Яму было няёмка слухаць такое. Таму ён схіліўся і прынік да яе вуснаў.
У цемры, блізка-блізка, ён бачыў замест двух вачэй адно вока, вялізнае, чорнае ў цемры, строга-спакойнае, аблямаванае чорнымі веямі…
…У жніўні, незадоўга да вяселля, яны з’ездзілі да бацькоў Алёнкі, у Мінск. Адтуль іх, разам з Алёнчыным бацькам, узяўся падкінуць дамоў стары палкоўнік, друг бацькі. Іван Століч сядзеў поруч з палкоўнікам, які кіраваў. Алёна і Андрэй – на заднім сядзенні.
Неўзабаве іх чакаў вялізны тлум: вяселле ў хаце Андрэя, перазоў гасцей да цёткі, у якой часта гасцявала і жыла гэтае лета Алёнка, потым зноў дарога ў Мінск, зноў вяселле, зноў перазовы. Але Андрэя, хоць яму і хацелася быць толькі разам з Алёнкай, гэты тлум не палохаў, а захапляў. Гэта ўсё быў шлях да яе.
Якое шчасце сядзець поруч з ёю ў загсе, якое шчасце ехаць адтуль, якое шчасце, калі крычаць «горка!».
I якое шчасце, што цяпер так бліскавічна ляціць насустрач дарога, так мільгаюць дрэвы, знікаючы з вачэй, так пругка б’е ў твар цёплы, напоены пахам чабору, палыну, верасоў і яшчэ чагосьці, ветрык!
Ох, гэты водар канца лета! Усё аддадзена, спакой, арабіны яшчэ не чырвоныя, а каралавыя, на палёх спакой і мір, і першая павуцінка на вяршыні цяжарнай яблыні часам трапеча, як доўгі белы вымпел.
Машына была адкрытая, і таму валасы Алёнкі аж ляцелі па ветры. Поўніла ветрам рот, раздзьмухвала шчокі.
I Андрэй адчуваў, што любiць усё на свеце. Нават каменне, якое траплялася часам наўсцяж дарогi i нагадвала парсюкоў, што зарылiся ў траву, нават сухую, астрыжаную патылiцу старога ваякi, якi сядзеў за рулём.
Машына пайшла ўніз, мільганула таблічка з надпісам: «Рака Бобр».
Андрэй і раней ведаў гэта месца, бадай што, самае прыгожае на шашы Мінск – Масква. Але цяпер ён з нейкім новым, цёплым замілаваннем аглядаў нешырокую рэчку, паплавец над ёю, стромыя берагі, сосны над адхонам і з правага боку каламутна-сінія занураныя шаты лясоў.
Іван Століч павярнуўся да іх:
– Ну як, дзеці? Хораша?
– Хораша, – адным уздыхам адказалі абое.
Іван адкінуўся на спінку сядзення, зажмурыў вочы, з насалодаю ўдыхаючы па-жнівеньску сыты, цёплы вецер.
– Мы сабе некалі пабудуем тут маленькую хату, – шапнула Алёна Андрэю, – са звычайных дошак. Каб летам заўжды быць удваіх.
Ён моўчкі хітнуў галавою на знак згоды.
Аўтамабіль рынуў угору і зноў вырваўся на дарогу, сціснутую з двух бакоў сценамі разамрэлага пад сонцам невысокага лесу. У адным месцы, справа, гэты лес падступаў да самай шашы. Сэрца імчала яму насустрач.
I тут Андрэй убачыў, як наперадзе – літаральна ў дваццацёх кроках – выкаціўся на шашу, напярэймы іхняй машыне, вялізны зялёны грузавік. Андрэй толькі паспеў убачыць доўгі радыятар і доўгі кузаў.
«“ГАЗ”,– недарэчна адзначыў мозг, і яшчэ: – Чорт, хоча праскочыць, ды яшчэ на такой хуткасці. П’яны, ці што?»
Гэта думка прамільгнула за нейкую долю секунды. Потым проста перад вачыма развярнуўся і ўздыбіўся бок зялёнай пачвары. Узвылі тармазы.
У наступны момант, пасля жахлівага, сакрушальнага ўдару, неба з трэскам разарвалася ў вачах Андрэя, і цемра запаланіла ўвесь свет. Ён не чуў, як штосьці выдрала яго з машыны і кінула цераз кювет проста галавою ў жвір.
Апрытомнеўшы, ён убачыў вачыма, яшчэ замглёнымі ад болю, што неба калышацца перад ім, бы ў спякотны дзень. З цяжкасцю прыўзняўся і пабачыў асколкі шкла на асфальце, змятыя ў гармонік радыятары дзвюх машын і зыркі дымны агонь, які абдымаў кабіну грузавіка і радыятар іхняй машыны.
Быў страшны боль у левым плячы – Андрэй ледзь не крычаў ад яго, – і ўсё ж ён кінуўся да машыны, перш за ўсё да грузавіка, таму што – мозг з дзівоснай яснасцю адмеціў гэта – ягоная кабіна ўся ў агні.
Таргануў дзверцы. Кулём вываліўся на рукі непрытомны шафёр. Андрэй аднёс яго за кювет.
«Зусім яшчэ хлапчыска, – білася ў галаве думка. – Перавысіў хуткасць пры выездзе на галоўную магістраль… Сабака сучы…»
Шкляное паветра калыхалася над радыятарамі. Цягнучы праз борт сухое, падабранае цела Івана Століча, Андрэй заўважыў, як праз ружовы туман, хлопчыка-веласіпедыста, які спыніўся наводдаль і глядзеў на катастрофу вачыма, поўнымі цікавасці і жаху.
– У вёску катай! – крыкнуў яму Андрэй.
– А дзядзечка, кроў! – нема залямантаваў той.
Андрэй і сам адчуваў, што па лбе плыве нешта цёплае, але пра гэта не было часу думаць.
– Гані па дапамогу! – зароў ён.
Хлапчыска зразумеў – хутка пакаціў кудысь. Вецер надзімаў на яго спіне ружовую кашулю.
Читать дальше