I пакуль ён так наракае, поўны неспакою i лiхой згрызоты сэрца, бачыць, начная цемра пачынае мiльгацець, i адчувае, - у пакоi нехта праступае зь ценю.
- Нiчога табе ўжо не дапаможа, - кажа Лёйхтэнтрагер, бо гэта ён, якi раптам набывае абрысы й стаiць перад iм, - i ўся твая чытанiна й вучанiна й зубранiна проста нонсэнс, альбо ты ўведаеш, калi прыйдзе на тое час i яны спытаюцца ў цябе, альбо ты не даведаешся, i будзе самае лепшае на поўны язык заявiць, што ўся тэалогiя гэта толькi пустая слоўная малатарня, i што заўсёды на ўсё знойдзецца нейкае выслоўе.
Юны Айцэн лепш за ўсё пракляў бы яго, але гэтага ён ня робiць, бо няма тут нiкога iншага на добрае настаўленьне.
- У маiм мазгу неразьбярыха, - скардзiцца ён, - быццам там тысяча чарвякоў, i ўсе зьвiваюцца, пераплятаюцца; чорт прыбраў мае мазгi й усё ў iх перакруцiў.
- Чорту, - кажа Лёйхтэнтрагер, - ёсьць чым заняцца й без тваiх мазгоў. Але ўсё ж я табе пасоблю.
- Пасобiш, - сказаў Айцэн, - як пасобiў з Маргрыт, калi ў цябе на вачах пырх! - i паляцела з тым жыдам.
- Ты не хацеў, каб я пасабляў, - кажа Лёйхтэнтрагер, - iнакш усё абярнулася б зусiм iнакш; але жыд, скажу табе, - што трэба.
- Мне хацелася б ведаць, - кажа Айцэн, - як ты зьбiраешся дапамагчы мне, калi я стаяцьму перад доктарам Марцiнусам i магiстрам Мэланхтонам?
- Я буду там, - кажа Лёйхтэнтрагер.
- Вялiкая мне радасьць, - кажа Айцэн. - I будзеш адказваць замест мяне?
- Я буду там, - кажа Лёйхтэнтрагер, - а адказвацьмеш ты.
- Ты можаш ведаць адказы ў калодзе картаў, - кажа Айцэн, - якая нездарма ж называецца чортавым малiтоўнiкам. Але як ты акажаш сябе ў божым вучэньнi, калi нават я ня ведаю нi пачаткаў яго нi канчаткаў, i лепей бы мне ўзьнесьцiся ў нябёсы на вогненнай калясьнiцы, як прарок Iльля, чым заўтра валачыся ў унiвэрсытэт.
- Я ведаю, пра што яны ў цябе папытаюцца, - кажа Лёйхтэнтрагер.
- Як гэта? - сумняваецца юны Айцэн. - Яны трымаюць гэта ў вялiкай таямнiцы, iнакш хто хоч мог бы прыйсьцi й праэкзаменавацца, i доктарскiя шапкi йшлi б па грош за тузiн.
- Але я ведаю, - кажа Лейхтэнтрагер, - i магу пабiцца з табою ў заклад: калi тое, што я кажу табе, няпраўда i ў цябе заўтра папытаюцца нешта iншае, дык я буду табе слугою больш года, i ты спагонiш зь мяне па ўсёй поўнiцы.
- I Маргрыт?
- I Маргрыт.
Юны Айцэн палохаецца, а раптам спраўдзiцца сябрава прароцтва, альбо што Лютэр цi настаўнiк Мэланхтон прагаварылiся ў яго прысутнасьцi, i пытаецца:
- А чым жа я сплачу, як прайграю?
- Нiчым, - кажа Лёйхтэнтрагер, - так i так я спаганю зь цябе, што мне трэба.
Юнаму Айцэну дастае ў самую душу, што не, ня можа ён быць глiнай у руках такога творцы й што Лёйхтэнтрагер ведае пра гэта; але цяпер яму ўсё-такi карцiць пачуць, па якой тэме ён будзе заўтра апытаны, бо ў такiм разе яшчэ можна было б падналегчы й сёе-тое падагнаць.
- Яны будуць экзаменаваць цябе па анёлах, - кажа яму Лёйхтэнтрагер, - а якраз бо пра iх я ведаю больш, чым твой доктар Лютэр, твой магiстр Мэланхтон i ўся ўнiверсiтэцкая прафэсура ўсiм кагалам.
- Але ня я, - стогне Айцэн, шукаючы сярод кнiг на стале й хапаючы нарэшце сьвятога Аўгусьцiна: можа, ў яго што-небудзь падбярэцца.
Але сябар кладзе яму руку на плячо й кажа:
- Калi нават вызубрыш усяго Аўгусьцiна й дзевяцьсот дзевяноста дзевяць разоў па тысячы iмёны анёлаў у дадатак, што табе гэта дасьць, калi заўтра нiчога ў галаву не заскочыць? Давай лепш вып'ем.
Тут забiрае юнага Айцэна поўны адчай, i ён думае, што так i гэтак прапаў, i калi пацьвердзiцца, што доктар Марцiнус i настаўнiк Мэланхтон пройдуцца зь iм па анёлах, дык сама лепш бы яму хай да Бога ў вышнiя, хай да д'ябла ў нiжнiя. I ён тупае за сябрам унiз па лесьвiцы й бачыць, што ў пакоi ўжо чакаюць пляшкi зь цёмначырвоным, iскрыстым, i ён зноў бачыць Маргрыт, як яна сядзiць на каленях у жыда, i яму адразу загарчэла ў роце, i ён думае, што а няхай бы яна лепей сканала, чым цiскацца з гэтым жыдам, i сам палохаецца такiх грэшных подумак.
- Пi! - кажа Лёйхтэнтрагер. - За ўсiх любенькiх анёлкаў!
Айцэн п'е за любенькiх. I на сэрцы робiцца так лагодна й так лёгка на душы, што ён зусiм не заўважае, як яны адкаркоўваюць пляшку за пляшкай, пакуль сам ня падае на грудзi Лёйхтэнтрагеру i ўжо больш нiчога не валачэ.
На ранiцу, яшчэ зь вiнным чадам у галаве, ён брыдзе ў унiвэрсытэт, папярэдне марна прагукаўшы сябра, якi павiнен быў дапамагчы яму ў ягонай экзаменацыйнай плязе; але таго анi сьледу анi ценю, нi ў доме нi на дварэ. I вось ён нарэшце стаiць ва ўрачыстай зале, увесь у страху й трывожнай немарачы, зьлева й справа й за iм сьвятарства й з гарадзкое рады, а з курфюрставай управы нехта з пазалочаным ланцугом на шыi, а таксама студэнты й ўсякая iншая навалач, а перад iм герства экзаменатары, пасярэдзiне ягоны настаўнiк Мэланхтон i вялiзазны доктар Лютэр, абодва ў мантыях; але яму здаецца, быццам гэта два каты зь сякерамi пад вопраткай, быццам ён бачыць, як незычлiва яны разглядваюць яго, яго засьлёзьленыя вочы й раскудлачаныя валасы, як магiстр Мэланхтон трымае пад носам хустачку, бо ў кандыдата Паўлюса патыхае сьмярдзючым перагарам з пашчы.
Читать дальше