Пад вечар вецер перамянiўся, пасвятлела i пахаладала. Вечарам Пат адчула сябе лепш. Наступнай ранiцай яна магла ўжо ўстаць, а праз некалькi дзён, калi Рот - мужчына, якi паправiўся, - ад'язджаў, яна змагла нават пайсцi праводзiць яго на вакзал.
Рота праводзiў вялiкi натоўп. Такая тут была завядзёнка, калi хтосьцi ад'язджаў. Сам Рот быў не вельмi вясёлы. Яму нейкiм чынам не пашанцавала. Два гады назад нейкi свяцiла, адказваючы на яго пытанне, цi доўга яму яшчэ засталося жыць, заявiў, што гады два яшчэ, калi будзе сцерагчыся. Для пэўнасцi ён спытаў другога лекара, просячы сказаць праўду па шчырасцi. Той паабяцаў яму яшчэ менш. Тады Рот размеркаваў усё, што меў, на два гады i спусцiў, не зважаючы на сваю хваробу. Нарэшце яго завезлi ў санаторый з моцнай кравацечай... I тут, замест таго каб памiраць, ён пачаў упэўнена папраўляцца. Паступiўшы сюды, ён важыў усяго 45 кiлаграмаў. Цяпер ён набраў 75 кiлаграмаў i настолькi паправiўся, што яго выпiсалi. А грошай не было.
- Што я там буду рабiць? - пытаўся ён у мяне, чухаючы рыжую патылiцу. - Вы ж толькi што адтуль, як там?
- Усё памянялася, - адказаў я, разглядаючы яго круглы зморшчаны твар з бясколернымi вейкамi. Ён паправiўся, хоць быў асуджаны на смерць.
- Прыйдзецца шукаць сабе працу, - сказаў ён. - Як там цяпер наконт гэтага?
Я пацiснуў плячыма. Цi варта было тлумачыць яму, што ён, вiдаць, працы не знойдзе. Ён скора ўбачыць гэта сам.
- У вас ёсць сувязi, сябры?-спытаў я.
- Сябры... ну, вы ж ведаеце... - Ён кплiва засмяяўся. - Калi ты раптам застаешся без грошай, яны разбягаюцца ад цябе, як блохi з мёртвага сабакi.
- Тады будзе цяжка.
- Не ўяўляеце сабе, што будзе. У мяне толькi некалькi соцень марак. I я нiчога не ўмею, як толькi трацiць грошы. Здаецца, той прафесар меў рацыю, хоць у iнакшым сэнсе: гады праз два я аддам богу душу - праўда, ад кулi.
Раптам мяне апанавала шалёная злосць на гэтага iдыёта-балбатуна. Няўжо ён не ведае, што такое жыццё? Я ўбачыў, як перада мной iшлi Антонiа i Пат. Я бачыў яе шыю, схуднелую ад хваробы, я ведаў, як яна любiць жыццё. У гэты момант я мог бы забiць Рота, калi б такiм чынам можна было вярнуць Пат здароўе...
Цягнiк адышоў. Рот махаў капелюшом. Тыя, хто застаўся, крычалi яму наўздагон усялякiя пажаданнi i смяялiся. Дзяўчына, спатыкаючыся, бегла за цягнiком i крычала тонкiм голасам, якi зрываўся:
- Да пабачэння! Да пабачэння!
Потым яна вярнулася i залiлася слязьмi. На тварах iншых з'явiўся выраз засаромленасцi.
- Ало! - крыкнуў Антонiа. - За плач на вакзале - штраф. Гэта закон санаторыя. Штраф на карысць наступнага свята.
Ён шырокiм жэстам працягнуў руку. Астатнiя зноў засмяялiся. Востры, жалобны, залiты слязьмi твар дзяўчыны таксама заўсмiхаўся. Яна дастала з кiшэнi палiто пацёрты кашалёк. Мне зрабiлася вельмi балюча на душы. Гэтыя твары вакол, гэта ж быў не смех, гэта была сутаргавая, пакутная весялосць, гэта былi грымасы.
- Хадзем, - сказаў я Пат i ўзяў яе пад руку.
Мы моўчкi iшлi па вясковай вулiцы. Каля кандытарскай я спынiўся i купiў карабок цукерак.
- Смажаны мiндаль, - сказаў я i працягнуў ёй карабок. -Ты ж любiш яго, праўда?
- Робi, - сказала Пат. Вусны ў яе задрыжалi.
- Хвiлiнку, - сказаў я i хутка пайшоў у краму кветак. З ружамi я выйшаў па магчымасцi спакойна.
- Робi, - сказала Пат.
Мая ўсмешка была даволi жалобнай.
- Пад старасць зраблюся кавалерам, Пат.
Не ведаю, што раптам найшло на нас. Магчыма, прычынай быў той закляты цягнiк, што адышоў. Быццам цень, налiты волавам, лёг на нас, быццам вецер разарваў усё, што з цяжкасцю ўтрымлiвала нас. Мы раптам адчулi сябе дзецьмi, якiя заблудзiлi i не ведалi, куды падацца, але, тым не менш, не паказвалi страху.
- Зойдзем вып'ем чарку, - сказаў я.
Яна кiўнула. Мы зайшлi ў кавярню i селi каля акна.
- Што табе заказаць, Пат?
- Рому, - сказала яна i зiрнула на мяне.
- Рому, - паўтарыў я i ўзяў пад сталом яе руку. Яна моцна сцiснула маю.
Прынеслi ром. Гэта быў "бакардзi" з лiмонам.
- Мой каханы, - сказала Пат i падняла чарку.
- Мой добры сябра, - сказаў я.
Мы хвiлiнку яшчэ пасядзелi.
- Бывае часам дзiўна, праўда? - сказала Пат.
- Праўда. Часам штосьцi находзiць. I зноў праходзiць.
Яна кiўнула. Мы зноў пайшлi, прытулiўшыся адзiн да аднаго. Мiма нас пратопалi конi, запрэжаныя ў санi. Ад iх валiла пара. Змораныя загарэлыя лыжнiкi, хакейная каманда ў бела-чырвоных свiтэрах - жыццё i шум вакол.
- Як ты сябе адчуваеш, Пат? - спытаў я.
- Добра, Робi.
- Праб'ёмся. Праўда?
- Вядома, каханы. - Яна прыцiснула маю руку да сябе.
Вулiца апусцела. Вечаровая зара ружовым покрывам ляжала на заснежаных гарах.
Читать дальше