Конвоируй, стой верно на страже,
одного лишь смотри не забудь,
если даже тебе и прикажут,
не стреляй в нашу гордую грудь...
Мне здавалася, што такія ўжо ў нас страляць не здольныя. Даўгі час перашэптваліся канваіры ля вогнішчаў (для іх былі вогнішчы), паглядаючы ў мой бок пасля таго страшнага суда над нашымі хлопцамі. Канваіравалі, відавочна, іх бедных і многае ведалі.
А час поўз. Дні былі страшна даўгія й цяжкія, але годы праляталі хутка. Кожны дзень — цяжкія работы, прогаладзь і дакучлівыя маразы. Часам так змерзнеш, што здаецца табе — ты ледзьяная сасулька. Жаночы гладкі твар робіцца ад інею хлюпаты, быццам шэрсць нарасла на ім. Плачам тады, як перад скананнем, саграваемся слязмі. Калі трэба выйсці, дык часта канвой загадвае рабіць гэта пры ім. Мёрзлыя рукі не здолеюць расшпіліць ватніх нагавіцаў, а зашпіліць іх тым больш... Адна адной памагаем, ратуем сябе, і рукі нашыя робяцца як нежывыя калоды. Гэта калі халадно. Паўночным кароткім летам зноў вытарфоўка, карчоўка пнёў ці гоняць нас на рэчку Інту, дзе баграмі выцягаем сплаўлены лес, альбо заганяюць нас у ваду, і так мы часамі па шыі ў ледзьяной вадзе папіхаем наперад нагрувашчаны лес, кіламетрамі йдучы па вадзе. Тады ў нас адна толькі думка, вось: гнаць бы так гэтай рэчкаю клятага «айца» тае савецкай Расеі й страляць гарохам яму ў патыліцу і так, пакуль здох бы. Няволя, і калі падумаеш, што так мучыцца сорак мільёнаў людзей (так мне казалі кампетэнтныя: 40–45), то здаецца, свет не той. Як жа могуць жыць спакойна тыя культурныя людзі ў высокацывілізаваных краінах, як жа могуць яны спаць і есці, калі голас столькіх мільёнаў людзей моўкне ў бясконцых прасторах краю, які не мае права на існаванне, бо ніколі не ведаў людскасці ў адносінах да людзей, толькі мучэнні й нагайкі, якія цяпер замяніў аўтамат, які стаўся сымбалем гэтай сістэмы. 45 мільёнаў маладых найлепшых людзей, мозг і сумленне гэтага краю, яго сіла. Калі ўзяць усю колькасць насельніцтва СССР і адкінуць якіх 100 мільёнаў усякіх нацменаў, якія лагероў, як правіла, не засялялі, то знача, што гэта з Украіны, з Беларусі, з Прыбалтыкі й самой Расеі столькі найлепшых сілаў. А што засталося? У лагерох армія, вышкаленая прытым, і камандны састаў, але ўсё маўчыць, ніхто яе не падымае, яна чэзне, раскладаецца, гібне й ратуецца тым, што, як некалі, падае на жывот перад Джынгісханам і безапеляцыйна прымае ўсе яго несуразнасці. Няма святасцяў, ёсць адно — суцэльная хлусня, і ў гэтым трэба трэніравацца, хто гэта можа. Шмат што тут нагадвае змрочныя часы й парадкі Чынгісхана. Тут прызнаюць толькі рамесленнікаў, лекараў, тых, хто можа працаваць на гэты «гэршэндэ фольк» [200] Herrschende Volk (ням.) — паноўны народ.
, як казалі немцы. Іншыя могуць гінуць. Важны той, хто з 30-га года (былі 50-я гады), яго яшчэ хваляць, даюць большую пайку, пакуль глуміць кіркой мерзлату, а калі заняможа — на звалку. Страх з думкі: сляпая паслухмянасць сляпой тыраніі, а не — дык голаў далоў.
Божа мой, Ты з дзяцінства ўліў у маю душу літасць, праўду і пачуццё справядлівасці, даў сумленне й розум, як жа я, чалавек, які ведае законы чалавечыя й Божыя, магу згадзіцца з джынгісханамі пасля Масарыка, Абрагама Лінкальна [201] Лінкальн Аўраам (1809–1865) — палітычны і дзяржаўны дзеяч, прэзідэнт (1861–1865) ЗША.
, Талстога [202] Талстой Леў (1828–1910) — расійскі пісьменнік.
, Рабіндраната Тагора [203] Тагор Рабіндранат (1861–1941) — індыйскі пісьменнік, мастак, кампазітар, грамадскі дзеяч.
? Не, не, я чалавек, дзе б мяне ні закінулі, і ў гэтым мне памажы, Божа! Я прыпадала душой да ўкраінскае стыхіі простых дзяўчат і жанчын, якіх адарвалі жыўцом ад зямлі і іх сем’яў. Яны былі шчырыя, стойкія, чыстыя, як вада карпацкіх крыніцаў, і гэтым непаканана сільныя. Яны не стараліся зразумець, разгадаць, гаварыць з ворагам, яны яго раз пазналі й раз назаўсёды адкінулі як нешта супрацьжыццёвае, агіднае й згубнае для жыцця й людскасці. Смяяцца з такога не было ахвоты, згадзіцца з гэткім — ніколі. Іначай захоўваліся тыя болей інтэлігентныя ўкраінкі. І яны пераважна былі стойкія, але ізаляваліся ад свае масы, лічылі сябе лепшым элементам тады, калі было гэта наадварот. Мяне любілі адныя й другія, ды ўрэшце мяне, здаецца, любілі ўсе, калі ўжо не на вонак, то ў сэрцы, і я гэта адчувала! Нават тыя, якія губілі мяне й на мяне даносілі, а іх было болей, як можна было падумаць. Даносіць на мяне цяжка, я й сама скажу тое, што думаю, кожнаму ў вочы, а слова — сапраўды жывая рэч! Прыклад дзейнічае яшчэ болей. У лагеры кожны адкрываецца, само жыццё паказвае нутро чалавека, тут чалавек — адкрытая кніжка, адзін другога ведае наскроз. А людзі ёсць людзі, яны, як расліны, цягнуцца да сонейка, да лепшага, да праўды. Вякі хрысціянства стварылі душу людзям, і яна прагне свету й адкідае ўсю агіду сярэднявечча, з якім усе амаль сустрэліся ў час допытаў, ну й цяпер. Прад намі гады мукаў, ніякага спадзявання на збаўленне, а людзі ўсё ж хочуць застацца людзьмі.
Читать дальше