Моцна цалую Вас. Славіку – вітанне! Кланяйцеся хатнім.
Ваша Ларыса Геніюш .
Аляксею Пяткевічу
Зэльва, 25 лістапада 1967 г.
Паважаны сябра!
Дзякую за ліста. Муж мой апошнім часам вельмі аслабеў. Цяпер ён у санаторыі ля Віцебска. Цешуся, што ў Вас усё добра, і жонка мае цікавую працу. Як гэта слаўна, што не забываеце Сашу! І мне хочацца яго бачыць.
Што да Данусі, дык дарма Вы баіцеся яе настрою. Там даўно ўжо ўсё ў парадку. Ізноў мір і гармонія ў сям’і. Гэта была невялічкая хмарка. У нас, паэтаў, гэта часцей, як у іншых… Трэба Вам запрасіць яе (з мужам) як найхутчэй! Няхай вучыцца, Атэла, як жыць і пазнаваць харошых людзей! Даўно гэтага вартаснага, але дзікаватага друга Дануты трэба было прыручыць… Гэта, праўда, ніколі не позна. Вы сваім тактам і шчырасцю адносінаў паможаце дарэшты забыцца дваім закаханым (у супружжы гэта нячаста) аб тым, чаго болей нельга рабіць… Гордыя яны абое і прынцыповыя. Вось, можа, у гэтым – цікавасць жыцця, без воблачнае – яно для прымітываў. Пачуццё выратуе з найгоршага шторму. Спадзяюся на Вашыя педагагічныя і таварыскія здольнасці (якія я ўжо мела прыемнасць наглядаць) і думаю, што сустрэча з Данутаю і абмеркаванне “Запалянак” пройдзе ў Вас на належным узроўні.
Верш мой у “Дні паэзіі” сапраўды архаічны. Яго недзе ўзялі са зборніка. Пісаны ён быў для Гудзевіч – як дыдактычная крыху паэзія. Маю ўражанне, што і цэлы мой зборнік будзе архаічным да пэўнай меры. Толькі – і гэта жыццё, і немаведама, якое болей цікавае і сапраўднае… Архаічныя погляды на жыццё (адвечнай беларускасці) добрыя тым, што прадоўжылі б яго і захавалі б… Вялікая частка народу нашага не разумее інакшай паэзіі, ды і самі паэты не могуць быць усе – аднаго жанру. Цікавае якраз – у іх рознасці. Я сама не люблю сваіх вершаў і кажу Вам гэта шчыра, але людзі іх разумеюць.
Бывайце! Кланяйцеся жонцы. Цешуся і жадаю поспехаў пачыну Аляксея Н[ікіфаравіча Карпюка]. Жаль, што не магу памагчы яму.
Ларыса Геніюш.
Максіму Танку
Зэльва, 4 снежня 1967 г.
Дарагі і паважаны Максім Танк!
Я цяпер у таварыстве і атмасферы Вашых вершаў з апошняй падборкі ў «Полымі». Яны гаючыя і глыбокія, на многія [пытанні] адказваюць, захопліваюць і задавальняюць мяне. У іх ёсць мужчынская сіла і розум, ды тое, што я люблю, – дабрата... З імі мне добра, як і наогул з Вамі.
У Вас – гора, і я Вам спачуваю з нагоды скону тав. Казлова. Як жаль, што народ так мала знае пра сваіх кіраўнікоў. На мой погляд, пра іх павінен ведаць кожны, каб склаліся пра іх адпаведныя думкі і пачуцці. Вось адыходзіць чалавек, які, напэўна, нечым заслужыў высокае становішча ў нашым народзе...
Паштоўка ад Вас – цудоўная! Мяне так і пацягнула ў лес, але дарогі ўжо белыя, ды вецер студзіць... Мой муж недзе ў Мінску. Ён, напэўна, скажа Вам, куды хоча ехаць на лячэнне, а я дастасуюся да ягонай волі. Шчыра кажучы, мне найбольш хацелася б у Нясвіж, ці на Нарач. Люблю быць удома, доўга не была… Што да грамадзянства, дык пастараюся, каб было так, як Вы гэтага хочаце. Мне гэта смешна. Я – нічыя і належу сусвету і Беларусі. Я нейкі госць на зямлі, гарошына, якую лёс кідае, дзе хоча, і разам з гэтым – шчыры Ваш сябра. Добра, гарошына будзе мець нейкую фармальнасць...
Чаму не хачу прыехаць? Проста я баюся людзей. I яшчэ баюся, што калі ўбачу Вас у іншых абставінах, дык рассеецца той харошы вобраз, які застаўся ў маім сэрцы пасля Вашага візіту ў нашай хаце. Я многа згублю, калі адчую Вас іншым, хоць і знаю, што становішча Ваша гэтага вымагае.
Карпюк прыслаў мне карэктуру маёй кнігі. Кніга атрымалася светлая і ўзнёслая. Я не ведаю, як і чым Вам за ўсё аддзякую. Яна такая толькі дзякуючы Вам. Гэта вынік Вашай несказанай тонкасці і інтэлігенцыі, Вашых парадаў.
Я крыху адпачыла. Часам не давалі людзі, сваякі (скуль яны толькі бяруцца...). Некалі я дасканала пераносіла адзіноту, таму цяпер у мяне быў нейкі ясны свой свет, і я не сумавала зусім. Жадаю Вам здароўя. У апошніх сваіх вершах Вы такі багаты...
Бывайце, харошы Максім Танк. Гадзіннік цікае ўсё.
Ларыса Геніюш.
Зосьцы Верас
Зэльва, 20 снежня 1967 г.
Даражэнькія!
Спяшу падзякаваць Вам за мілую і арыгінальную гасціну. Прыкра мне, што я так нечакана ўварвалася ў Ваш дом і прынесла Вам столькі клопатаў…
Я крыху перастыла, ды разбалеўся мне зуб. Цяжкая была ноч, але сяння разрэзалі нарыў на дзясне, ізноў зуб абкалолі пеніцылінам, і чуюся лепш. Удома ўсё ў парадку! Муж як быццам крыху ачуняў. Вельмі, вельмі цешыўся, што я ўжо дома.
Читать дальше