Строгі пан пачаў мяняцца з твару і паспрабаваў адказаць градам лаянак, адрасаваных Швейку і фельдкурату.
– Вы закончылі сваю казань? – спакойна спытаў Швейк, калі адгучаў апошні кленіч: «Абодва вы нягоднікі, які пастух, такая і чарада». – А можа, вы хочаце яшчэ нешта дадаць, перш чым паляціце са сходаў?
З той прычыны, што строгі пан настолькі знясіліўся, што яму не прыйшла ў галаву ніводная новая лаянка, і таму замоўк, Швейк палічыў, што дарэмна ён будзе чакаць дадаткаў. Ён расчыніў дзверы, паставіў строгага пана на парогу тварам да лесвіцы і… за такі ўдар не пасаромеўся б найлепшы гулец самай знакамітай футбольнай каманды міжнароднага класа.
A следам за строгім панам па сходах нёсся Швейкаў голас:
– У наступны раз, калі пойдзеце ў адведкі да прыстойных людзей, будзеце паводзіць сябе слушна.
Строгі пан доўга яшчэ хадзіў па-над вокнамі, чакаючы фельдкурата, а Швейк праз адчыненае акно назіраў за ім.
Нарэшце госць дачакаўся. Фельдкурат адвёў яго ў пакой і пасадзіў у крэсла насупраць сябе.
Швейк моўчкі прынёс плявальніцу і паставіў яе перад госцем.
– Што вы робіце, Швейк?
– Асмелюся далажыць, пан фельдкурат, з гэтым панам ужо была невялікая непрыемнасць з-за яго плявання на падлогу.
– Пакіньце нас адных, Швейк, нам сёе-тое трэба ўладзіць паміж сабой.
Швейк выцягнуўся і аддаў чэсць.
– Слухаюся, пан фельдкурат, пакідаю вас адных. I пайшоў на кухню. У пакоі пачалася надта цікавая размова.
– Вы прыйшлі атрымаць грошы па вэксалю, калі не памыляюся? – спытаў фельдкурат свайго госця.
– Так, і спадзяюся… Фельдкурат уздыхнуў.
– Ведаеце, часта здараецца, што трапляеш у такую сітуацыю, калі застаецца толькі спадзявацца. О, як прыгожа гучыць гэтае слова «спадзяванне» з таго трылісніку, які ўзвышае чалавека над хаосам жыцця: «вера», «спадзяванне», «любоў»…
– Я спадзяюся, пан фельдкурат, што сума…
– Бясспрэчна, шаноўны пане, – перапыніў яго фельдкурат, – я магу паўтарыць яшчэ раз, што слова «спадзяванне» дае чалавеку сілу ў яго жыццёвай барацьбе. Не губляйце надзеі і вы. Як гэта цудоўна: мець пэўны ідэал, быць бязвінным, чыстым стварэннем, якое пазычае грошы пад вэксаль і мае надзею, што атрымае іх назад своечасова. Спадзявацца, увесь час спадзявацца, штоя выплачу вам тысячу дзвесце крон, калі ў мяне ў кішэні няма і сотні.
– Значыцца, вы… – пачаў заікацца госць.
– Значыцца, я, – адказаў фельдкурат.
На твары госця зноў з’явіўся ўпарты і злосны выраз.
– Пане, гэта жульніцтва, – сказаў ён, устаючы.
– Супакойцеся, шаноўны…
– Гэта жульніцтва! – упарта крычаў госць. – Вы ашукалі мой давер.
– Пане, – сказаў фельдкурат, – вам, несумненна, пойдзе на карысць перамена паветра. Тут занадта душна. Швейк, – крыкнуў ён у кухню, – гэтаму пану прыйшоў час выйсці на свежае паветра.
– Асмелюся далажыць, пан фельдкурат, – пачулася з кухні, – я гэтага пана ўжо адзін раз выкідваў.
– Паўтарыць! – прагучаў загад, які быў выкананы хутка, імкліва і крута.
– Добра, што мы адчапіліся ад яго, пакуль ён не паспеў наскандаліць. У Малешыцах жыў адзін карчмар. Грамацей, які на ўсе выпадкі жыцця меў выслоўі са Святога пісьма, і, калі ён часам некага лупцаваў, то заўсёды прымаўляў: «Хто шкадуе бізуноў, той ненавідзіць сына свайго, а хто каго любіць, той таго чубіць. I своечасова. Я табе пакажу, як біцца ў мяне ў карчме!»
На свеце існуе нямала настырных людзей, да якіх належаў і пан, двойчы выкінуты з кватэры фельдкурата. Толькі згатавалі вячэру, як нехта пазваніў. Швейк пайшоў адчыніць, неўзабаве вярнуўся і далажыў:
– Ён зноў тут, пан фельдкурат. Я пакуль што замкнуў яго ў вашым пакоі, каб мы маглі спакойна павячэраць.
– Нядобра ў вас атрымліваецца, Швейк, – сказаў фельдкурат. – Госць у дом, бог у дом. За даўнім часам на баляванні прыводзілі пачварных вырадкаў, каб яны забаўлялі застолле. Прывядзіце яго сюды, хай ён нас пазабавіць.
Праз хвіліну Швейк вярнуўся з настырным панам. Пан панура глядзеў перад сабой.
– Сядайце, – ветліва прапанаваў фельдкурат. – Мы якраз канчаем вячэру. Толькі што елі амара і ласося, а цяпер будзе яечня з шынкай. Чаму нам не баляваць, калі ёсць яшчэ людзі, якія пазычаюць нам грошы?
– Спадзяюся, я тут не для жартаў, – вымавіў пануры пан. – Я тут сёння ўжо ў трэці раз. Спадзяюся, што цяпер усё высветліцца.
– Асмелюся далажыць, пан фельдкурат, – заўважыў Швейк, – гэта ж сапраўдная гідра! Зусім як Боўшак з Лібні. Васемнаццаць разоў за вечар яго выкідвалі з піўной «Экснер» і кожны раз ён вяртаўся, быццам бы люльку забыўся. Ён лез у вокны, дзверы, праз кухню, цераз сцяну ў піўнуху, праз склеп да стойкі, дзе наліваюць піва, і, відаць, спусціўся б праз комін, калі б яго не знялі са страхі пажарныя. Такі быў настырны, што мог стаць міністрам або дэпутатам. Ну, далі яму дыхту як належыць.
Читать дальше