Скуратовіч дачытаў да канца, хоць слухала ўжо толькі палавіна тых людзей, што стаялі тут спачатку.
– А Божа мой, цьфу! – скончыў Скуратовіч гаворку. – Гэта ж я спазнюся. Но! Бывайце здаровы!
I паехаў далей, мала цікавячыся тым, што асталося ў яго за плячыма. 3 пустым возам назад ён ехаў перад самым вечарам. Ён сумысля спыніўся каля пажарышча і пачаў расказваць:
– Вы думаеце, гэта адно каля нас робіцца такое бясчынства? Вы не чулі, што ў горадзе парабілася? To я вам зараз раскажу. Прадразвёрснага камісара ў гэтую самую ноч забілі. Ён дома не начаваў, ён нібыта, кажуць, аб’езд рабіў, а тым часам бандысты нейкія, ці што, як мне здаецца, то грабіць хацелі. А можа, злабу хто меў! Бо скажыце, калі ласка, як жа іначай. Прымчаўся ў горад апоўдні салдат, што з ім ехаў, ледзьве сам уцёк. Я-то не чуў ад яго самога, але як здаваў жыта, то людзі гаварылі. 3-за кустоў, расказваў салдат, пачалі страляць. На месцы, казалі ў горадзе людзі, палажылі камісара і яго аднаго салдата, а другі ўцёк. Цела знайшлі ў Скабінскім лесе, на самай езджай дарозе. Чалавек з таго боку здаваў развёрснае жыта, то казаў, што якраз там, дзе са Скабінскай дарогі ў лесе паваротка пайшла на Кацельнікі, калі каму трэба. Калі бо адвагу трэба мець, у яго палажэнні ездзіць уночы! Тут, чалавек, дома сядзіш, а і то дрыжыш, калоцішся. Гэтакі час, пане мой. Жартачкі!
– У Скабінскім лесе? To гэта, можа, адна рука, што і ў нас! Бо гэты ж лес ад нас не вельмі далёка.
– Можа, добра кажаш, і адна рука. Можа, якая шайка бродзіць.
Вестка пра забойства камісара была другім грукатам грому пасля першага, пасля забойства Зосінага бацькі і брата. У наступную ж ноч, не зважаючы на тое, што і міліцыя і атрад чырвонаармейцаў зрабілі вартавыя пункты на дарогах, яшчэ раз, як гром даў, так пайшла раптоўная навіна: звечара, яшчэ не позна было, яшчэ людзі не паклаліся спаць, – запалала неба над лесам. Людзі баяліся бегчы туды праз лес, хоць відаць было, што пажар непадалёку. Угадвалі, што гэта гарыць як бы Скуратовічаў хутар. На агонь выехала некалькі конных чырвонаармейцаў. Сапраўды, гарэў Скуратовічаў хутар. Адначасна гарэла гумно, вазоўня, склеп. Скуратовічыха рвала на сабе валасы.
– Няхай бы яны над намі злітаваліся б і падпалілі што-небудзь адно. A то ўсё! (Добра, што хоць коні нанач з хлява выгналі.) Цяпер загінем і павек не паўстанем.
Яна згарнула рукі і пачала праклінаць падпалыпчыкаў. У вачах яе было гэтулькі сапраўднай роспачы, што хто бачыў у гэтую хвіліну яе твар, таму рабілася страшна. Скуратовіч бегаў навокал агню і прыгаварваў:
– Зрабілі б аблаву якую, вылавілі б гадаў. Прапаў цяпер увесь мой спосаб да жыцця.
Пад канец пажару ўсё ж назбіралася крыху людзей з блізкіх вёсак, але ўсё адно нельга было нічога ўтушыць – была суш, і вецер гнаў агонь.
Скуратовічыха паволі хадзіла па хутарскім двары, згарнуўшы рукі; нарэшце яна аслабела і села на ганак, прыпёршыся плячыма к сцяне.
– Чаму ты не плачаш, чаму ты не бядуеш? – сказала яна з нейкім злым дакорам мужу.
Той нічога не адказаў і адышоўся. Пасля вярнуўся:
– Ідзі ляж у пасцель, ты слабая здароўем. Шануй сябе. – Ён памог ёй падняцца і ўвайсці ў дом. Яна зусім аслабела з трывогі і дрэнных усялякіх уяўленняў. Лягла ў пасцель і пачала стагнаць і маліцца.
У наступную ноч людзі бачылі зарыва недзе далёка, угадвалі, што за вёрст пятнаццаць. А цераз ноч яшчэ бачылі далёка зарыва. Пасля стала спакайней. А дзён праз пяць пайшла па людзях яшчэ навіна: Скуратовічыха больш не ўстала з пасцелі і аддала Богу душу. Гаварылі ўсе адно: памерла яна з вялікай трывогі. Яна не вытрымала ўтрапення ад апошніх падзей.
Людзі да ўсяго прывыкаюць. Праз дзён дзесяць усе гэтыя страшныя падзеі пачалі рабіцца абыклымі. Пагарэльцы пачалі ўжо думаць пра забудову. Гаварылі, што Скуратовічаў Толік прыслаў з арміі другое пісьмо.
– Яшчэ, мусіць, не ведае, што маці памерла, – гаварылі жанчыны.
– А можа, ужо і ведае, – адказвалі другія – Калі пошта добра ходзіць.
Вясковыя жанчыны любяць пра ўсё пагаварыць.
Неўзабаве да ўсіх гэтых гаворак дадалася яшчэ і такая:
– У Тварыцкіх, ведаеце, кожную раніцу цяпер, як запаляць у печы, смажаным салам пахне.
– Але, скажэце. Забагацеў ён раптам немаведама адкуль, ці што! Нічога ж не калоў.
– Што калоць, калі карміць няма чаго.
– Ды няма і чым. Каб і агораў якое свінчо, дык чым ён яго карміць будзе. Самі з голаду заходзяцца.
– А пастаў цябе на яго месца! Добра ён і так кідаецца. Ён жа ледзьве дыхае, здароўя ніяк у яго няма, хоць і не стары яшчэ чалавек.
Читать дальше