Мае нервы напружаныя, мне не даюць спакою. Бывае, ноччу прыходзіць якіх шэсць надзоркаў са знамянітым азвярэлым Прасветавым. Спімо, мяне ж сцягваюць з нараў, Прасветаў залазіць з нагамі на мой убогі сяннік без простыні й пачынае трасці й вытрасаць усю маю лахманную маёмасць. Выкідае нават стружкі з падушкі, на якой сплю гады, бы мярцвяк. Забіраюць мне звычайна кожны кусочак паперы, агрызачак алавіка. Вядуць мяне ў БУР. Там гаспадарыць адзіны людскі чалавек, нейкі Кабылін. Ён не прымае мяне, без віны, без загаду опера. Мяне водзяць так амаль да раніцы. Вяртаюся, уся дрыжу, але дзяжурыць украінка ў бараку, з ёю сядзіць нейкая другая. У іх поўныя вочы жалю, боль выпісаны на чыстых абліччах: «Выдэржыць, пані Ларысочко, просімо выдэржыць...» Мне лепей, людскія словы часам так неабходныя. Да раніцы ўсё ж калоціць мяне, раніцай на работу. Аб працэсе далей не гавораць, часам шэпчуць. Жэня Врублеўская расказвае, як яе выклікалі. Пыталіся, што я пісала, што пасылала на 1-шы ОЛП? Яна сказала, што хустачкі, торбачкі, любоўныя запіскі й болей нічога. Яе цягаюць, яна ўсё цвердзіць тое самае, бо й што ж інакшага магла сказаць? Які ж быў разумны Сямён... За «любоў» не судзяць... Яна расказвала, як аднойчы на ДОКу зайшла ў нейкую мужчынскую сушылку (яна была медсястра на аб’екце), там ляжаў той Паўлаў. Ён пачаў расказваць ёй аб патрэбе змагання, аб тым, што ніхто не будзе нас ратаваць, трэба ратавацца самім і г.д. Жэня казала, што спалохалася гэтай гутаркі й адразу расказала аб ёй нейкаму сваяму знаёмаму на ДОКу, не ведаючы, што ён быў стукач. Стукач там і нейкі Міхаіл Барысавіч, лагерны прыдурак. Стукалі, відно, і розныя Шапавалы, бо хто ж аддаў чэкістам усе мае вершы, аб якіх ведалі толькі беларусы. Усюды здрада за пайку, за работу ў зоне, за баланду.
Палякі не маглі згадзіцца з правам беларусоў на беларускія землі, яны нішчылі нас усюды, і ў лагерох. Як мячык, перакідалі нашыя землі між сабою палякі й расейцы. Усе яны раскошна жылі з нас. Для нас з іх не жыў ніводзін, за выняткам, можа, Федароўскага [205] Федароўскі Міхал (1835–1923) — польскі і беларускі фалькларыст, этнограф, археолаг.
. Народ давялі да неймавернае нішчаты, прынізілі да апошняе гібелі. «Грамаду» нішчылі адныя й другія, планава й па дагаворанасці, усіх дзеячоў. Сціналі й сціналі , як голавы, нарастаючую інтэлігенцыю народу. Ахвяры клаліся моўчкі, ніхто не крычаў і не пратэставаў за нас, нават за жудасны 37-мы год, за ўсіх нашых пісьменнікаў, за Бярозу Картузскую. Ішлі біцца за Польшчу, за свае путы... Наступаў Гітлер, быў жудасны, але ці ж меней жудасным быў для нас Сталін? Гітлеравых ахвяраў яшчэ не ведалі, а сталінскія перавышалі ўсякія ўявы аб самавольнай, легальнай праступнасці. Між кім выбіраць, калі абодвыя нелюдзі? Казалі, калі ў Беласток прыйшлі немцы пасля саветаў, дык палякі выйшлі іх спатыкаць з кветкамі, адзін немец, які ўмеў па-польску, і кажа ім: «Не ойцец пошэдл, не матка пшышла...» [206] “Не бацька пайшоў, не маці прыйшла…” (з польск).
Быў праў. Заставалася выжыць, ашчаджаць народ фізічна, не даць без дольных і няшчасных на загубу.
Божа, дай жа мне сілы, каб хоць слова змагчы сказаць ім сваё, чыстае, праўдзівае, адпаведнае нашаму гору... Як абысці гітлерызм і ўсё ж гаварыць? Гаварыць так, як наказвае сэрца. Стрымоўваю боль, каб не мсціцца, на гэта не час. Майго бацьку знішчылі саветы, вывезлі ўсю маю сям’ю. Пасля даведваюся, што ўсе мае тры браты на фронце. Божа мой, якая ж іронія. Як жа дарам пальецца нашая кроў. Нас проста аберуч вынішчаць. Спачатку брат Расціслаў памагае партызанам, бо шкадуе сваіх людзей. Яны яго слухаюць, і ён ім радзіць, каб хоць захаваць свае сёлы. А ці сёлы яго захавалі, ці ўспомнілі? Пасля кінулі ў яго каменем, як і ў сваю родную мову, у свае правы, у цвярозы розум. Выйгралі не героі, а хітрыя, тыя, якія ўмелі пляваць на сваё й лізаць пяты фюрэру, які выйграў. Нават аддалі карэнную сваю Беласточчыну, падзялілі наш адзіны скарб — Белавежскую пушчу, разам з жывымі братамі разарвалі яе на палову. Гэта за партызаншчыну? Што вы думалі, партызаны? Ці вы наагул не ўмелі думаць? Героі думаюць аб народзе й аб дзяржаве, халуі толькі аб собскай выгадзе. Я не сустрэла сваіх землякоў, якія б любілі клятага Гітлера, такіх не было. Такіх ніхто не бачыў! Дурняў, якіх паліцаяў толькі, яны, гады, выкарыстоўвалі для сваіх брудных спраў. Можа, ідучы яны й не ведалі, як жа іх выкарыстаюць, як іх унізяць без мозглыя нацы. Якая трагедыя! Сталін — Гітлер: і адно, і другое нечалавечнае, і ніякае трэцяй магчымасці для народу...
Читать дальше