Мацi, выбiўшыся са здароўя, усё ж адсудзiла два гектары нiшчымнага пяску.
Але хiба з iх пражывеш? I мацi хадзiла прызарабляць – летам жала ў асаднiка-ўдаўца, што мо знарок наймаў збедаваную па мужчыну маладзiцу, восенню бегала ў сушню, што была пры тартаку ў мястэчку, лупiць машынкаю яблыкi i выкручваць з iх костачкi. З сушнi варочалася, прыносячы карове поўную радзюжку гэтых лупiн, карычневых костачак i гнiлых, мяккiх, як порхаўкi, яблыкаў з драбнюткiмi бародаўкамi сiвое плеснi.
Аднае ночы, перад усiмi святымi, ужо маразы бралiся, яе нехта пераняў каля рэчкi на балотцы, выскачыўшы з сiняватай ад месяца смугi, з-за голых вербаў. Абамлеўшы ад страху, яна кiнулася на другi бок, на гразкае, што блiскала iнеем, балота, уляцела ў крынiчныя лёхi – выкупаўшыся па пахi, ледзьве выбралася адтуль.
Вярнулася дахаты, калоцячыся ад холаду i страху. Расказвала i плакала.
Да мацеры прыкiнулася нейкая абложная хвароба. I яна ўжо не ачуняла. Губы ў яе пасiнелi, яна звяла i была лёгкаю, як дзiця, калi Iмполь памагаў ёй легчы вышэй на падушку. На трэцiм тыднi, неяк у нядзелю, калi ёй трохi адпусцiла, яна папрасiла прынесцi пад голаў сена; покуль Iмполь вярнуўся з гумна – мацi ўжо нерухома ляжала, гледзячы недзе ў столь; на жаўтлявай шчацэ стыла, выкацiўшыся, сляза. Iмполь, схаладзеўшы ад страху, пачаў тузаць мацi, а потым нема заенчыў, але яна ўжо не чула…
Яны асталiся ўдвух – Iмполю iшоў трынаццаты, Платону – васемнаццаты год. Платон ужо хадзiў на работу – грузiў на чыгуначнай станцыi папяроўку – караткаватыя, на паўтара метра, яловыя круглякi. Ён уружыўся пiць i разбэсцiўся саўсiм. Прыходзiў дадому п’яны i соваўся да Iмполя бiцца. Iмполь перабыў зiму дома, а вясною перад Юр’ем да iх прыехаў багатыр Радзюк, што купiў у Вясёлым Двары, ужо растрэсеным панскiм маёнтку, дваццаць гектараў зямлi, згоджваць Iмполя ў пастухi.
«Што тут будзеш вошай кармiць, – сказаў Платон, якi збiраўся жанiцца i хацеў выправiць з хаты меншага брата. – Iдзi, людзi хоць абмыюць ды адзенуць».
Iмполь, не хочучы, згадзiўся. Пасвiў пяцёра чужых кароў, а прыгнаўшы на полудзень – бегаў iрваць свiнням свiрэпу. Дыхнуць Радзюк не даваў.
На другi год Платон ажанiўся, узяў старэйшую за сябе, худую, з тонкiмi жылаватымi рукамi i вострым, як цвiчок, носам дзеўку – пагнаўся на пасаг. Знайшлося дзiця, там у Дубатоўках была другая сям’я – Iмполя цяпер дадому не цягнула.
Радзюк, апытаўшы новага пастуха, пакiнуў Iмполя за парабка.
Радзюкоў сын, хворы на сухоты Ладак, рабiць нiчога не мог. Трымаў усю гаспадарку Iмполь, памагала яму хiба толькi Радзюкова нявестка – круглая, як бонда, бялявая, заўсёды расхрыстаная i з босымi, ад снегу да снегу, пляскатымi нагамi Ваця. Дужая, спраўная да работы, яна нiколi не хварэла.
З кожным годам сталеючы, Iмполь неяк i панаравiў яе. Да маладых дзяўчат яго не цягнула: саромеўся каму-небудзь сказаць, што падабалiся маладзiцы, налiтыя сокам, шырокiя ў крыжах, тыя, што ўжо радзiлi дзяцей i ведалi смак мужчыны. Ён, як ад салодкага чаду, п’янеў, няўзнак цiкуючы, калi Ваця раздзявалася, астаючыся ў караткаватай, без рукавоў, палатнянай сарочцы, калi яна нязграбна сядзела i было вiдаць яе белае, тоўстае, як бручка, калена.
А раз нават снiлася яму тое, пра што ён думаў, гледзячы на яе.
Снiцца яна пачала пасля таго, як вадзiлi мыць авечак. Узяўшыся за тоўсты закручаны рог, Ваця выцягнула з хлява чорнага з шырокаю, як лава, спiною барана, што раскарачыўся i, упiраючыся нагамi, нiяк не хацеў iсцi на двор. Потым адною рукою схапiла за абедзве столкi спаднiцу, падцягнула высока ўгору, перакiнула нагу цераз барана i паехала на iм, свецячы белаю мякаццю сытых сцёгнаў. Баран, угiнаючыся i круцячы галавою, ляцеў што ёсць моцы. Iмполь, каб не астацца, стаў падганяць трапятлiвую авечку. Уперадзе ўсё бялела гэтая мякаць сытых сцёгнаў i стаяў рогат:
– Ха-ха!.. Во нясе, во дужы!
Яна паднiмала, выцягваючы, ногi, каб не датыкацца iмi да зямлi. Баран угiнаўся, але бег, хiстаючыся пад цяжарам яе гладкага маладога цела.
– Ха-ха… – яна азiралася, трасучы галавою, каб адкiнуць з вачэй кароткiя, падстрыжаныя нiжэй вуха валасы, з якiх, мусiць, вывалiлася шпiлька.
З грудка спускалася пад рэчку на балотца, дзе на маладой, засыпанай вербнымi таўкачыкамi траве ў некалькi радоў сохла там-сям скручанае ветрам палатно. Бабы, што сядзелi тут са сваёю работаю, найболей з шытвом, чакаючы, покуль палатно не высахне, каб сцягнуць у гармонiк i зноў утаптаць у рэчку, убачыўшы Вацю, пачыналi гукаць:
– Ваця, вышай паднiмi спаднiцу, вышай, а то, дальбуг, нiчога не вiдаць!
Читать дальше