Што ж было мне рабіць? Лісты да мужа йшлі доўга, праходзілі праз строгую цэнзуру. Яшчэ восьенню я ледзь вывернулася з чарговай лавушкі. Муж мне прыслаў выклік, каб з сынам прыехала да яго ў госці. Я заўважыла, што ў гэтым былі вельмі зацікаўленыя Ермачэнка й яго жонка. Ермачэнка не вельмі добра высказваўся аб мужу: не падабалася яму, што муж, паводле ягоных слоў, замнога гаворыць, непатрэбнае піша дамоў. Што ён такога пісаў, я ўжо не памятаю. Абое Ермачэнкі ў адзін голас гаварылі мне аб нявернасці майго мужа й каб я да яго неадкладна ехала, каб захаваць сям’ю. Яны мне казалі, што муж завёў сабе проста гарэм! Я ведала, што на такое можна было ўзяць любую агранічаную бабку, зайздрасць асляпляе. Пра гарэм, але ў адносінах да самога Ермачэнкі, прабіліся ўжо весткі праз Варшаву ў Прагу, дык чаму ж сама Ермачэнчыха не збіралася ў дарогу, а, розна палохаючы, выпраўляла мяне? Аднойчы, калі ён прыехаў, дык прывёз мне ад Янкі ліста, у якім той прасіў чайнік, лекаў і другія драбніцы. Аддаючы мне ліста, Іван Абрамавіч папрасіў, каб я напісала верш у яго гонар. Кажу, што магу яму напісаць толькі памфлет. «Дарма, дарма, Ларыса Антонаўна, а вашае фота стаіць у мяне на століку». Я яму сваёй фатаграфіі не давала. Мне казалі прынесці рэчы мужу вечарам. Было там некалькі асоб і, як на ваенны час, багатая вячэра, калі я прыйшла. Што ж, запрасілі й мяне. Я выпіла крыху віна, з’ела кавалачак кураняці з каляф’ёрам. Памятаю гэта таму, што вячэру гэтую я ледзь не заплаціла жыццём. Гутарка была дзіўнай. Усе яны моцна пачалі выступаць супраць непрысутнага Бакача. Выразна нічога не гаварылі, але можна было думаць, што яму нешта грозіць. Я выразіла сваё здзіўленне й папрасіла пры мне гэтага чалавека не ганьбіць... Было позна, калі мы выйшлі ад іх. Адзін чалавек, якога не хачу называць, ахвяраваўся мяне праводзіць дамоў. Я з абурэннем адкінула гэта і, са злосці забыўшыся пра страх, бегла праз Прагу дамоў, бо трамваі ўжо не хадзілі. Сяброў у мяне не было, гэта я пазнавала з вялікім сумам. А дзядзька Васіль з паняй Крэчэўскай жылі за Прагаю.
І вось я атрымоўваю лісты ад мужа, каб да яго прыехаць. Мне гэта не падабалася, але я пачала збірацца. Рабіць гэта трэба было праз гестапа, куды я занесла патрэбныя дадзеныя. Паперы гэтыя й розныя даведкі я мусяла некалькі разоў дапаўняць. Нарэшце, пасля некалькіх тыдняў, а мо й болей, мне сказалі прыйсці па пашпарт. Мы пайшлі разам з Юрачкам, з сынам мне было бяспечней. У пакой, дзе сядзела ля стала поўна людзей, Юрачку не пусцілі. Настрой быў вельмі напружаны, на мяне пільна ўглядаліся з усіх бакоў. Нарэшце сказалі мне, што даюць мне дазвол на паездку ў Слонім, куды ўжо перавялі мужа з клінікі на абласнога лекара, але толькі ў адзін бок. Я смела сказала, што такое не прыйдзе ва ўвагу, на такіх варунках я не паеду. Мне груба сказалі, што чаму ж я ім дурыла галаву й што я там на месцы дастану дазвол, каб ехаць назад. За дзвярыма чакала на мяне маё дзіця, і дух мне заняло, калі я ўсведаміла сабе, куды я яго, абаронцу майго маленькага, з сабою ўзяла.
Назаўтра я дала тэлеграму бацькам мужа ў Зэльве: што мне рабіць? Яны тэлефанавалі Яначцы й тэлеграфавалі мне, каб на такіх варунках нікуды не ехала. Я лічыла, што мне пашыхавала, што гэта была лавушка. Божа мой, што б было? Як мы пасля ўдакладнілі, дык у час, калі мы з Юрам меліся прыехаць у Слонім, там была жудасная аблава, дзе не пыталіся, хто адкуль, а толькі забівалі каго папала. Тады загінула жонка Гальяша Леўчыка [89] Леўчык Гальяш (сапр. Ляўковіч ; 1880–1944) — паэт і бібліяфіл.
. Дык пасля тае вячэры ў Ермачэнкі мяне схапілі жудасныя ваніты, жаўцізна й слабасць. Мяне ледзь выратавалі, паласкалі страўнік, некалькі дзён я не ўставала з ложка, а цяпер зноў такое... Быць паэтам знача не толькі любоў зняволеных землякоў, але й помста сільных ворагаў нашай зямлі й свабоды. Нечаму мне прыпомніўся допыт Когана многа пазней у Менску й дакор, чаму я не прыехала за акупацыі ў Менск, што я шмат дапамагла б партызанам. Нічога я ім не памагла б, паэты не забіваюць, паэты не забываюць крывавага...
Вельмі спагадліва аднесліся да мяне Піпэры. Яны былі супраць якога-кольвек майго выезду з Прагі. І вось зноў мяне змушаюць выехаць, і што ім трэба? У Ермачэнкі былі вялікія багатыя апартаменты ў сярэдзіне Прагі. Сам ён не працаваў, яго кабінет вёў нейкі расеец, а ля дзвярэй стаяў такі дзяржыморда, што калі ён не адчыніць дзвярэй, то нельга было выбрацца на вонак. Гэта ўсім было вельмі загадкава. Ермачэнка назначыў дзень і гадзіну мае гатовасці з ім ехаць. Я дала тэлеграму Абрамчыку, каб ратаваў мяне, і зноў пайшла з просьбаю да Піпэраў, якія вельмі праняліся маім лёсам. Што рабіў у гэтай справе Піпэр, я не ведаю, але ён мне сказаў, каб я перад тым, як ісці да Ермачэнкі, пайшла да гестапа й папыталася, чаму, калі мне забралі мужа, грозяць мяне пасадзіць у Асвенцім [90] Асвенцым — канцэнтрацыйны лагер і лагер смерці, створаны фашыстамі падчас Другой сусветнай вайны на поўдні Польшчы.
, каб болей нічога не казала. Я так і зрабіла. Мне сказалі, што мяне не пашлюць у Асвенцім і што, калі я не хачу, дык ніхто мяне не мусіць сілаю везці і ў Менск... А я, як цыбуля, надзела на сябе тры пары бялізны, дзіця аддала знаёмым украінцам і гатовая была ўжо йсьці на цярпенне. Мне не верылася, што мяне проста пусцілі. Але да Ермачэнкі я пайшла! Заходжу, дзяржыморда мяне ўпусціў. Заўсёды падкрэслена ветлівы Ермачэнка звярнуўся да мяне, як да нейкае рабыні, нават не запрасіў ні далей прайсці, ні сесці. Папытаўся толькі, ці паеду з дзецям? Тады я яму й пасыпала, што ведала. Ён павалок мяне за руку ў пакой, яго твар перамяніўся зусім! «Чаго чалавек не зробіць дзеля бацькаўшчыны, гэта таму я вас клікаў. Я ўпаду перад вамі на калені й буду прасіць, каб мы ехалі ў Менск, я зраблю Янку міністрам аховы здароўя, толькі едзьце ў Менск». — «Вы не чалавек, вы ж хамелеон, вы ж здраднік! Згінеце вы разам са сваімі немцамі, якія ўжо трашчаць!» А ён не сунімаецца: «Калі немцы прайграюць, я вас завязу ў Швецыю, я забяспечу вас, толькі едзем!» Ну й ну! Ну й каша, ну й дрэнь чалавек. Ах, як цяжка, як небяспечна пісаць для Айчыны, што будзе далей? А далей доктар Піпэр хацеў пісаць на яго, што непакоіць сем’і людзей, якія пасланыя на працу на Усход. Я прасіла яго, каб гэтага не рабіў. Я ніколі не мсцілася, а дарма. Я дорага за гэта заплаціла, яшчэ горай было з мужам і Юрачкам. Я толькі малілася Богу, каб Ён ратаваў нас, бедных, у вадавароце гэтай вайны. Вялікай, амаль адзінай падтрымкай маёю быў мой маленькі, смелы, вельмі харошы сынок.
Читать дальше