Мне сумна, я многа тут пакідаю ў бацькаўскай сялібе, гэтым жыць буду вечна я й маё пяро. За сабою я пакідала ўлюбёны прастор палёў, якія мяне ўзгадавалі, труднае жыццё, нялёгкую працу ў полі й на вялікай гаспадарцы, тапалёвы гай ля хаты й лес, які сама садзіла. Ён так хораша рос і ўжо гадаваў маслячкі, рыжыкі. Тую вёску, якая мне столькі падсказала з мінулага, замурзаную крыху мо, але з душою, бы тая раса, якую я так разумела. Песні яе пайшлі следам за мною. І я пакідала сваю сям’ю й той пятачок зямлі на вялікай планеце, мае Жлобаўцы, дзе я ніколі не сумавала й не трэба мне было ніякага таварыства, калі было поле, наш дом і лес; і весела сярод альшыны якраз праз нашыя лугі працякала любая рэчка Ваўпянка, поўная шчупакоў, плотак і багатая ракамі. Сумна мне будзе без таты, ён вельмі разумны, нейк усё бачыць, быццам адчувае наперад, толькі жаль мне, што Жлобаўцаў не разбудоўвае, не засаджвае болей садамі й лесам, жывецца там нейк з дня на дзень... Калі за нашай хатаю заходзіць сонца, дык робіцца аж страшна, быццам нехта адыходзіў назаўсёды. Халадок і ноч кладзецца на мае Жлобаўцы, як чорная небяспека, як прадчуццё таго, што пасля прыйшло. Вось і тата мой прадчуваў гэта ўсё відавочна й не разбудоўваў свой кут на вякі. Гэта ўжо здалёк рысавалася на небасхілах вайна й тое, што ходзіць з ёю.
Калі мы ехалі з мамаю ў Ваўкавыск, дзе меўся чакаць нас Яначка й разам з мамаю завесці мяне да лекара, бо чулася я вельмі дрэнна, і мама не хацела мяне хворай выдаваць замуж, тата нейк доўга туліў мяне да грудзей, як ніколі. Лекар у мяне знайшоў язву дванаццаціперснай кішкі, што пацвердзілі пасля і ў Празе. Муж пераканаў тады маму, што ён жа лекар, дык будзе мяне лячыць, і калі мы ехалі дамоў, дык прытуліў мяне й вёз, як дзіця. У мяне зрадзілася вялікая давера да яго, здавалася, што ён добры чалавек, і гэта было галоўнае. Пасля я расчаравалася ў гэтым, але гэта пасля. А тым часам выйшаў тата на ганак спатыкаць нас з дарогі й на руках занёс мяне ў хату, свайго сына ў спадніцы, які стараўся хоць крыху аблегчыць яго клопаты, разважыць яго, даць харошую кніжку, якія ён так жа прагна чытаў, як і я. Яго трывожыла няпэўнасць нейкая мае будучай долі. Муж мой быў толькі яшчэ абсальвент [20] Абсальвент (польск. absolwent ) — выпускнік навучальнай установы.
медыцыны, належала яму яшчэ ў Чэхах здаваць дзяржаўныя экзамены, а гэта каштоўная й нялёгкая працэдура. Пасля не дадуць жа яму палякі працы ў сябе, бо й дыплом чэскі, і муж — беларус сведамы, упарты, непахісны, такога не купіш, не застрашыш, не перавыхаваеш болей на ніякі лад.
Я ніколі нічога не планавала, планы — гэта домікі з карт, а ў свеце было такое ўсё нестабільнае, і вайна ў Гішпаніі кідала нецікавы цень на ўсю Еўропу. Я сабе думала: ну, што ўжо будзе, калі двое людзей ідуць з чыстым сэрцам і з верай у харошае, дык жыццё ж іх не загубіць. Мне не давалі вялікай нейкай выправы, паводле слоў майго мужа, гэта ўсё было лішнім, бо ж моды мяняліся, там, дзе ён жыве, далі нам проста вэксалі на кусок зямлі й крыху грошай. Небагаты мой муж нейк не вельмі аб гэтым усім клапаціўся, здавалася — будзем жыць з ветру. Ці проста быў ён мужчынам, які заўсёды ўпэўнены, што так ці іначай на сваю сям’ю кусок хлеба заробіць. І так ішлі мы ў жыццё з ярым кляймом беларускасці на чале. Ішлі насупраць, з чыстым, адданым Айчыне сэрцам, усіх тых ворагаў, для якіх адна назова нашай Зямлі была нямілай.
Утульная хата, маленькі кусочак зямлі, дваіх бацькоў і мы з мужам пакуль што, — але хутка ж яму трэба ехаць, канчаць медыцыну, — так, вось у Зэльве. Муж вельмі ласкавы, стараецца мяне пазнаёміць з беларускай літаратурай, якой амаль не знаю. Ведаю М. Танка й вельмі захапляюся яго творчасцю, гэта на ўзроўні, гэта тое, што трэба. Муж мне чытае Купалу, расказвае аб сабе, як, скончыўшы расейскую гімназію ў Горадні, не мог паступіць на польскі універсітэт. Гімназія не мела дзяржаўных правоў. У Літве, у Коўне, спыніўся ўрад БНР [21] БНР (Беларуская Народная Рэспубліка) — беларуская дзяржава, абвешчаная ў 1918 г.
у дваццатых гадох, які пасля запрасілі да сябе чэхі, адначасова прызначыўшы беларусам, як і іншым славянам, дзяржаўныя стыпендыі для студэнтаў. Беларусы высылалі нелегальна сваіх сыноў, пераважна абсальвентаў беларускай гімназіі, на навуку ў Прагу. Гэта было несказана хораша, але ж як там дастацца? Вось у 22-м годзе выбраўся туды па навуку й мой муж. Трэба было нейк перабірацца нелегальна праз Літву, дарожкі тудой ужо былі беларусамі пракладзеныя.
Читать дальше