У Вільні была Беларуская Школьная Рада [22] Беларуская школьная рада — культурна-асветніцкая арганізацыя, на аснове якой было ўтворана Таварыства беларускай школы (1921–1937).
, дзе працавалі Тарашкевіч [23] Тарашкевіч Браніслаў (1892–1938) — грамадскі і палітычны дзеяч, філолаг, літаратар, акадэмік Акадэміі навук Беларусі (1928).
і Грыневіч [24] Грыневіч Антон (1877–1937) — збіральнік і папулярызатар фальклору, выдавец, педагог, кампазітар.
, якія перспектыўным студэнтам давалі посвядку ад Школьнай Рады, якая была як пропуск у Чэхаславаччыну. Дзеячы благаслаўлялі моладзь на навуку й бралі ад кожнага забавязанне, што, атрымаўшы асвету, кожны беларус выдасць кніжку на роднай мове па спецыяльнасці й дасць за свой кошт вышэйшую асвету аднаму сваяму суайчынніку. Не было інтэлігенцыі, якую належала тварыць. Падпісаў гэта й муж. На дарогу благаславіў яго Браніслаў Тарашкевіч, а старэнькі Грыневіч толькі ва ўсіх пытаўся, якія ведаюць песні народныя, каб заспявалі. У Літву трэба было перайсці тры добра вартаваныя зоны. Яначку Тарашкевіч направіў да нейкага Канчэўскага ў Дукштах, беларускага кааператара, які па ланцужку так перасылаў людзей. З Канчэўскім яны прагаварылі ноч напралёт, быў гэта ідэйны й вельмі разумны беларус, аднак ехаць старым шляхам было нельга, нехта ўжо данёс пра яго, і Канчэўскі направіў Янку «на вока» назад, але каб ён вылез на першай станцыі й направіўся да харошага літоўскага ксяндза, да якога даў свайго ліста. Цягнік не затрымоўваўся, і Янка скочыў з яго, трапіўшы проста ў рукі паліцыі. Янка нейк выбраўся з іх рук і дабраўся да таго літоўскага ксяндза. Відавочна, нашыя й літоўскія ксяндзы сабе спрыялі, і той ксёндз паслаў мужа да сувязнога літоўца. Той сувязны й правёў дажджлівай ноччу, сагнуўшыся ля пагранічнай вартоўні, маладога беларуса на яго далейшы шлях. Яны расцалаваліся, абняліся. «Раблю вам гэта, як брату»,— сказаў літовец, які рабіў гэта для беларусаў дарма. Так дастаўся муж за граніцу й сеў на цягнік у Каўнас. У цягніку правяралі пашпарты, і посвядкі не хапіла. Ніякія посвядкі тут значэння не мелі, мужа забралі ў паліцыю, але туды з’явіліся прадстаўнікі БНР В. Захарка [25] Захарка Васіль (1877–1943) — палітычны дзеяч, з 1928 да 1943 г. — намеснік старшыні, прэзідэнт Рады БНР. Пасля прыезду ў Прагу ў 1937 г. Геніюшы пэўны час жылі на яго кватэры.
й Дзмітрыеў [26] Аляксандр Дзмітрыеў — прадстаўнік БНР у Берліне.
, якія хутка давялі літоўцам, што гэта не шпіён, і забралі Янку з сабою. Там муж сустрэўся з Гілярыем Дварчанінам [27] Дварчанін Гіляр (Ларывон) — выпускнік Тэхналагічнага інстытута ў Празе, пасля вяртання на радзіму быў арыштаваны, этапаваны на Салаўкі, дзе загінуў; брат Ігната Дварчаніна.
, які таксама прайшоў падобны шлях. Ім далі вельмі прыгожыя беларускія пашпарты, але на іх не давалі візы. Тады далі ім нейкія літоўскія «люйдымас» [28] Люйдымас (літоўск. liudisimas ) — пасведчанне.
і на іх толькі далі візы ў Чэхаславаччыну. Ластоўскі [29] Ластоўскі Вацлаў (1883–1938) — палітычны дзеяч, гісторык, этнограф, пісьменнік, акадэмік Акадэмiі навук Беларусі (1928). Прэм’ер-міністр ураду БНР (1919–1923).
даў ім з сабою крыху грошай, і так яны паехалі на Берлін, ледзь пераехаўшы польскі карыдор, дзе палякі прычапіліся да іх, жадаючы транзітнай візы. Яны абяцалі паказаць ім візу, едучы назад. І так праз Берлін у жаданую чэшскую Прагу. Мяшок на вяровачцы праз плечы, у рагох дзве бульбіны, каб вяроўка не коўзала, даўгія боты, кашуля хатняя — у такім выглядзе трапіў мой муж у Еўропу. Так прыйшлі туды і іншыя з нашай зямлі, каб магчы вучыцца. Многа іх памерла, — расказваў мне некалі адзін сябра,— прычынай было цяжкае, задымленае паветра Прагі, слабыя стыпендыі, у выніку чаго сухоты, а другою прычынаю іх гібелі была любоў да свайго народу й вера ў тых, каму верыць было нельга... Вярталіся на ўсход, дзе будаваўся «беларускі дом», як ім казалі, і там вельмі хутка знаходзілі толькі магілу сабе... Вельмі хораша было з боку чэхаў даць нам хоць гэтыя магчымасці, і я гэта запамятавала назаўсёды. А хлопцы спяшаліся ў Прагу, не былі гэта Францішкі Скарыны, але верылася, што след іх жыцця й навукі не міне бясследна для дарагой нашай і пакутнай Айчыны. Адныя, расказвалі, купілі па дарозе ў Берліне круглы вялікі бохан хлеба, а так, як нашыя людзі любяць есці паважна, вымыўшы рукі, так і яны зайшлі ў кафэ нейкае, каб за сталом пад’есці. Парэзалі хлеб на скібы й лупянулі ўвесьь бохан адразу. Немцы, гледзячы на такое, вырачылі вочы, здаецца, пайшлі аб залог: ці з’елі б яны яшчэ нешта, ды паслалі ім ад сябе вялікае блюда нямецкіх сэндвічаў. Хлопцы весела лупянулі і іх. Немцы іх падзіўлялі. Так ехалі нашыя ў вялікі свет. Шмат пазней давялося мне чуць ад чэхаў, што беларусы ў Празе былі самымі чэснымі й працавітымі людзьмі, на іх не было ніколі ніякіх скаргаў урадам.
Читать дальше