– Хацеў бы я ведаць, Швейк, – сказаў фельдкурат, – як можна саграшыць дотыкам. Вы не можаце мне гэта вытлумачыць?
– Ды шмат як, пане фельдкурат; пашнарыць, напрыклад, у чужой кішэні альбо на пагулянках, дзе танцуюць… Вы ж разумееце, якія там выкідваюць штучкі.
– А хадой, Швейк?
– Гэта калі хто пачне чыкільгаць, каб людзі паспачувалі.
– А нюхам?
– Калі не даспадобы які-небудзь смурод.
– А смакам?
– Калі хто смакуе гулі з дзяўчатамі.
– А мовай?
– Ну, гэта ўжо разам са слыхам, пан фельдкурат: калі адзін балабоніць, а другі яго слухае.
Пасля гэтых філасофскіх разважанняў фельдкурат змоўк, а потым зноў звярнуўся да Швейка:
– Значыцца, так – нам патрэбен асвячоны епіскапам ялей. Вось вам дзесяць крон, купіце бутэлечку. У інтэнданцтве, відаць, такога ялею няма.
Швейк выправіўся ў дарогу па ялей, асвячоны епіскапам. Адшукаць яго было больш цяжка, чым жывую ваду ў казках Божаны Немцавай*. Швейк пабыў у некалькіх аптэкарскіх крамах, але, як толькі вымаўляў: «Папрашу бутэлечку ялею, асвячонага епіскапам», усюды альбо падымалі на смех, альбо спалохана хаваліся пад прылавак, хаця Швейк гаварыў надзвычай сур’ёзна. Ён вырашыў паспрабаваць шчасця ў аптэках. У першай лабаранту загадалі Швейка вывесці, у другой збіраліся выклікаць па тэлефоне карэту хуткай дапамогі, а ў трэцяй правізар сказаў, што патрэбны ялей, пэўна, знойдзецца ў фірме Полак на складзе на Длоўгай вуліцы.
У фірме Полак на Длоўгай вуліцы сапраўды ішоў бойкі гандаль. Ніводнага пакупніка не адпускалі, не выканаўшы яго жадання. Калі пакупнік прасіў капайскі бальзам*, яму налівалі тарпатыну, і сыходзіла за першы гатунак. Калі Швейк прыйшоў і папрасіў асвячонага епіскапам ялею за дзесяць крон, гаспадар сказаў прадаўцу:
– Пан Таўхен, наліце яму сто грамаў канаплянага алею нумар тры.
A прадавец, загортваючы бутэлечку ў паперу, сказаў Швейку чыста па-гандлярску:
– У нас усё першага гатунку. Спатрэбяцца пэндзлі, лакі, пакост – будзьце ласкавы, звяртайцеся да нас. Фірма салідная, абслужым па першым разрадзе…
– Ну, ялей у нас ёсць, – вымавіў Швейк урачыста, вярнуўшыся з фірмы Полак, – канапляны алей нумар тры, першы гатунак. Можна памазаць хоць цэлы батальён. Фірма салідная. Прадае таксама пакост, лакі і пэндзлі. Яшчэ нам патрэбен званочак.
– А званочак навошта, Швейк?
– Званіць па дарозе, каб людзі скідалі шапкі, калі мы паедзем з панам богам і з канапляным алеем нумар тры. Так яно робіцца, і шмат каго з тых, хто не звяртаў на гэта ўвагі і не здымаў шапку, потым арыштавалі. У Жыжкаве адзін святар пабіў сляпога за тое, што той не зняў шапкі. Гэтага сляпога яшчэ і пасадзілі, бо на судзе яму даказалі, што ён толькі сляпы, а не глуханямы, і што, значыцца, звон чуў і спакушаў іншых, хаця тое здарылася ўначы. Іншым разам нас людзі і не заўважылі б, а цяпер будуць перад намі шапкаваць. Калі вы, пан фельдкурат, не маеце нічога супраць, я ў момант здабуду.
Атрымаўшы дазвол, Швейк праз паўгадзіны прынёс званочак.
– Гэта ад брамы заезнага дома «У Кржыжкаў», – сказаў ён. – Усяго пяць хвілін страху, а чакаць давялося доўга, бо ўвесь час людзі снавалі.
– Я пайду ў кавярню, калі хто прыйдзе, няхай пачакае.
Прыблізна праз гадзіну прыйшоў пажылы сівы чалавек з суровым выглядам. Трымаўся ён надзвычай прама. Глядзеў так, быццам быў пасланы лёсам знішчыць нашу бедную планету і сцерці яе сляды ў сусвеце. Гаварыў ён суха, рэзка і строга.
– Дома? Пайшоў у нейкую кавярню? Прасіў пачакаць? Добра, буду чакаць аж да раніцы. На кавярню ён грошы мае, а даўгі плаціць, то не мае! Святар называецца! Цьфу ты, чорт!
I ён плюнуў у кухні на падлогу.
– Не плюйце тут у нас, пане! – адрэагаваў Швейк, з цікавасцю ўзіраючыся ў незнаёмага.
– I яшчэ раз плюну, бачыце, вось так! – упарта трымаўся свайго строгі пан, плюючы на падлогу зноў. – Як яму не сорамна! А яшчэ вайсковы святар!.. Ганьба!
– Калі вы чалавек выхаваны, – заўважыў яму Швейк, – то кінеце сваю прывычку пляваць у чужой кватэры. Ці, можа, вы думаеце, што калі пачалася сусветная вайна, то вы ўсё можаце сабе дазволіць? Вы павінны паводзіць сябе слушна, а не як валацуга. Вы павінны паводзіць сябе далікатна, гаварыць ветліва, а не распускацца, як грубіян нейкі. Вы – цывільны балбес!
Строгі пан падскочыў у крэсле і, закалаціўшыся ад злосці, закрычаў:
– Што вы сабе дазваляеце! Я нявыхаваны чалавек? Дык хто я тады, га? Скажыце…
– Вы дрэнь! Вось хто, – адказаў Швейк, гледзячы яму ў вочы. – Плюе на падлогу, нібы ён у трамваі, у поездзе ці недзе ў грамадскім месцы. Я заўсёды здзіўляўся, чаму там усюды вісяць цыдулькі: «Пляваць на падлогу забараняецца», а цяпер бачу, што гэта з-за вас. Відаць, вас усюды надта добра ведаюць.
Читать дальше