Чаму, зрэшты, пытаюся я ў сябе, шаноўны гер калега, Вам не пагадзiцца з думкай, што Вечны Жыд мог быць realiter? Калi адно толькi дапусцiць, што яго наяўнасць магла б быць натуральным феноменам, як з'ява адразу трацiць характар Божага цуду (у хрысцiян), што Вы, натуральна, павiнны адмаўляць, а значыцца, i не можаце выкарыстоўваць ў якасцi доказу боскасцi.
Аддаю сябе ў поўнае Ваша распараджэнне што да далейшых даведак, наколькi яны могуць быць Вам прыдатныя, i застаюся з прывiтаннямi
Ваш адданы калега
Ёханаан Лёйхтэнтрагер
Hebrew University
Jerusalem
Таварышу
праф. д-ру Dr. h. c. Зiгфрыду Байфусу
Iнстытут навуковага атэiзму
Бэрэнштрасэ 39а
108 Берлiн
12 лютага 1980
Дарагi таварыш Байфус!
Пасля азнаямлення з Тваёй карэспандэнцыяй з праф. Лёйхтэнтрагерам з Яўрэйскага ўнiверсiтэта ў Ерусалiме мы даручаем Табе працягваць перапiску. Пры гэтым належыць паказаць вялiкую прынцыповую цвёрдасць i паслядоўна прадстаўляць нашыя навукова распрацаваныя i правераныя жыццём пазiцыi. Там, дзе прадстаўляецца магчымасць, трэба таксама адзначаць ролю дзяржавы Iзраiль як фарпосту iмперыялiзму супроць нашых арабскiх сяброў, якiя змагаюцца за сваю свабоду.
З кампетэнтнымi органамi ўзгоднена.
З сацыялiстычным прывiтаннем
Вюрцнер
кiраўнiк галоўнага аддзела,
Мiнiстэрства вышэйшай i прафесiйнай школьнай адукацыi
Геру
праф. Ёханаану Лёйхтэнтрагеру
Hebrew University
Jerusalem
Israel
14 лютага 1980
Дарагi, паважаны гер калега!
Ваша сяброўскае пiсьмо ад 31 студзеня разам з дадаткам я атрымаў i, з прычыны ўсеагульнай цiкавасцi да яго зместу, гэтым разам таксама правёў узгадненне з маiм калектывам.
Вы пытаецеся, i гэта ўяўляецца мне цэнтральным пунктам Вашага пiсьма, чаму я, г.зн. мы тут у нашым iнстытуце, нiяк не можам пагадзiцца з думкай пра рэальна iснуючага Агасфера, i вы спрабуеце нават, каб запабегчы нашым цяжкасцям, заакцэнтаваць гэтую думку, дадаючы, што вера ў iснаванне Вечнага Жыда не азначае веры ў якiя-небудзь цуды.
Я хацеў бы прынцыпова запэўнiць Вас, што мы ў ГДР наогул не верым у цуды, гэтаксама як i ў духаў, зданяў, анёлаў альбо чарцей. Прызнаць незвычайную доўгажыццёвасць гера Агасфера за факт, азначала б паверыць не толькi ў гэты цуд, але i ў Iсуса, якi нiбыта наканаваў яўрэю заставацца ў жыццi i вандраваць, не маючы спачыну, пакуль ён, Сын Бога, не вернецца i не ўчынiць суд. Як навуковец, вельмi паважаны гер калега, Вы не можаце не згадзiцца з намi, што падобная тэза беспадстаўная.
Што да Вашага доказнага матэрыялу, якi Вы, за што мы Вам шчыра ўдзячныя, прадставiлi нам. Тры фота, гэта Вы прызнаяце, даказваюць сама большае тое, што ў Вас ёсць альбо быў чалавек, знешнасць якога аналагiчная знешнасцi асобы, якая дазволiла зафiксаваць сябе на фоне шавецкай майстэрнi.
Медыцынскiя заключэннi, якiя я дадаткова прад'явiў калектыву ўрачоў Charite, мясцовай унiверсiтэцкай клiнiкi, гэта што заўгодна толькi не доказ вялiкага ўзросту Вашага Агасфера; Вашыя ўласныя, iзраiльскiя ўрачы даюць яму, як Вы кажаце, не больш за сорак гадоў. Толькi аналiз крывi, лiчаць у Charite, гаворыць на карысць Вашага сцверджання, калi не, на што звярнуў маю ўвагу гематолаг прафесар Леапольд Зёнляйн, на карысць толькi магчымасцi, бадай, нават верагоднасцi таго, што расцэненыя Вамi як важнае сведчанне сляды элементаў у крывi абследаванага маглi быць занесеныя ў арганiзм з нейкiмi раслiннымi рэчывамi i шлюзаваныя праз страўнiкава-кiшэчны тракт у кроў.
Я пiшу Вам пра ўсё гэта не з якогась недаверу да Вашага сябра Агасфера альбо ўвогуле да Вас, дарагi гер калега; маiм супрацоўнiкам i мне больш важная навуковая доказная сiла Вашых дадзеных, якая ў выпадку з трыма фотаздымкамi i ўрачэбнымi заключэннямi роўная нулю. Вы апынулiся ў становiшчы, аналагiчным таму, у якiм сваiм часам апынуўся папа Пiй ХII, якi ў сваёй энцыклiцы "Доказы боскасцi ў святле найноўшай прыродазнаўчай навукi" з факту так званага зруху чырвонага колеру ў спектры пазагалактычнай зорнай сiстэмы зрабiў выснову аб пра-выбуху, а з гэтага - пра акт тварэння, а пасля i пра самога творцу. Пры гэтым зрух чырвонага колеру не абавязкова павiнен азначаць бег зорнай сiстэмы ад цэнтра, гэты ўцечны рух, як лiчыць прафесар Фройндлiх, можа грунтавацца i на страце энергii. Справа тут, такiм чынам, якраз як i ў выпадку са слядамi элементаў у крывi гера Агасфера, у неасветленасцi навуковай праблемы, якая, калi б яна ў вынiку аказалася важнай, несумненна будзе вырашана чалавекам. Але дыялектычны матэрыялiзм адхiляе любыя спробы грунтаваць фiласофскiя высновы на пакуль што цалкам навукова-спрэчных гiпотэзах.
Читать дальше