– Люблю пана бога, – азваўся фельдкурат, пачынаючы ікаць, – вельмі люблю. Дайце мне трохі віна. Я пана бога шаную, – працягваў ён, – надта яго шаную і паважаю. Нікога так не паважаю, як яго!
Ён стукнуў кулаком па стале, аж бутэлькі падскочылі.
– Бог, – узвышаная незямная існасць, дасканалая ва ўсіх адносінах. Гэта сонечная з’ява, і ніхто мяне не зможа абвергнуць. I святога Ёзафа я шаную, усіх святых я шаную, апрача святога Серапіёна. У яго такое агіднае імя!
– Ён мог бы папрасіць аб змене імя, – заўважыў Швейк.
– I святую Людмілу люблю, і святога Бернарда, – працягваў былы настаўнік закона божага. – Ён выратаваў шмат падарожнікаў на Сен-Гатардзе. У яго на шыі бутэлька з каньяком, і ён адшуквае засыпаных снегам.
Забава атрымала новы накірунак, набожны фельдкурат пачаў плесці лухту.
– Дзетак я шаную, іх свята 28 снежня, а Ірада ненавіджу. Калі курыца спіць, дык свежых яек не чакай.
Ён засмяяўся і заспяваў: «Святы божа, святы моцны…», але адразу ж перапыніў свой спеў і, звяртаючыся да Каца, рэзка спытаў:
– Вы не верыце, што 15 жніўня свята Успення панны Марыі?
Забава была ў поўным разгары. З’явіліся яшчэ бутэлькі, і час ад часу чуўся голас Каца:
– Скажы, што не верыш у бога, бо не налью. Здавалася, што вяртаюцца часы праследавання першых хрысціян. Былы прапаведнік закона божага спяваў нейкую песню пакутнікаў рымскай арэны і галасіў:
– Веру ў пана бога і не адракуся ад яго! Забяры сваё віно! Mагу і сам па яго паслаць.
Нарэшце яго ўклалі ў ложак. Але перш чым заснуць, ён абвясціў, узняўшы правую руку, як для прысягі:
– Веру ў бога-айца, сына і святога духа! Прынясіце мне малітоўнік!
Швейк сунуў яму ў рукі першую, Якая трапіла пад руку, кнігу з тых, што ляжалі на начным століку гаспадара, і набожны фельдкурат заснуў з «Дэкамеронам» Бакача ў руцэ.
Раздзед XIII. Швейк едзе сабораваць
Фельдкурат Ота Кац задуменна сядзеў над цыркулярам, які яму толькі што прынеслі з казармаў. Гэта быў загад вайсковага міністэрства: «Гэтым вайсковае міністэрства адмяняе на час ваенных дзеянняў усе пастановы наконт саборавання воінаў, што дзейнічалі да гэтага часу. Да ведама і выканання вайсковага духавенства вызначаюцца наступныя правілы: 1. Сабораванне на фронце адмяняецца.
2. Цяжкахворым і параненым не дазваляецца з мэтай саборавання перамяшчацца ў тыл. Чынам вайсковага духавенства ставіцца ў абавязак вінаватых у парушэнні гэтага неадкладна перадаваць у адпаведныя вайсковыя ўстановы на прадмет далейшага пакарання.
3. У тылавых вайсковых шпіталях сабораванне можа быць праведзена ў групавым парадку на падставе вываду вайсковых лекараў, паколькі ўказаны абрад не парушае працы названых устаноў.
4. У выключных выпадках Управа тылавых вайсковых шпіталяў можа дазволіць некаторым асобам у тыле прыняць сабораванне.
5. Чыны вайсковага духавенства абавязаны па выкліку Управы вайсковых шпіталяў праводзіць сабораванне тым, каму Управа прапануе прыняць сабораванне».
Фельдкурат яшчэ раз перачытаў адносіну, у якой яму паведамлялася, што заўтра ён павінен з’явіцца ў вайсковы шпіталь на Карлавай плошчы для саборавання цяжкапараненых.
– Паслухайце, Швейк, – паклікаў фельдкурат, – ці не свінства гэта? Як быццам ва ўсёй Празе адзіны фельдкурат – гэта я. Чаму туды не пашлюць таго набожнага святара, які нядаўна ў нас начаваў? Давядзецца нам ехаць на Карлаву плошчу сабораваць. Я ўжо забыўся, як гэта робіцца.
– Дык давайце купім катэхізіс, пан фельдкурат. Там пра гэта будзе, – сказаў Швейк. – Катэхізіс для духоўных пастыраў – гэта як даведнік для чужаземцаў. Вось у Эмаўзскім кляштары працаваў адзін чалавек памочнікам садоўніка. I захацеў ён стаць паслушнікам, атрымаць расу і не драць свайго адзення. Для гэтага ён мусіў купіць катэхізіс і вывучыць, як трэба хрысціцца, хто адзіны ўбярогся ад першароднага грэху, што азначае мець чыстае сумленне і іншыя такія дробязі. А потым ён прагуляў палову ўраджаю агуркоў з кляштарнага агарода і з ганьбай вылецеў з кляштара. Калі я з ім сустрэўся, ён мне і кажа: «Агуркі я мог прадаць і без катэхізісу».
Калі Швейк купіў катэхізіс і прынёс яго фельдкурату, той, гартаючы яго, сказаў:
– Ну вось, апошняе памазанне можа рабіць толькі святар і толькі ялеем, асвячоным епіскапам. Як бачыце, Швейк, вы самі сабораваць не можаце. А прачытайце мне, як гэта робіцца.
Швейк прачытаў:
– «…робіцца так: святар памазае органы пачуццяў хворага, адначасова чытаючы малітву: «Праз гэтае святое памазанне і ў сваёй найвялікшай міласэрнасці няхай даруе табе Бог усё, што завініў ты зрокам, слыхам, нюхам, смакам, мовай, дотыкам і хадой сваёй».
Читать дальше