– Хіба я яму памагаю?
– Мяне ўчора следчы дапытваў – шукаюць тых бандытаў, што вёскі паляць і што камісара і майго брата з бацькам забілі. Следчы ў мяне пытаў, ці не ведаю я, хто на мяне вялікую злосць мае. Я падумала і сказала, што Скуратовіч. Я нагаварыла на Скуратовіча, хто ён такі… ну сам ведаеш, які ён з намі быў… Дык я і сама не ведаю, можа, гэта Толік майго бацьку забіў! Хто ж на мяне і майго бацьку злосць большую меў, як не ён! А тым часам, ты ж сам гаворыш, што ён у лесе хаваецца! Я хацела запытацца ў цябе, ці праўда, што ён у лесе. («Я шукаю, каб даведацца, хто забіў майго бацьку і брата» – такая фраза магла быць сказана ёю.) А калі ты гаворыш, што сам бачыў Толіка, што ён не ў арміі, а ў лесе, то гэта напэўна ён! А ты яму памагаеш, ты не гаворыш нікому, ты маўчыш! Яны людзей рэжуць і майго тату і… (Твар яе рвануўся ўсімі сваімі рысамі, яна аж заенчыла з плачу.) Ён стаў у позу. Гэта была смешная поза. Нейк адным плячом вышэй, няроўна, няспрытна, як птушанё. Напэўна, ён не ўсё слухаў, што нядаўна гаварыла Зося. Самага важнага ён, здаецца, не выслухаў.
– Як гэта памагаю ім? – запытаў ён.
– Яму трэба, каб ніхто пра гэта не ведаў, то ты і стараешся, каб ніхто не ведаў.
Цяпер яму шмат што пачало рабіцца ясным. Ён абмяк.
– Ідзі, куды трэба, і раскажы ўсё, што ведаеш пра Скуратовічаў.
Ён як бы не слухаў. Сапраўды, ён не чуў гэтага. Ён маўчаў з паўхвіліны, аддаючыся вострай рабоце думкі.
Пасля ён запытаў, бездапаможна, зусім па-дзіцячаму:
– To што ж мне рабіць цяпер?
– Я ж табе кажу, пайдзі, раскажы, што ведаеш.
– А куды гэта ісці? Хіба ты са мной пойдзеш?!
Ёй стала шкода яго. У гэтыя хвіліны яна была перад ім, як маці. Гэтае пачуццё ішло праз пачуццё іншае, праз варожасць і злосць на яго.
– Ты ж Скуратовіча ненавідзіш… Добра, я з табой пайду.
– Добра, ты мяне не пакідай аднаго… Ты тут пачакай, я заганю каровы на двор, і пойдзем.
– Ты баішся пакінуць тут Скуратовічавых кароў?
– Ну, то чорт іх бяры, няхай валочацца.
У тую ж секунду яны рушылі ісці. Яны пайшлі полем, баючыся лесу. Ім абаім ужо здавалася, што Толік Скуратовіч глядзіць на іх з-за кожнага дрэва. «Чорт яго бяры, так яму і трэба», – думаў Міхалка пра Скуратовіча. I яму ўжо не цярпелася, каб хутчэй зайсці і расказаць. Такія думкі ён і выказваў усю дарогу, і Зосіна варожасць да яго скончылася.
Вярнуўся на хутар Міхалка пад самы вечар. Скуратовіч трывожыўся і сам пазнаходзіў свае каровы па ўсялякіх прылясных закутках. Ён чакаў Міхалку і разам з тым баяўся яго прыходу, як бы чуючы, куды пайшоў Міхалка. На ўсялякі выпадак ён быў не дома, а ў лесе; схаваўшыся ў дрэвах, ён паглядаў на дарогу, па якой напэўна павінен будзе варочацца Міхалка. Калі Міхалка будзе варочацца не адзін, ён тут у лесе астанецца. Але ўбачыў ён Міхалку аднаго – той ішоў палявою дарогаю, і здалёк было відаць, як ён вельмі спяшае. Скуратовіч пайшоў яму насустрач.
Конец ознакомительного фрагмента.
Текст предоставлен ООО «ЛитРес».
Прочитайте эту книгу целиком, купив полную легальную версию на ЛитРес.
Безопасно оплатить книгу можно банковской картой Visa, MasterCard, Maestro, со счета мобильного телефона, с платежного терминала, в салоне МТС или Связной, через PayPal, WebMoney, Яндекс.Деньги, QIWI Кошелек, бонусными картами или другим удобным Вам способом.