Нарэшце прыехаў на канікулы муж. Ён не пазнаў мяне такую непрыгожую. Бацькі яму расказалі мае падзеі, і ён шчыра зазлаваў на гэта. Нельга мне было гэтак рабіць, яшчэ не час, тым болей цяжарнай. Я доўга плакала, не хацела паясняць нікому, што гэта сталася нейк паміма мае волі. Я толькі адчувала, што запратэстую цяпер супраць такога ўсюды, дзе б яно ні тварылася супраць нас.
Мужава мама ад’ехала хутка ў Латвію да свае сястры, а я засталася гаспадарыць на нашай сялібе. Была карова, нават дзве, парася, куры і ўсё, што ў гаспадарцы. Муж часта памагаў мне насіць зелле парасяці з гароду й наагул стараўся быць заўсёды разам. Я вельмі цаніла гэта. Толькі ў нас было поўнае безграшоўе... Паехаў муж да маіх бацькоў, але што нам мог даць наш тата? Збожжа ўжо не было аж да новага ўраджаю, а кароў жа нельга папрадаваць вясною. Муж задумаўся, ён пастанавіў аддаць вэксалі ў пратэст. Проста ён, здаецца, думаў, што нішто тут доўга ўжо не ўтрымаецца. Бацькі мае ніяк не гадзіліся на тое, каб мой кусочак зямлі прадаць, гэта зусім не ў псіхіцы сялян. Яны ўсімі спосабамі толькі дакупляюць зямлю, да гэтага чакаецца ж яшчэ дзіця. На тое, каб падаць вэксалі ў пратэст, патрэбны быў і мой подпіс, галоўнае — гэта мой. Я ведала са свае сумнае практыкі ўдома, што знача ўсё гэта. Гэта каморнікі, ліцытацыі [30] Ліцытацыя (польск. licytacja ) — аўкцыён.
, дзівосныя аплаты за ўсё й слёзы, слёзы маіх бацькоў... «Не, — сказала я, — такога я не зраблю ніколі, лепш разыдуся з табою, мой муж...» Я казала гэта зусім паважна. Муж мой негадаваў, яго мама таксама. У мужа былі ў Чэхах даўгі, і трэба было тэрмінова іх заплаціць. Я лічыла вінаватымі сваіх бацькоў — урэшце зямля ж мая, але зрабіць ім прыкрасць было не ў маіх сілах, і ніхто мяне да гэтага не смеў змусіць... Нарэшце паклікаў мяне да сябе ў пакой мужаў тата. Я пайшла да яго, як на суд. «I што ж, Ларыса, не падпішаш вэксалёў супраць свайго бацька?» — «Не, татачку, я іх не падпішу, я такога не магу ўчыніць...» Тады стары тата майго мужа працягнуў рукі да мяне, абняў мяне й сказаў: «Я шчаслівы, дзіця, што ты менавіта такая, калі не можаш ты скрыўдзіць сваіх бацькоў, дык ніколі не скрыўдзіш майго сына...» Я заплакала. А харошы стары Пётр Станіслававіч Геніюш [31] Пятро Станіслававіч Геніюш (?—1952) — свёкар Л. Геніюш, бацька Янкі Геніюша.
прадаў сваю другую кароўку й заплаціў сынаў доўг. Я ніколі яму гэтага не забылася, і калі мы былі ў Празе, дык тое толькі рабіла, што пасылала яму пасылачкі адна за адной... Бедныя нашыя бацькі, як жа яны мала мелі з нас радасці, толькі хіба што з чалавечнасці нашай, з парадачнасці... І памерлі яны ўсе, мае бацькі і Яначкіны, без нас, самотныя й пакінутыя ўсімі. І гэта ёсць частка долі нашага народу, яго пакуты, пакуты дзяцей яго, якія нікому ніколі не прадаліся й не выракліся народу свайго й таго, што яму, як усім іншым народам на свеце, належыць!
Каб крыху зарабіць, я ўзяла на кватэру нейкіх людзей, так рабіла мужава мама, бо ў Зэльве не было ніякай гасцініцы. Гэта былі купцы-яўрэі й польскія інжынеры, яны дастаўлялі ў Англію лес з нашае Белавежы, інжынеры яго прымалі. Купцы былі мільянеры, залежала ім, каб добра дагледзець інжынераў, каб тыя добра прынялі лес. На мне была вялікая адказнасць, але пасля першага абеду ўсе супакоіліся, ведалі, што ўсё будзе як трэба. Гатаваць я ўмела. Я навучылася гэта ўдома — у нас заўсёды было многа гасцей... Бацькі вельмі любілі пагуляць з гасцямі ў брыдж ці ў прэферанс. Бывала, позна ў ноч сядзяць за той нейкай прэферансавай пулькай, і гэта цікава ім. Гэта была іх адзіная разрыўка ў нас, на сяле. У такія вечары мама даручала мне прыгатаванне вячэры. Часам я прышыкоўвала й харошыя святочныя абеды, так я навучылася прымаць гасцей. Я сваіх кватарантаў частавала, як сваіх гасцей. Інжынер Маліцкі, паважны высокі паляк, мучыўся ад мазалёў на нагах, але калі я йшла з вёдрамі па ваду, ён хапаў мае вёдры і, кульгаючы, прыносіў ваду. Прычынай такой увагі, як мы пасля даведаліся, была пашана да нашае невясёлай долі, да мае працы, паводле меркаванняў таго часу, крыху ўніжаючай будучую жонку лекара. Яму падабалася мая мужнасць і духовая сіла ўсё перанесці. На яго загад скупы мільянер вельмі добра мне заплаціў за маіх кватарантаў, а інжынер Маліцкі папрасіў нас, ад’язджаючы, каб мы паклікалі яго кумам для нашага дзіцятка, калі гэта будзе дзяўчынка, а калі хлопчык — каб ягоную жонку. Мы гэта харошаму чалавеку абяцалі. І так было крыху грошай хоць на папяросы й неабходнае ў хаце для нас.
Бліжыліся польскія выбары, дзе кандыдатаў назначалі згары. Яшчэ рана вясною памёр Пілсудскі, палякі стараліся мацней трымаць свае меншасці. Ужо не гаварылася — Беларусь, а «ўсходнія крэсы», а народнасць проста пісалі: тутэйшая. А ці не разумней, не лепей было б для іх і для нас быць людзьмі й дэмакратамі ў супольнай дзяржаве, але дарма тут было апеляваць да розуму. Беларусы байкатавалі выбары, не пайшлі на іх і мы.
Читать дальше