Рэзкі гук даляцеў аднекуль з цемры праз расчыненую фортачку: недзе далёка загрукатаў, вырваўшыся з начнога завулка, запознены трамвай.
Грынкевіч здрыгануўся ад нечаканасці і, глыбока ўздыхнуўшы, пацягнуўся замлелай спінай. Адклаўшы ручку, паглядзеў у акно.
Масква засынала. Згасалі бліскаўкі начных агнёў, радзейшым і больш гучным стаў шолах тралейбусаў пад вокнамі. I, як заўсёды ўначы, стала сумна і захацелася кудысьці ехаць, каб крычаў цягнік і пасмы пары засноўвалі мільгаценне зор.
Гудзіць ад стомы цела. З учарашняй ночы ані хвіліны спакою.
Спачатку вестка аб нараджэнні сына ў Вайвадса, потым доўгі расказ аб тым, што адбылося дзесяць год таму, потым, раніцай, гадзіна адпачынку ў крэсле. А ўдзень дыскусія аб паэзіі, на якой ён, Андрэй, зрэзаўся амаль з усімі галоўнымі спрачальнікамі. Нават з Янісам трошкі.
А потым, у край знерваваны, хоць, як заўжды, вонкава спакойны, ён прыйшоў да сябе, сеў і восем гадзін не ўставаў з месца, імкнучыся самой сутнасцю, самой формай верша давесці супраціўнікам, што праўда ўсё ж на яго баку.
I вось зноў дрэнна. Чаму? Ён жа ўсім жыццём упэўнены, што ён мае рацыю. Можа, таму не атрымалася, што вершамі нельга даводзіць, што вершы заўсёды ад гарэння, ад сэрца, ад таго, чаму ніхто і ніколі не дасць наймення. Або, можа, таму, што ён бяскрылы паэт? Сапраўды, вось ужо два гады ён піша горш, як раней. Два гады, якраз з таго часу, калі пачаў радзей успамінаць аб Алёнцы.
Не, не таму ён горш піша. Проста раней яго вершы былі простымі, бясхмарнымі,– як басанож па траве прайсціся, – патыхалі нейкай крыштальна чыстай яснасцю і халаднаватасцю. А гэта смерць для паэта.
I ён зразумеў гэта, і цяпер стаіць на ростанях, не ведаючы сам сабе, што і як пісаць. Сапраўды, «што»? «як»? Нясцерпна. I разумееш, што горшай бяздарнасці за цябе няма на свеце.
Што? Як? Ат, усё адно сёння не дадумаешся. Яніс, пэўна, таксама не спіць, трэба пастукаць.
Андрэй працягнуў руку і злёгку стукнуў пальцамі ў сценку. Праз імгненне адтуль даляцелі два лёгкія ўдары ў адказ – знак, што Яніс вольны. I тады яшчэ чатыры ўдары «та-та-та-там» – першыя такты пятай сімфоніі Бетховена, пазыўныя Андрэя. Прастукаўшы іх, Грынкевіч выйшаў на калідор і адчыніў Янісавы дзверы.
Пакой Вайвадса тануў у сутонні: гарэла толькі настольная лямпа. Яніс сядзеў у крэсле натапыраны, глянуў спадылба на Андрэя сярдзіта і весела.
– Заходзь, чорт, – сказаў ён. – Прыйшоў каяцца?
– Біць цябе прыйшоў.
– Добра. Сядай, пі каву. Якраз толькі заварыў.
I амаль з жаночай пяшчотай зліў Андрэю самую лепшую частку, «вяршок, з каймаком».
Абодва не спяшаліся, прыхлёбваючы гарачую рудую вадкасць.
– Што ж, – сказаў нарэшце Вайвадс, – я да цябе пасля ўчарашняга стаўлюся асцярожна, як да хворага. Таму паспрабуем лагічна, амаль па-нямецку аднавіць ход дыскусіі, у якой ты плявузгаў розныя глупствы.
Асцярожнае стаўленне.
– Не вяжыся да слоў. Я буду казаць за нашага паважанага Паўла Пятровіча Пружыніна [3] Тут і далей па тэксце ў рукапісе У. Караткевіча гэты персанаж мае прозвішча Дружынін (заўв. уклад.).
, якога я, зрэшты, не люблю больш, як ты, але… лічу, што ён мае рацыю. Справа ідзе пра самае існаванне паэзіі, ты згодзен?
– Так. Бязглуздая спрэчка паміж «фізікамі» і «лірыкамі» гэта давяла.
– Дык вось, яго асноўныя тэзы… Яшчэ ў – х гадах адзін вядомы паэт сцвярджаў, што галоўныя наватары – гэта Хлебнікаў, Маякоўскі, ну… і іншыя.
– I іншыя, – згадзіўся Андрэй. – Ён яшчэ сказаў, што паэты падзяляюцца на «изобретателей» і «приобретателей».
– Потым, – з няўмольнай логікай вяртаючыся да спрэчкі, сказаў Вайвадс, – ён сказаў, што тая старая ісціна не памерла яшчэ і цяпер.
– Якая?
– Ну, падзел верша на складанаасацыятыўны (Маякоўскі, Ціханаў, Лугаўской, Асееў) і ясны, пазбаўлены складаных асацыяцый і метафарычнасці (Жараў, Ісакоўскі, Твардоўскі).
I што паміж іхнімі «спадкаемцамі» дагэтуль існуе ўзаемнае непрызнанне.
– Я ведаю, нашто яму спатрэбілася гаварыць пра гэта, – сказаў Грынкевіч. – Гэта ўсё ён хацеў стукнуць па Панкратаву з Харабаравым, ведаеш, гэтых маладых людзях з інстытута.
Хацеў сказаць, што яны чхаць хочуць на Маякоўскага, а ідуць за Хлебнікавым і іншымі. Памятаеш, крычаў, што яны са стараннасцю «приготовишек» і з «ЛЕФаўскай пагардаю» накідваюцца на пазіцыі Маякоўскага і Твардоўскага, прапагандуючы свае погляды як погляды пакалення… Змяшаў божы дар з яешняй.
– Я не разумею, – паціснуў плячыма Яніс, – чаму ты так абурыўся Пружыніным? Хлопцы сапраўды праз меру захапляюцца занадта дробязнай тэматыкай, сапраўды адмаўляюцца ад дакладнай рыфмы, сапраўды «стыляюць» гэтым. Усё гэта ў дастатковай меры непрыемна. I ўсё ж, дзе праўда – на баку нябожчыка Эйхенбаўма, на баку нябожчыка Беднага?
Читать дальше