1 ...8 9 10 12 13 14 ...35 Каты пераглянулiся: старэйшы з iх, што сядзеў каля акна ў шарачковым з закручанымi кляпамi пiнжаку, матнуў галавою:
– Хадзем.
– А нiхто i не просiць, каб ты тут сядзеў. Iдзi, свет адчынены, – Корсак ссунуўся з лавы, трымаючы высмалены, з жоўтай плямай на галянiшчы, валёнак – на дратве целяпалася i блiскала тоўстая iголка.
Каты пасунулiся з хаты, прыгрукнуўшы за сабою дзвярмi, аж у лямпе падскочыў жоўты язычок агню.
– Баба з воза – каню лягчэй, – сказаў Корсак, калi ў сенях аб кручок дзынкнула клямка.
Сяло маўчала – усе ведалi, што стары Корсак процi, каб нехта з Катоў сватаўся да Хрысцi. Каты ў Верасаве павагi не мелi. На iх, як на людзей, не зважалi яшчэ здаўна. Каты былi бедныя, казалi, што яшчэ за паншчынаю ў iхняга прадзеда, бо ленаваўся рабiць, пан адабраў палавiну надзелу. Цяпер у Катоў асталася шастуха – шостая частка валокi, па цяперашнiх мерах – тры гектары з нечым, ды i тая не зямля, адна камянiца. А на голага сабакi брэшуць. I калi ў Верасаве была якая пакража – падазрэнне падала заўсёды на Катоў. А за руку, як кажуць, злавiлi таго самага iхняга прадзеда – ён у Мондрых, некалi першых на ўсё Верасава багатыроў, краў са свiрна, з глыбокiх засекаў, збожжа, пракруцiўшы свярдзёлкам у сцяне дзiркi.
Паздзекавацца ды пасмяяцца з Катоў у Верасаве любiў кожны. Яны ж, людзi i пунтовыя i заядлыя, помсцiлi па-свойму. Iхнi бацька, Рэпка Адам, астаўшыся пры паляках солтысам, пачаў удаваць людзей: палякi тады пабралi ў вёсцы коней i збiлi да паўсмерцi Корсака – ён схаваў жарабiцу, перагарадзiўшы хлеў яшчэ адной глухою сцяною. За гэта Катам ужо дараваць не маглi.
– У, Катэ, у, кашэчнiкi! – стары Корсак заварушыўся каля печы, мусiць, спомнiўшы сваю даўнейшую злосць.
– Цi не досiць?! – аказаўся ўжо Мiця, не залюбiўшы, што бацька не перастае сварыцца. – Пагаварыў, i досiць!..
– Яны некалi ўсю вёску баламуцiлi i цяпер во, – Корсак нагнуўся да iголкi, што вытыркнулася з валёнка, выцягнуў яе зубамi i хацеў нешта сказаць яшчэ, але ў сенях штосьцi загрукацела, як падаў пусты кубелец цi дзежка, i зазвiнела парожняе вядро.
– Хто ж гэта заблудзiўся? – засмяялася Хрысця i, вылезшы з-за калаўротка, адчынiла дзверы.
У сенях стаяў Iмполь, крыва i сарамлiва ўсмiхаючыся, што не знайшоў дзвярэй.
– А мне бог ведае што падалося, – сказала Хрысця, убачыўшы i пазнаўшы Алесiнага малацьбiта. – Заходзь жа ў хату, – i адняла ад клямкi руку.
Усё сяло глядзела туды, на парог. Дзяўчаты ўжо зналi, што да Радзiвонавай Алесi нанялiся малацiць чужыя мужчыны – адзiн з iх малады i надта ж харошы хлопец. Расказала Хрысця, а некаторыя дападныя ўскоралi падцiкавiць самi i цяпер таўклi, штурхалi адна адну локцем пад бок: «Глядзi, хто прыйшоў».
Iмполь убачыў, што з-за кожнае праснiцы блiшчаць, выглядаючы, вочы, i закруцiўся сярод хаты, шукаючы, дзе гэта дзецца, i сагнуўся, як гнецца вялiкi чалавек, нiбыта саромеючыся свайго росту.
– Садзецеся, – хлопцы рассунулiся на лаве, ляпнуўшы рукою на пустое месца.
Iмполь абвёў вачыма хату i дастаў пачак папярос, выстаўляючы яго хлопцам: да яго нават здалёк пацягнулiся рукi – тытунь быў дарагi, а свайго садзiць не давалi – i хлопцы былi ласыя пажывiцца чужым ды дармовым.
У хаце запахла саладжавым сiнiм дымам, пах яго быў нязвыклы пасля ўдушлiвае махоркi. Гэтакiм пахучым, лёгкiм дымам у верасаўскiх хатах пахла толькi ў свята, калi хлопцы, нават i тыя, хто не курыў, дзеля фасону куплялi ў мястэчку папяросы.
– Ну i запыхкалi, – папярхнуўшыся дымам, Мiця падышоў да печы i адкрыў у комiне верхнiк.
– Вой, якi далiкатны. А мне дак хораша пахне, – азвалася дзеўка, у якой, мусiць, самлела рука – патрымай яе перад носам, скубучы кудзелю.
– I праўда, што ж гэта за папяросы? – нацягнуўшы падшыты валёнак i ўсё тупаючы нагою i гледзячы на яе, пракульгаў, бо другая была босая, да Iмполя стары Улас. – Дай жа я сапсую адну.
– Курэце, дзядзька, курэце, – Iмполь абмацаў кiшэнi, зноў шукаючы пачак папярос.
– Гэй, курцы, цi чулi, што было пад Пiнскам? – выйшаўшы на сярэдзiну хаты, спытаўся Мiця.
– Не, а што?
– Не выдумляй, – дзяўчаты нават перасталi прасцi, прыпыняючы за кола свае калаўроткi.
– А во паслухайце, – Мiця падступiўся, дастаў з-пад бэлькi скручаную ў трубку газету, разгарнуў яе, прыжмурыўшыся, пачаў чытаць: – «Нязвыклы выпадак здарыўся пад Пiнскам. Мяшканцы хутара Глуша Каленiк Талерка i Аўдоцця Мядзведзь вязлi хрысцiць дзiця. Удома кумоў так напаiлi, што толькi каля цэрквы яны агледзелiся, што згубiлi дзiця. За вярсты тры ад хутара яго знайшоў Дзямян Калета з Сваловiч. Яно ляжала жывое ды здаровае збоку дарогi. На трэцi дзень у Глушы нанава спраўлялi хрэсьбiны».
Читать дальше