпада Iсуса Хрыста, нават ценю яго валасiнкi ня бачыў! Ён жыд Ахаў, якога я сустракаў у Вiтэнбэргу, як ён тады там пачукваў на каленях фраў прынцэсу, а сам думае, што тут можа на дурнiцу купiць сумленных хрысьцiян.
Падымаецца гнеўнае вурчаньне, i Айцэн ведае, супроць каго яно, супроць жыдоў, ня супроць яго, вурчаньне мацнее, робiцца ўсё больш пагрозьлiвым, i Айцэн чакае, што яму адкажа жыд, цi не зарве яму назусiм, i разважае сабе, як даказаць красунi Гэлене, што яна павiнна вышчамiцца з гэтага памоста й працiснуцца да яго, пад ягоную аслону, але не знаходзiць спосабу гэта зрабiць. I вось тут якраз каля яго азываецца ягоны сябар Лёйхтэнтрагер i так дзiўна глядзiць на яго i, скрывiўшы рот, сьмяецца й кажа:
- Ну ж, уцiнай далей Паўль, брава, Бог табе сплацiць, калi яны кiнуцца-рынуцца на жыда й разьдзяруць яго разам з прынцэсай Трапезундзкай.
Тым часам неба пацямнела, завалаклося чорнымi хмарамi, што насунулiся справа й зьлева, i толькi паласа сьвятла яшчэ заставалася пасярэдзiне, дзе якраз стаiць жыд, а за iм вялiкi партрэт рыжага ўкрыжаванца, як ён там вiсiць памiж шахраяў, а яшчэ далей ззаду высокая вежа кiрхi з вострым дахам i залатым пеўнiкам-флюгерам наверсе. Сяму-таму робiцца вусьцiшна, i ён думае, што вось зараз настане божая кара таму, хто тут, над душою стоячы, гаварыў падлыжна, жыду зь ягонай прынцэсай цi маладому чалавеку ў магiстарскай шапачцы зь першага раду.
Але жыд, як прарок, уздымае рукi. Апошнi гул галасоў ацiхае. Вочы ў жыда, як два каменьчыкi, блiскуча-шэрыя i цьвёрдыя, i ён кажа:
- I будзе калi-небудзь нехта ашуканы кiмсьцi, хто лепш абазнаны. А я кажу вам, сапраўды, я Вечны Жыд, завуся Агасфэрам, i пракляты нашым рабi, бо я прагнаў яго ад сваiх дзьвярэй, калi ён хацеў адпачыць у мяне ад цяжару крыжа, i калi гэта чыстая праўда, дык той залаты певень угары на вежы тры разы кукарэкне, перш чым усмалiць першая божая маланка.
Айцэн ведае, што цяпер яму трэба на поўнае горла зарагатаць, каб усе чулi й каб паламалася вядзьмарства; певень на шпiцы вежы мог паказваць надвор'е, але каб на кукарэкi ўспасобiцца, - яшчэ ў нiводнага пеўня-флюгера ня было такога горла й сапраўднай дзюбы. Ён азiраецца на свайго сябра Лёйхтэнтрагера й шукае ў ягоных вачах i на твары запэўненьня, вядома, певень ёсьць певень, а бляха ёсьць бляха; але той падымае руку да вуха й кажа:
Читать дальше