Ермачэнка, які вельмі сепараваўся ў прыватным жыцці ад сваіх землякоў, аднойчы нас з мужам і сынам і дзядзьку Васіля запрасіў да сябе на сваю вілу. Зусім не частавалі нас смачным абедам, як гэта рабіла заўсёды я, а толькі танна нейкімі вінамі, кавай і чэшскімі калачамі з кіслымі слівамі. Дзядзька гуляў у гольф, мы гутарылі, а Юры Ермачэнка падараваў дзіцячае аўто, абдзёртае й разбітае. Ледзь я ад яго адмовілася, вельмі настойліва й ветліва, хоць трасло мяне ад абурэння, бо гэта не быў падарак, а нейкая панская падачка беднаму дзіцяці з разлікам на вечную ўдзячнасць яго бацькоў. Наагул гэтая паездка на многае мне адкрыла вочы. Першае тое, што я заўважыла, як я на нешта патрэбная гэтаму чалавеку... На што? Хутка гэта стала ясна. Нейк, калі муж быў на працы, пад’ехаў на сваёй элегантнай машыне да нас сам Ермачэнка. Ужо тое, што ён меў машыну, калі ніхто яе не меў, было «нясмачным». Я прыгатавала закуску й гарбату й чакала, што ж ён мне скажа. Да мяне ён звярнуўся як да патрыёткі і як да хрысціянкі, а менавіта, ці не хачу я з ім паехаць на Беларусь і працаваць для народу ў рамках Самапомачы — такое харытатыўнай, гуманнай Самапомачы, бо іншай дзейнасці нам не дазволена праводзіць. Для мяне гэта было смешным. Я ўжо ведала, што значыць гэты лад і што нам яны не дадуць таго, чаго мы хочам, а быць іх халуямі я не хачу. Угавор працягваўся ўпарта, пераканаўча. Мая пазіцыя была непахіснай. Вельмі здзівіўся гэтай візыце мой муж, калі вярнуўся з працы. Відно было, што Ермачэнка нешта задумаў. Сільны з розных пазіцыяў Ермачэнка й мы без грамадзянства, на падзённай рабоце, яшчэ з падазронасцю, што мы вельмі левыя... Гэта, пэўна, за маю дружбу з Аняй Кляўдэр і за кватэру, пакінутую нам яўрэямі.
Было трывожна, у паветры чулася проста няшчасце. А тым часам мая новая знаёмая фрау Піпэр не забывалася пра нас. Яна часта заходзіла да нас з дзецьмі й аднойчы запрасіла мяне на 5 гадзін. Я ахвотна пайшла да яе, гэта пакуль што была мая адзіная надзея на нейкую абарону, хоць я не ведала, хто гэта фрау Піпэр. Я ніяк не магла знайсці яе кватэры. Я ніколі не думала, што прыгожая віла з гаражом і басейнам для плавання — яе дом. Я апранулася вельмі сціпла й даволі танна, але ўбачыўшы багатыя апартаменты мае знаёмай, крыху засаромелася, але толькі на хвілінку. Мой муж вельмі харошы чалавек, я думаю, што я таксама, дык сароміцца мне няма чаго. Я высака падняла галаву. Шукаючы кватэру, я крыху спазнілася, і гэта не было прыгожа. Я папрасіла прабачэння. Была перадкалядная пара. У кутку вялікага салона на круглым століку стаяў вяночак са свечкамі і ўсё для кавы. Было гэта скрамней, як у нас, але вельмі прыгожа падана. Пасля прыйшоў гаспадар дому. Я ведала толькі, што ён лекар. Ён пачаў распытваць мяне, дзе працуе мой муж, а пасля звярнуўся да мяне: ці не таму я прыйшла, каб прасіць лепшую работу сваяму мужу. Тут мяне і ўскалыхнула, і я яму, як толькі ўмела, выпаліла па-нямецку, што мой муж не патрабуе ніякае працы, бо яе мае, і што я прыйшла да іх выключна таму, што яго жонка мне падабаецца. Я такі нагаварыла даволі. Прыйшла дамоў злосная, але адносіны нашыя з фрау Піпэр сталі яшчэ болей сяброўскімі. Толькі калі яна мне часам прапанавала памяранцы, якія давалі ў Празе немцам, я іх не ўзяла ні разу... Іначай мы вельмі ладзілі, дзяліліся часам нават сваімі скромнымі ваеннымі прадуктамі ці кавай. З імі жылі яе бацькі — опа і ома — бабка й дзед. Мы ўзаемна вельмі сябе палюбілі. Яны зусім не скрывалі свае нелюбові да фюрэра. У іх вісеў яго партрэт, але ж надта маленькі. Смешна малы. Нашыя дзеці разам гулялі, плавалі ў іх басейне, з чаго Юра вынес цікавую спасцярогу, што гэта праўда, што немцы іншая раса, бо Эвелін і Інгрыд зусім маюць нешта інакшае, чымсьці ён. Яны купаліся голенькімі.
Я вельмі здзівілася, калі раз так з палудня Ермачэнка прыехаў з Аўчыннікавым да нас і загадаў мне вязці яго й знаёміць з Піпэрамі. Я спалохалася, зрабіць гэтага ніяк не магла. Але ён так крычаў, амаль пагражаў мне, што не было куды дзецца. Піпэры былі разумныя людзі, і я спадзявалася, што яны зразумеюць маё становішча. Ермачэнка прыехаў апавясціць Піпэру, што ён едзе ў Менск як важная асоба й просіць яго да сябе на развітальны вечар. Я забылася сказаць, што доктар Піпэр быў «обермедыцынальрат» [78] Obermedicinalrat (ням.) — вышэйшая медыцынская рада.
і «оберрэгірунгсрат» [79] Oberregirungsrat (ням.) — вышэйшая кіраўнічая рада.
на Чэшскім Градзе — гэта нейк як найвышэйшы нямецкі стаўленік над чэшскім міністэрствам аховы здароўя. Такія немцы не любілі гестапаўцаў і падобных Ермачэнку тым больш. Яны ўсё гэта мне даравалі, як даравалі і іншыя візіты, калі мяне часам «шукалі» ў іх... Цяпер мне гэта ўсё вельмі ясна, але ім, здаецца, гэта было ясна й тады...
Читать дальше