– Зрэшты, табе рана гэта ведаць, хоць ты і развіты хлопчык.
– Раскажы.
– Пра гэта – не. Скажу, калі ты зможаш утрымаць усё ў памяці. А табе раскажу другое, каб ты ведаў, чаго часам бывае варты адзінчалавек… Быў у Чэхіі адзін вучоны. Гэта быў час, калі чэхі пасля шматвяковага нямецкага панавання пачалі абуджацца. Яны захацелі мець сваю культуру, свае кнігі і музыку.
А немцы сказалі ім, што нічога такога ў іх не было, а таму і ў будучыні быць не можа.
– Што, матуля, у іх сапраўды не было?
– Вядома, было. Але за многія стагоддзі ўладары спалілі амаль усе іхнія кнігі. А тыя, што зберагліся, трэба было шукаць. Магчыма, нават гады. А шукаць не было часу. Год ці два вырашалі пытанне аб тым, жыць народу ці не. I гэты вучоны (яго звалі Ганка) пачаў шукаць.
– Знайшоў?
– Ну, вядома, калі чалавек вельмі хоча, – збываецца ўсё: дружба, каханне, рух зняволеных… Так і ён знайшоў спачатку адзін вельмі старажытны рукапіс, а потым і другі. I гэта былі кнігі такой паэтычнай сілы, што ўся Чэхія ажыла духам. Яны адкрылі сваю кнігу, такую паэтычную і такую старажытную. Дзе ім было цяпер слухаць немцаў, якія пераконвалі іх у тым, што чэхі толькі вечныя пазычальнікі чужога! I чужых вучоных ніхто не стаў слухаць, хоць яны і лямантавалі аб тым, што абодва рукапісы – падробка. Паэты пачалі пісаць вершы, музыкі – ствараць сваю музыку, вучоныя – шукаць другія старажытныя кнігі. I выявілася, што варта было ўзяцца за справу ўсім, – і адразу знойдуцца сотні і тысячы прыгожых старых кніг. I галасы фальшывых вучоных змоўклі. I Чэхія стала Чэхіяй.
– Мама, а гэта былi сапраўдныя рукапiсы?
Маці заплюшчвала вочы і ўсміхалася. І лепш за гэтую ўсмешку не было нічога.
– Не варта было б казаць табе пра гэта, Андрэйка. Але рукапісы Ганкі былі сапраўды геніяльнай па таленце і паэзіі падробкай. З легенды не выкінеш слова.
– Несумленна.
– Ты яшчэ дурненькі. Несумленна забіць чалавека, здрадзіць, абакрасці яго. А Ганка проста ведаў, як цяжка – часта проста немагчыма – абудзіць народ, калі ён засне… I ён вельмі любіў.
Так казала маці.
А калі яна паглыблялася ў свае думкі, працавала ці чытала, – заставаўся яшчэ сад са старымі разлатымі яблынямі, адхон да Дняпра, увесь гарадок на берагах вялікай ракі, гарадок з ліпамі, што мрэлі пад сонцам, з новым – «лепшым у рэспубліцы!» – кінатэатрам, з ціхімі завулкамі і зграбным купалком старажытнай царквы Міколы, адкуль некалі пачалося паўстанне горада супраць епіскапа і караля.
I яшчэ была Алёнка Століч, дзяўчынка адзінаццаці год.
Знаёмства з ёю пачалося раней. Яна аднойчы вельмі плакала на беразе ракі ад нейкай крыўды. Ён, яшчэ малы, не вытрымаў, украў з буфета вялізны – з кулак дарослага мужчыны – кавалак цукру і прынёс ёй. Яны хутка, кусаючы па чарзе, абгрызлі гэты кавалак да такой круглаты, што нельга было ўчапіць зубамі. Давялося кунаць яго ў ледзяную ваду прыбярэжнай крынічкі. Цукар лёгка паддаўся зубам, проста з яго цякла ў рот ледзяная, вельмі салодкая вадкасць.
Яны хутка прыкончылі кавалак, і рагі ад слёз высахлі на шчоках Алёнкі, змяшаўшыся каля рота з бруднымі пісягамі – ад цукру і запэцканых далонек.
Усё гэта было даўно. Ён заўжды абараняў яе. Дзіўна, але Андрэй ніколі не баяўся кепікаў наконт «жаніха і нявесты», якія строілі хлопцы, адказваў на іх словам, а часам і кулакамі. Не саромелася нічога і яна. Яны паўсюль хадзілі разам, рука да рукі, і асабліва палюбілі бываць на адхонах Дняпра, зарослых такімі густымі садамі, што нават у спёку там былі вільгаць і холад.
Яны стаялі, успёршыся на балюстраду, перад імі плавілася ў сонцы рака, і здалёк, з царквы Купальніцкага манастыра, якая пакуль што яшчэ дзейнічала, даляталі па вадзе далёкія, зусім шкляныя ўдары званоў.
Гэтую дзіцячую ідылію перарвалі грымоты страшнай буры.
Бацькі Андрэя не паспелі эвакуіравацца: горад бамбавалі ў першую ж раніцу, а потым, вельмі хутка, насунуўся фронт…
Далей падзеі мільгалі, як у калейдаскопе.
Адзін з першых партызанскіх атрадаў у Асінавецкіх лясах. Маці – медсястра, бацька – падрыўнік і разведчык. Страшэнныя баі. Дарэмныя спробы сілай чатырохсот дрэнна ўзброеных людзей спыніць хоць частку навалы. Потым – блакада.
Двух хлопцаў-разведчыкаў, якiя пайшлi шукаць выйсця, схапiлi i пад іхнія крыкі: «За Беларусь! За Сталіна!» – расстралялi ля сцяны фельдкамендатуры.
Стала ясна, што даросламу не пралезці праз шчыльнае кальцо.
I тады бацька прыйшоў да маці ў яе «медпункт» – дзве прасціны, нацягнутыя пад сасной, – загадаў прывесці Андрэя, доўга маўчаў, гледзячы на яго прасветленымі вачыма, а потым сказаў жонцы:
Читать дальше