- Ну, - кажа дэкан, - вы гатовы, гер кандыдат?
- У iмя бога, - кажа юны Айцэн i адчувае, як расплываюцца ўсе ягоныя веды, акурат як воблачка дыму ў паветры, i ў поўнай роспачы азiраецца, цi няма, калi ўжо не анёла-збаўцы, дык хоць бы Лёйхтэнтрагера недзе паблiзу.
- Малады чалавек, - кажа доктар Марцiнус, фiксуючы яго сваiм адзiным здаровым вокам, - а цi не далажылi б вы нам ласкава, што вы ведаеце пра сьвятых анёлаў i iх сутнасьць. Такi так яно, думае Айцэн, правiльна напрарочыў Лёйхтэнтрагер, i ня будзе ён мне служыцца больш году, i з Маргрыт нiчога ня выйдзе. I апрача гэтага нiякiх больш думак, i ня ведае, што ён там мае сказаць герству дактарам i прафэсарам на прадмет анёлаў i iх сутнасьцi, i жаласна мармыча нешта й перамiнаецца з нагi на нагу, быццам якраз ужо стаiць на распаленай да чырвонага патэльнi над пякельным агнём.
- Гер кандыдат! - напамiнае яму доктар Марцiнус. - Анёлы!
I тут, калi ўжо хацеў быў бегчы з вачэй людзкiх куды вочы глядзяць у поўнай ганьбе, раптам бачыць Лёйхтэнтрагера, i раптам кандыдату Айцэну робiцца так дзiўна ў галаве, - i быцам пасыпалiся яму iскры на лоб, i ён падымае галаву, словы самыя па сабе пачалi гаварыцца зь яго, сам ня ведае, адкуль, i ён дэкламуе:
- Angeli sunt spiritus finiti, з духоўнай субстанцыi, лiкам канечныя, створаныя Богам, надзеленыя розумам, а таксама свабоднай воляй i прызначаныя руплiва служыць Богу. Iх атрыбуты суць ad primum негатыўныя: indivisibilitas, бо яны не скампанаваныя з часьцiнак, а ёсьць адна суцэльнасьць; invisibilitas, бо iхняя субстанцыя нябачная; immutabilitas, бо яны не растуць i не памяншаюцца; incorruptibilitas, бо яны несьмяротныя; i illocalitas, бо яны ўсюды й нiдзе. Ad secundum...
Айцэн бачыць, як расхлябенiлася пашча ў доктара Марцiнуса й як вылупiў вочы магiстр Мэланхтон, чуючы такое вучонае словацечыва, але дух, якi найшоў на яго, парывае яго за сабою, i ён паведамляе ad secundum, пра афiрматыўныя якасьцi анёлаў, нiбыта гэта былi iхнiя vis intellectiva, бо яны адораныя разуменьнем, iхнiя voluntatis libertas, бо ў iх ёсьць сiла i на добрае й на благое, iх facultas loquendi, бо яны часта гавораць зь людзьмi, як памiж сабою, далей iх potentia, якая, хоць i mirabilia, але цудоўная, бо не miracula, г.зн. не як цуд; а пасьля, паколькi iх duratio aeviterna, трэба ўзяць пад увагу, не aeterna, iнакш бо яны былi б непераходнымi, але ня вечнымi, бо мелi пачатак; i нарэшце яны валодалi б ubietatem definitivam, адназначным месцам жыхарства, i agilitatem summam, бо яны з найвялiкшай рухавасьцю паяўляюцца то тут, то там.
Аж дасюль хапiла дыханьня кандыдату Айцэну, а цяпер трэба было перавесьцi дух i набраць паветра, як, зрэшты, i герству экзаменатарам i тым, што з гарадзкое рады, i тым, што з курфюрставай управы, якiя ўсе яшчэ нiколi ня чулi на экзаменацыйных выспытках такiх абшырных да найдрабнейшых драбнiц дакладных адказаў i, натуральна, былi ўражаныя перажытым. А студэнты, якiя ня дужа шмат чаго чакалi ад Айцэна, затупаталi нагамi, загрукаталi кулакамi па сталах, а ў iх гэта такi звычай, што гер дэкан пачаў пабойвацца за сьцены i рухомасьць. Толькi Лёйхтэнтрагер робiць твар, быццам для яго гэта чыстая будзёншчына, крыху прыўзьнiмае гарбок, i Айцэн адчувае, як яго забiрае зноў i што ён павiнен гаварыць далей, як колiсь прарокi, зь языка, толькi ня ведае, цi ягоны язык ад Бога цi ад чаго яшчэ.
- Angeli boni sunt, - кажа ён, - qui in sapientia et sanctitae perstiterunt, - якiя, такiм чынам, стаяць на сваiм у мудрасьцi й сьвятасьцi, так што яны, несапсаваныя грахамi, маглi б малiцца Богу й жыць зь яго вечных шчадротаў. Частка гэтых добрых анёлаў цяпер вызначана на службу Богу й Хрысту, а другая частка дбае й рачыць за ацаленьне людзей. Такога роду анёлы служаць асобным пабожнiкам, ад маленства да iх пачэснай сьмерцi, i яны, як гэта лёгка ўбачыць кожны разумны, асаблiва адказныя за прапаведнiкаў сьвятога слова.
Пры гэтым юны Айцэн кiдае позiрк поўны значэньня на Лютэра й свайго добрага настаўнiка Мэланхтона, пасьля чаго паварочваецца да герства з рады й службоўцаў курфюрста i ўзьнёслым голасам працягвае:
- Але яны таксама абавязаныя сваёй палiтычнай прызначанасьцi, яны падначаленыя палiтычным законам, падтрымлiваюць слуг начальстваў, абараняюць iх ад несправядлiвасьцi ворагаў!
Тут, вядома ж, самае натуральнае, што герства з рады й герства ад курфюрства кiваюць i мармычуць, i шмат у каго зь iх прыкметнае адчуваньне, што прыстаўлены да iх з вышнiх сфэраў ахавальнiк-анёл стаiць за сьпiнай, заглядвае праз плячо й кажа, кажучы: Тут я, тут, гер Першы Сакратарыус.
Пры такiм узьдзеяньнi яго слоў ня дзiва, што кандыдат Айцэн ўсё больш i больш натхняецца й апiсвае, як добрыя анёлы дакладаюцца дапамогай i ў гасадарцы, падтрымлiваючы гешэфты пабожнiкаў, i вядуць да добрых удачаў, i ў сем'ях, абараняючы iх i падтрымлiваючы ў iх парадак, бо сям'я ж у малым тое самае, што дзяржава ў вялiкiм. Аднак in summa ўсё гэта, заяўляе ён, толькi рrаeparatio для iх задач на Страшны суд, дзе добрыя анёлы маюць падрыхтаваць судовы вырак Хрыста, служачы там у якасьцi асэсараў i аддзяляючы пабожных ад бязбожных, пабожных на правы бок на iх будучае месца праваруч Хрыста, а бязбожнiкаў страмотыч унiз у пекла. Таму належыць кожнаму, каб мы ўсхвалялi анёлаў i любiлi й асьцерагалiся сустракацца зь iмi пры iх благаслаўнай дзейнасьцi; пасылаць малiтвы да iх - нягожа.
Читать дальше