Якія святыя былі бацькі, якія прачыстыя былі нашыя Жлобаўцы, якія адныя, здаецца, маглі б залячыць сяння гэтыя раны, але там страшна пуста, і толькі галасы замучаных стогнуць з вятрамі ноччу... За што? За што? Чаму так страшна азвярэлі людзі? Няўжо навечна? Няўжо гэта той народ наш, за які так спакойна я йшла на мучэнні? Што яны будуць рабіць, калі «прачнецца Бог» і ўзварушыцца іхняе сумленне? Як хочацца бачыць чалавека, які не даносіць, які не жадае зла, не падыходзіць да нас з бруднымі думкамі ўнізіць нас, ашукаць ці данесці на нас. Калі на чалавека дзесяць гадоў гаварыць, што ён сабака, дык на адзінаццаты год ён будзе бегаць на чатырох і забрэша. Гэта да нас застасавалі такі метад, бо такіх сільных яшчэ не бачылі. «Бо нішто вас не можа зламаць»,— сказаў мне адзін праўдзівы, хоць іхні, чалавек, які не адзін камень шпурнуў у наш бок, але пасля адумаўся, убачыўшы кроў...
У культурных народаў ёсць ахова жывёлаў, звяроў і, напэўна, ахова старых дзеячоў і паэтаў, аддаўшых жыццё сваё змаганню й цярпенню за свой народ. Няўжо такія глухія былі, калі вывозілі братоў іхніх у Сібір ці Казахстан? Няўжо так абыякава ці варожа глядзелі на тысячы яўрэяў, якіх, безабаронных, вялі жывымі ў супольную яму? Няўжо не рэагавалі, калі вораг расстрэльваў і спальваў цэлыя вёскі? Людзі ж за маладосці мае былі літасцівыя, спагадлівыя ў няшчасці; з чаго атупелі, што іх змяніла, навучыла думаць аб сабе, толькі аб тэлевізарах і мэблях, аб «каврах» і матацыклах, а дзе ж сумленне? Калісьці людзі шарахаліся ад тых, у каго чалавечая, нявінная кроў на руках, у каго на сумленні людскія слёзы, а сяння — гэта «героі», настаўнікі для моладзьі, узор для грамадства... Як акрэсліць цяпер паняцце — чалавек? Што рабілі б такія, каб іх усадзіў у адну яму, як ёсць у Васіля Быкава [84] Быкаў Васіль (1924–2003) — пісьменнік і грамадскі дзеяч, народны пісьменнік Беларусі (1980), Герой сацыялістычнай працы (1984), лаўрэат Дзяржаўнай (1974) і Ленінскай (1986) прэмій СССР.
? Як яны б захоўваліся да сябе ўзаемна ў абліччы небяспекі? — баюся думаць. Можа, і за акіянам бываюць такія без душныя, глухія на мучэнні людзей, але там ёсць, напэўна ёсць, і сапраўдныя хрысціяне й місіянеры, і арганізацыі абароны правоў чалавека, і людзі да іх прыслухоўваюцца. А тут адзіны інтарэс да грамадзян: працуй, працуй і яшчэ раз працуй і ні аб чым не пытайся, а калі загадаюць табе, дык ідзі на смерць, барані свае путы... Жудасна.
Адбілася я моцна ад тэмы. Казалі ў Празе, што я шчаслівы чалавек, бо ў мяне ўсяго адзін вораг — Ермачэнка. Так, ён пра нас не забыўся. Перад усім, ад’язджаючы ў Менск, ён пакінуў нам з Бакачом Камітэт. Смешна было, увесььь архіў Камітэту: пратакол залажэння арганізацыі, нашыя анкеты, пратаколы сходаў — усё згінула. Проста згінула, і не пытайцеся! Гэты архіў толькі паказаў мне Коган на следстве ў Менску, ды як! У Львове, калі мы чакалі разам, я ўгаварыла майго мужа, каб ён нічога не ўспамінаў пра Пражскі камітэт, няхай ужо я за гэта адказваю, а іначай у яго застаецца толькі тое, што па мабілізацыі яго паслалі на ўсход, а на гэта ёсць усюды і доказы, і паперы. Бедны мой муж маўчаў, як сцяна! Яго далі ў нейкую буду ў той клятай «амерыканцы» менскай, дзе можна было толькі стаяць, дый то ў вадзе. Вось ён тыдзень так стаяў, у вадзе, без ежы. Кажа цяпер, што спяваў песні... Стаяў, ажно спух, ногі, як бярвенні... Вось тады й кажа мне Коган: «А чаму ваш муж не прызнаецца да Пражскага камітэту?» — «Ах, — кажу, падумаўшы найгоршае, — гэта я яго так навучыла, бо ў мяне віны тут ніякай, а ў яго дык зусім няма». А на сцяне кроў распырсканая, я так і замерла... «А вы яму паказвалі архіў?» — пытаюся. «Нет, я его показывал только вам...» — «Ну, дык пакажэце яго і яму...» Вось тады толькі нехрыст выпусціў Яначку. Я мацнейшая і фізічна, і духова, дык увесььь час старалася нейк яго загарадзіць, я й хлеб яму аддавала, і ўсё, што было лепшае, і так вось яму, не хочучы, «дагадзіла»...
Дык вось, Ермачэнка падае немцам спісак, каму яшчэ ехаць на Беларусь, уключае толькі лекараў, бо, мусіць, другіх асоб было нельга. Колькасць даволі вялікая, але сярод іх і маё імя! Вось тут і пачаўся перапалох! Усе лёталі, шукалі дапамогі, не шкадавалі грошай, а ў нас ні грошай, ні грамадзянства нават, ніякае дапамогі! Вось тады мы й пастанавілі схадзіць да Піпэраў. Што ж, нас прынялі вельмі ветліва, але Піпэр — немец і адказны за гэта, бо ён як міністар аховы здароўя. Але бачу, што вельмі яму хочацца нам памагчы. Перад усім ён адразу сказаў: «Вас, фрау Геніюш, я абараню, бо вы не лекар і няма чаго там рабіць, гэта тут нешта нячэснае, а вось дваіх абараніць — гэта я ніяк не магу. Пакуль, доктар, едзьце, а там будзем бачыць».
Читать дальше