На наступны год усіх вывелі за зону, але нейк нас пакінулі з Елізаветай Радзіонавай. Яна была жонкай прэм’ер-міністра РСФСР. Яе мужа расстралялі пасля вайны, а ёй, таму што яна жонка расстралянага, далі 10 год лагероў. З ёю была і Аксана Кубаткіна, яе муж быў, здаецца, нейкім генералам ад КГБ. Аксана Кубаткіна была вялікай прыхільніцай бацькі Сталіна, нягледзячы на тое, што ён пакараў смерцю яе мужа (аднаго з ініцыятараў 25-гадовага пакарання для сваіх землякоў) і параскідаў па лагерох рэшту сям’і. Яна старалася шчырай працай даказаць сваю прыхільнасць ураду. Праца яе заключалася пераважна ў падсцёбванні другіх, бо яна была брыгадзірам. Спраўлялася яна з гэтым выдатна, як на погляд начальства, з іншымі поглядамі яна мала лічылася. Адумыслова крыла матам, каб даказаць сваю духовую прыналежнасць да пралетарыяту, але скрыгітала зубамі, чытаючы лісты ад сына, які таксама быў у лагерох. Меншы быў пры старой бабцы, і іх абое называлі ворагамі народу. «Я не думала, не ведала, што ў нас творыцца падобнае»,— часта стагнала Кубаткіна. Радзіонава была вельмі тактоўнай і талковай жанчынай. Мела тры дачкі. Старшую яе нарачоны не пабаяўся ўзяць за жонку сабе пасля ўсіх рэпрэсіяў, а дзве малодшыя жылі ў сястры. «Лариса Антоновна, меня вызывали по поводу вас, и я сказала им, что Люция Антоновна — это мещанка, а вот вы — это глубокий, подлинный ум...» — «Вы мне дрэнна прыслужыліся», — засмяялася я.
І так мы з ёю ў зоне, а сяння маюць забіраць з зоны дзяцей, якім два ці болей двух годзікаў. Маюць іх адвозіць у розныя дзетдомы. Большасць мамак вывелі за зону, але не ўсіх. У адным кутку нашага лагеру быў другі лагер, таксама аплецены калючым дротам і з вахтаю. Там жылі т.зв. вольныя дзеці. Імі загадвала вольнае начальства й болей давераныя прыдуркі. Дзяцей гэтых нарадзілі цяжарныя ўжо з волі жанчыны ці якія сталі цяжарнымі ў лагеры. Толькі на час хваробы дазвалялася мець рожаніцы дзіця пры сабе, пасля яго забіралі, і маці пускалі толькі да дзіцяці ў час кармлення. Калі ж кармленне кончылася, дык толькі раз на тыдзень, калі не выдумалі якой эпідэміі. Мамкі бегалі ў адчаі ля калючага дроту й часта проста кідаліся на яго. Вечнае святое мацярынства, яго натуральныя праявы караліся тут і асмейваліся. А бедныя маці ляцяць з работы туды, дзе дзіця. З маленькага прыдзелу цукру, які атрымоўваюць, вараць нейкія немагчымыя цукеркі, хаваюць кусочкі рыбы, пячэнні ці што могуць выпрасіць у тых, якія маюць пасылкі, а то і ўкрасці... Каля дзіцячай зоны вечны плач, а дзеці, бы ціначкі, бледныя, запалоханыя, рвуцца толькі да мамаў, хоць бачаць іх так рэдка, аднак пазнаюць і кахаюць толькі іх адных. Маці нямеюць ад шчасця ля іх. Вось сяння забяруць гэтых дзетак. Мы гледзьімо з жахам, як над лагер прыляцелі й хмарай закружыліся грачы. Стала цёмна ад іх, закракалі, закрычалі, і нам пайшоў мароз па скуры. У зону ўехалі аўтобусы, забрахалі сабакі, залаяліся матам канваіры, і пачаўся плач, крык, раздзіраючае душу выццё, быццам людскія прадсмяротныя мукі. Такое галашэнне не бывае нават па памершых. Мы зледзьянелі, падысці бліжэй было нельга, раз’юшаныя канваіры стралялі б. А грачы ўсё кружылі, кракалі, не сціхалі нямыя птушкі, якія адчулі жудасны чалавечы боль. «Я не знала, не знала, что у нас такое быть может», — шаптала, збялеўшы, Радзіонава. «А за што вашага мужа забілі?» — спыталася я. «Жалел свой народ, хотел добра ему», — ціха прашаптала яна. Аўтобусы паехалі, крык ставаўся хрыплым, прыдушаным. Калі я падышла да бараку бліжэй, дык яшчэ адлівалі дзе каторых памлелых, чуцілі. На нарах ляжала амаль нежывая Соня Свіда. Яна працавала ў лагернай аптэцы, і чорненькую сваю Кацюшу ўдалося ёй затрымаць пры сабе даўжэй. Бацька Каці быў лекар, нейкі нацмен. Соня часта казала: «У Каці цудоўныя валасы, але ёй трэба сорак касічак заплятаць, так, як у народзе яе бацькі». Соня рысавала кніжачкі для яе, пісала казкі. На свеце мела толькі яе адну. Цяпер ляжала амаль нежывая. Яна не выла, яна некалі была дамай, ёю й засталася, толькі стагнала жудасна, нечалавеча... Яшчэ горай было, калі ў зону вярнулася рэшта мамак. Галашэнне доўга не сціхала. Радзіонава й Кубаткіна так абураліся, што можна было думаць, што яны там наверсе сапраўды не ведалі аб колькасці зняволеных і аб іх муках. Між іншым, абедзьве, калі са мною прашчаліся, дык мелі аднолькавую просьбу да мяне: «Лариса Антоновна, прошу вас, останьтесь всегда такой, какая вы есть». Я ім гэта ахвотна абяцала. А дзетак гэтых папуталі ў дзетдомах. Калі сваякі забіралі іх дамоў, дык часта давалі ім не тое дзіця. Прысылалі здымачак з хаты, і пачынаўся плач. Дзіця нейкай рускай мамы завезлі аж у Галіччыну й наадварот. Куды падзелі Нату — нічога не ведама. Зусім магчыма, што й не жыве... Яшчэ полькі звярнуліся да мяне, каб напісаць ім верш пра Галіну Готэс. Прасілі, каб па-расейску, каб прачыталі ўсе. Павезлі яго з сабою ў Польшчу. Я яго добра не памятаю, вось толькі ўсяго:
Читать дальше