Піпэры былі выдатнымі людзьмі. Памагалі не толькі нам, але й чэхам, калі я да іх звярталася з просьбамі. Толькі я нічым не магла адудзячыць за ўсё харошае, за тое, як і колькі разоў яны мяне ратавалі. Гэта былі лепшыя людзі, якіх я сустрэла ў жыцці. Опа і ома казалі мне нейк, што яны з Гановера родам і па паходжанні хутчэй англічане.
Вось так павандраваў на ўсход Ермачэнка. А мы ўсё наглядалі жыццё й падзеі на ўсходзе. У мяне там ужо нікога не было, большасць з нашага роду ўжо выгубілі, а мама з братамі й сёстрамі дамярзала ў Казахстане. Мясцовыя «дзеячы» збурылі наш дом і нечаму перавезлі яго ў Гудзевічы. А дом гэты сніўся мне начамі, раззвонены галасамі нашай сям’і.
Зямля мая, якая ўзгадавала душу маю, атуліла мяне з дзяцінства вялікай любоўю бацькоў, сялян і кожнага дрэўца, поля каласістага, сяння чакала мае ўдзячнасці, мае любові. Зняволеныя сыны яе чакалі мае спагады, майго слова. А любоў мая да Айчыны рвалася на старонкі амаль не нашай газеты, на балонках якой нейкім цудам друкаваліся амаль усе трывогі майго сэрца. Мяне палюбілі. Калі аднойчы назбіралася многа вершаў і не было як іх выдаць, бо газета выходзіла за нашыя сродкі й тыраж яе быў агранічаны, дык рэдакцыя звярнулася да чытачоў, каб памаглі. Пасыпаліся грошы, пасыпаліся лісты ў рэдакцыю. Кажуць, гэта была такая любоў да нас, скромнай жменькі паэтаў за мяжою, што ўзварушвала патрыятызм найболей абыякавых. Наагул хвалілі мяне нашыя дзе ім толькі было можна. Не было газеты, каб не ўспомнілі так ці іначай маё імя. Здавалася мне, што я зноў у сям’і, якой любоў так жа адданая. На Бацькаўшчыну я не пасылала сваіх вершаў, але яны іх часта перадрукоўвалі з «Раніцы». Ермачэнка меў сілу, дзядзька Васіль мінуласць, бо з немцамі ён нічога супольнага не хацеў мець, я ж мела папулярнасць дзіўную нейкую, падпольную, чыста беларускую, незалежную ні ад каго й створаную болем маім, знаннем народу нашага й адчайным каханнем да мае Айчыны.
Я старалася не закранаць ворагаў нашых нядаўніх. Ляжачага не б’юць — вучыў мяне тата. Мне іх было жаль, хоць многія з іх так і нічога не навучыліся й з гэтай бяды. Палякі на нашых землях як мага ўдавалі немцам нашых. Яны апанавалі ўсімі гаўляйтэрамі праз сваіх спрытных жанчын. Жудасна было глядзець на такое. Яны проста забыліся, што вайна й свае харошыя, няшчасныя людзі гінуць, як мухі. Літоўцы й латышы, наколькі мне ведама, таксама вельмі стараліся сабе «ачышчаць тэрыторыю на будучыню», гэта знача вынішчаць даволі-такі пасіўных беларусаў. Як цяжка было ўсё гэта стрываць.
Веліч майго кахання, здавалася, утроіла мае сілы. Душа мая трапяталася ў маіх вершах, і ўсе да мяне прыслухаліся, нават чужыя. Палякі прыслалі з Варшавы чалавека, які сказаў мне, што каб так трымаць, што яны купляюць «Раніцу» толькі для маіх вершаў, а пасля прыслалі па мае кніжкі. Чэх прафесар Ціхі [80] Ціхі Францішак (1886–1968) — чэшскі лінгвіст і перакладчык, займаўся балгарыстыкай, русістыкай і беларусістыкай, перакладаў беларускую паэзію.
, ведамы славянафіл, напісаў мне, што знішчыць усё, што друкавалася эмігрантамі на працягу 25 гадоў, толькі мае вершы пакіне. Пераклады з іх ужо зрабіў... Што ж, прафесар Ціхі быў слабы чалавек. Калі мяне выдавалі саветам, ён ахвотна кінуў у мяне каменем, каб пасля выхаду ў свет «Невадам з Нёмана» [81] “Невадам з Нёмана” — другая кніга. Л. Геніюш, выйшла ў Мінску ў 1967 г.
зноў мне выразіць сваё вялікае прызнанне. Што ж, я не гневаюся, бо ні адзін народ так не здзекаваўся нада мною й над маёю сям’ёю, як беларускі... Ні адзін народ так не ўніжаў сваіх паэтаў, сваіх жанчын. Садыстычныя й вышуканыя мучэнні, якія адчуваю амаль штодзённа нават ад людзей, якія ўчора былі сябрамі... Кожны хацеў бы, каб я думала так, як ён, каб гэтак жа прадала сваю душу, сваю беларускасць і тое найяснейшае, што я выхавала ў душы са свайго дзяцінства. Тады я толькі думаю пра маму і ў думках тулюся да яе рук, чую яе прарочыя словы аб тым, што за маю вялікую любоў цёмныя людзі дадуць мне яшчэ большыя мукі. Разумею колішні страх яе, і тады я плачу. Некалі, калі я бачыла свой уплыў на людзей, мне нецікава было выйсці замуж за харошага чалавека, гэта проста. Мне цікава было выйсці за злога чалавека й пасля прабудзьіць у ім усё тое вялікае, добрае, да чаго ўжо рознымі шляхамі прыйшлі людзі, і галоўнае — гэта любоў! Злыя людзі, мне здавалася, гэта тыя, якім ніхто яшчэ не паспеў давесці, як соладка, як велічна, калі людзі адчуюць, што ты — іх непахісны сябра, іх брат. Як адыходзіць усё святое ўбок, калі людзям паабяцаюць грошы, як танна яны прадаюць і сяброўства, і мову сваю, і сваю мінуласць, і зямлю, і дзяцей сваіх, і самых сябе... Так думаю я сяння, калі душу маю паранілі беларусы. Мне бачыцца дацэнт Воўк [82] Аляксей Волк — дэкан філфака БДУ. У лісце да Зоські Верас за 9 лютага 1970 г. Л. Геніюш пісала: «Гаварылі мне хлопцы, што ў канцы жніўня вельмі мяне лаяў дэкан Воўк, называў «фашысцкім прыхваснем», «буржуазным нацыяналістам». Што ж, няхай выюць, на тое і грамніцы».
, які розна празывае мяне перад сотнямі беларускіх студэнтаў, Еўдакія Лось [83] Лось Еўдакія (1929–1977) — паэтка.
, як паліць у С[аюзе] Б[еларускіх] П[ісьменнікаў] маю кніжку, зэльвенскае начальства, якое пасылае розных шпіёнаў да нас, а мы іх кормім абычаем бацькоў нашых. Пасылае такіх, якія прабіраюцца ў хату без нас, трасуць драбніцы нашыя, мае словы. Настаўнікі зэльвенскія, якія зоймуць увесььь аўтобус і не ўступяць мне месца, і я падаю, калі аўтобус трасе на выбоінах, а яны хахочуць... Маіх землякоў, якія, прадаўшы ўвесьь мой род, ганьбяць без довадаў бацькоў маіх, паганяць імя маё, толькі таму, што сяння новыя паны яго паганяць... Ды ці апішаш усё, хоць бы пра ўсіх тых нізкіх тыпаў, якіх пасылаюць, каб мне гаварылі пра сваю любоў... Я ўжо не думаю, каго можна купіць, я горка думаю, каго ж нельга купіць з беларусаў? Я гляджу вокал, бачу найстрашнейшых суседзяў сваіх, якія падслухоўваюць кожнае нашае слова, падглядаюць кожны мой крок і даносяць ужо яўна, а да мяне прыходзяць пазычыць ім што ці памагчы. Мне ў вачох Кузняцоў — начальнік зэльвенскага іспалкома, як вечар з вокнаў музычнай школы, што насупраць нас, сочыць за намі, фатаграфуе нейкім апаратам праз фіранкі, калі мы, старыя, распранаемся нанач. Як ганяюць мужа з работы, як уніжаюць і яго, і мяне, як нацкоўваюць на нас роднага сына, і ён, вымучаны імі, споены й нацкаваны, глядзіць у нашыя вочы вачмі няшчаснымі й плача пасля разам з намі... Я баюся чалавека ў хату, калі гэта савецкі чалавек, я баюся сваіх родзічаў, хоць іх у мяне тут пару далёкіх. Я баюся, калі нам нехта нясе падарак, пасля такіх цукеркаў выратавалі мяне толькі кефір і лекі, а муж зжаўцеў, збялеў і ледзь выжыў з такога... Усё гэта распаўзаецца зверху ў помсту за тое, што такога вось я чалавечнасцю не назаву й з такімі метадамі, з такімі людзьмі мне не па дарозе...
Читать дальше