Складаныя і супярэчлівыя пачуцці выклікала гэта ахвярнасць і закланнасць. Усё ж, што б там ні казалі, гэта быў учынак. I чалавек ён быў шчыры, неблагі, як, дарэчы, кожны сярод іх, вось такіх куратараў. Усе яны шчырыя, неблагія і разумныя людзі. Толькі, толькі… далучэнне да куратарства і пракуратарства не праходзіць беспакарана. I ці яго віна, што, выпраўляючы на подзвіг, яго не здолелі ўсім кланам прыстойна абмундзіраваць, зрабілі наадварот, распранулі дагала. Сапрэлі, пэўна, у сталінскіх скрынях старыя мундзіры, сатлелі ў прах, як і колькі ні нацягвай іх на сябе – усё роўна застанешся голым. Тут ужо і самы адмысловы касцюмер не дапаможа. А мінскія шаўцы ніколі сваім мастацтвам не вылучаліся. «Бурда» – ды не тая, дамарослая, што проста бурда. I перабудова гэта відавочна выкрыла, спачатку пахіснула, а потым і ў друз, ушчэнт разбілі міф аб стабільнасці становішча рэспублікі, міф аб самай дабранадзейнай рэспубліцы ў краіне. Прасвятленне, набыццё зроку – заўсёды балюча і страшна, але ж некалі трэба прызнавацца ў гэтым. Чалавецтва павінна з усмешкай развітвацца са сваім мінулым. Класіка. Але ж то, пэўна, усё чалавецтва. Чалавецтва ў гісторыі. А чалавек і ў тую хвіліну, калі адбываецца гэта развітанне? Ці да гумару, ці да ўсмешкі?! I яшчэ, што такое кожнаму з нас – мінулае? Якое ж яно, мінулае, калі гэта сёння? Калі ты ўрос у гэта сёння, прысмактаўся да яго, зросся з ім, як тая царэўна-жаба з брыдкай, але сваёй скурай. I няма нідзе Івана-царэвіча, які б здагадаўся з рашучаю ўсмешкай спаліць тую скуру. Усе лапяць і лапяць яе. А скура ўсё роўна жабіна. Вось ужо і нітак не хапае, вось ужо і латак няма, і голкі паламаліся, дый лапіць няма чаго. А зачараваны царэвіч усё цыруе і цыруе. Народ ужо кончыў плакаць па тым сваім жабіным плацейку і смяецца, грозна і папераджальна, а ён шчыруе і шчыруе. Голасць караля была бачна не толькі прастадушнаму воку дзіцяці, усім, хто знаходзіўся ў зале, хто пажадаў і здолеў у апошнія гады набыць зрок. Са сваімі доказамі і аргументаванасцю ён толькі працягваў усеагульны рэспубліканскі духоўны стрыптыз і спачуванне да яго і абурэнне тымі, хто вымусіў яго з’явіцца сюды, запасіліся, выспявалі ў душы, таму што голасць гэта год-два назад была ўласціва багата каму, калі не ўсім, хто сядзеў цяпер у зале. Што тут казаць, чаму радавацца, не толькі адзін перад адным – на ўвесь свет выхваляліся, выстаўляліся сваёй галізной. I сорам мімаволі чырванню ахопліваў твар. Большай дыскрэдытацыі той установы, якую прадстаўляў той Куратар, пры ўсім жаданні немагчыма было ўявіць, папрасі ворага – і той не здолеў бы. Сапраўды, няма ў нас ворага больш вялікага, чымсьці самі мы. I яшчэ. Гэта ўжо спакон веку, каралі і каралькі ўсіх рангаў і званняў, куратары, пракуратары і шэрыя кардыналы баяцца свежага паветра: як хутка яны ліняюць да страты чалавечай вартасці і годнасці, калі іх выцягнуць на святло, пачаць гаварыць з імі на нармальнай чалавечай мове, не ідыялагічнымі прапагандысцкімі блокамі, а відавочнасцю, рэальнасцю, пазбавіць іх звыклых абставін, саноўнага крэсла, тэлефонаў-вяртушак, сакратарак, мэблі пад арэх ці чырвонае дрэва, парадных пад’ездаў і лесвіц пад мармур. Без усяго гэтага, без падтрымкі, без хлопчыкаў-павадыроў, як хадзілі некалі сляпыя жабракі, яны таксама сляпыя. Ніколькі не велічныя, не проста бездапаможныя, а недарэчныя і бязглуздыя, як можа быць недарэчным чалавек з сапсаванай каардынацыяй руху. Таму, як казаў славуты расійскі дзядуля Крылоў, мы шмат у гісторыі прыкладаў ведаем. Недарэчныя і бязглуздыя ў нармальных чалавечых зносінах, адносінах і сувязях. Недарэчныя ў прамовах, учынках, дзеянні. О, наша шматпакутнае жыццё і гісторыя апошніх гадоў, ты ўсё такое – выпрабаванне на бязглуздасць і бязглуздасцю. Яны лжывыя, таму што ўжо не здольныя быць самімі сабой, а толькі пад… Імітацыя праўды, імітацыя жыцця, улады, пэўна, таксама. Жахліва, жудасна, таму што мы таксама пад, пад імі. Мы, сляпыя хлапчукі, павадыры сляпых. I ніколі па сваёй добрай волі яны нас не выпусцяць з-пад гэтага пад, калі мы не здолеем вызваліцца самі, не станем відушчымі і адмовімся быць іх павадырамі.
I падобна на тое, што людзі, якія сабраліся ў Красным касцёле, упершыню разам моладзь і творчая інтэлігенцыя Мінска, пачыналі выходзіць на тую дарогу вызвалення і прасвятлення:
– Хто за тое, каб прыняць нашу сумесную рэзалюцыю за аснову, – як звычайна прапанаваў старшыня сходу, – прашу падняць рукі. Зала, за выключэннем людзей ніадкуль, ускінула рукі. У той жа час падхапіўся са свайго месца Куратар, які да гэтага ўжо выступаў, але так нічога пэўнага і не сказаў. Яго не сагналі з трыбуны толькі дзякуючы яшчэ аўтарытэту і высокасці той установы, ад імя якой ён тут з’явіўся, веданню яго ў мінулым як чалавека неблагога і памяркоўнага, заскарузлай, старой цярплівасці прысутных. Цяпер ён зноў памкнуў да мікрафона. Памкненне гэта параўнальнае толькі з адчаем лагерніка – як хутка ў наш час мяняюцца ролі,– лагерніка, які кідаецца на калючы пад напружаннем дрот. Але старшыня, імкнучыся закончыць галасаванне, аберуч абхапіў трыбуну і не дапусціў яго да мікрафона. Маленькі, у акулярах, толькі што пасля інфаркту, немаладзён ужо, ён не дазволіў выпхнуць сябе з-за трыбуны, не пусціў да мікрафона. Пачалася доўгая і даволі зневажальная тузаніна і спрэчка. Барацьба за ўладу, мікрафон, галоснасць і чалавечую вартасць Двое хлопцаў-распарадчыкаў з нарукаўнымі павязкамі наблізіліся і сталі па абодва бакі Куратара. Пазней часопіс «Политический собеседник», № 1, 1989 г., напіша, што яго сілаю сцягнулі з трыбуны, вывалаклі з залы і амаль пабілі. Сведчу: ніхто пальцам да яго не дакрануўся. А сам факт такой публікацыі – дадатковае і яскравае сведчанне размеркавання сіл. Рэспубліканская незалежная і плюралістычная прэса, за выключэннем «ЛіМа», – іхняя. Выступленне, крык Янкі Брыля ў «Советской Белоруссии» – эпізод, адчуванне старой гвардыяй таго, што перабралі, хапілі праз край.
Читать дальше