Черный Кузьма
Заўтрашнi дзень
Тым летам мурашнiк перавысiў першы сук старой ялiны. Цяпер ён даходзiў да другога сука. I раптам асыпаўся, аб'ехаў, растрывожаныя мурашкi бегалi ў траве. Нехта хадзiў тут, хто не ведаў ходаў i сцежак, убiўся ў мурашнiк, набраўся голак з мурашкамi, выйшаў з узлесся ў поле i сыпаў з сябе яловымi голкамi па цалiне аж да арабiны з ададранай галiнаю. Пад арабiнай былi цэлыя камякi з мурашнiку, i вялыя з холаду мурашкi поўзалi па каструбаватай кары старой арабiны i на зямлi пад ёю. Самi яны не маглi сюды дайсцi так далёка ад лесу, у поле. Той невядомы нешта тут рабiў каля дрэва, гэта няйначай было так. Напэўна, ён i цяпер недзе тут паблiзу, ён не паспеў яшчэ далёка куды адысцiся, у мурашнiку ён нядаўна коўзаўся, сляды свежыя, i дажджы з ветрам не паспелi яшчэ ўпляскаць у зямлю пад арабiнай i на сцежцы яловых голак. I нiхто нiдзе не заўважыў, каб якi-небудзь бадзяга iшоў дзе або круцiўся полем цi лесам, шукаючы дарогi. Праўда, гэта мог быць спрактыкаваны хiтрун i прайдзiсвет, якi цiхом высачыў, што яму трэба было, i знiк сабе так, што цяпер шукай яго разам з ветрам у полi. Можа i так. Але гэта была б вялiкая ганьба таму, хто недапiльнаваў яго. I першы, каму за гэта была б, цi можа ўжо i ёсць, ганьба, гэта Коля Сушчэвiч. Ён быў цяпер вельмi ўзбуджаны i ўражаны, гэты Коля. I з дзвюх прычын. Першае - гэта тое, што сама справа была вельмi цiкавая сваёй таемнасцю. Нехта ходзiць, i нiхто яго ўбачыць не можа. А другое - гэта ж ён, Коля, праспаў у шапку таго невядомца, якi можа тут нарабiць вялiкага зла. Хоць можа гэта, калi раздумацца, быў хто-небудзь нявiнны i цiхi, а можа i не чалавек, а прыблудная жывёлiна ўбiлася ў мурашнiк i бадзялася па полi. Як бы там нi было, Коля Сушчэвiч быў вельмi ўзнепакоены. Здавалася, што ён аж схуднеў за той дзень, хоць яму i худнець лiшне не было чаго. Плечы яго былi вострыя, i здавалася, што ён занадта доўгi на рост паводле сваёй дзiцячай вёрткасцi. Яму было цяпер год трынаццаць. Можа i больш крыху. Як шпарка прайшоў час! I як зацягнулася вайна! Калi яна пачыналася, Коля быў зусiм малы. Вялiкi смутак точыць яго душу, як толькi на думку яму прыйдзе тое, што было калiсьцi. Адзiн толькi ўспамiн аб мацi забiвае дух i, як стопудовы камень, цiсне яго ўсяго. Мацi была (цi здаецца гэта яму цяпер?) высокая ростам, i рукi яе заўсёды пахлi мылам, а валасы пахлi раннiм вечарам, ружовым захадам, калi ўжо лета пайшло на восень, i канае дзень, i вецер дзьме з саду ў адчыненае акно. Так асталося ў яго памяцi, i пахнуў вечар полем. У мацi быў такi голас, якога ён ужо больш нiдзе на свеце не пачуе. Апошнi раз ён чуў яе голас, калi яе вялi палiцаi, а яна азiрнулася i сказала яму:
- Шукай бацьку. А я вярнуся.
А бачыў ён яе апошнi раз, калi на тым жа пляцы, дзе i iхнi дом быў, мацi стаяла высока, так што вiдна была адусюль з плошчы, i вочы яе не мелi спакою i шукалi ўсё навокал. Дзiцячым сваiм сэрцам ён здагадаўся, што гэта яна яго шукае ў апошнюю сваю хвiлiну. У яго, аднак жа, хапiла розуму, каб не паказацца ёй i не даць ёй новай атруты смутку бачыць яго i ведаць сваю адарванасць ад яго навек. Ён прысеў на зямлю, i сэрца яго схаладала. Ён запомнiў гэты апошнi момант: вецер трапаў распушчаныя матчыны паласы. Калi ён падняўся з зямлi i зiрнуў, усё было скончана. Мацi вiсела на тых лесках, па якiх раней фiзкультурнiкi рабiлi свае практыкаваннi. Некаторыя заўважылi: тады ж адразу, у момант вока, у Колi Сушчэвiча ўздрыганулася i пачала iснаваць над левым вокам дугаватая маршчына, i здавалася, што яна не на дзiцячым, а на старым iлбе. Так яна i асталася. Вайна цяглася, час iшоў, i маршчына не сыходзiла з iлба. Яна толькi выраўнялася i стала глыбейшая. Гэта ўжо навек. Яна надавала Колеваму твару новы, адмысловы выраз. Магло здавацца, што гэта не хлапчук-недаростак, а чалавек, што з нейкай хворасцi спынiўся на рост i старэў жывучы. Аднак жа твар яго ад часу згладжваў на сабе сляды непатрэбнай у гэтыя гады сталасцi. Маленства вымагала свайго. I ў яго душы iшло вялiкае змаганне заўчаснай сталасцi з абязвечаным маленствам. Пачало перавышаць маленства. Яно было моцнае i ў абладзе сваёй хацела мець радасцi ўсяго свету. Коля пачаў цешыцца з таго, з чаго не нацешыўся яшчэ датуль. Ён любiў вечарам сядзець на лаўцы ля спусцелага дома, у якiм пазнаў першыя ўражаннi ад жыцця. Не верылася, што ў доме нуста, i што вецер там дзьме праз выбiтыя вокны, i павукi пазапляталi павуцiннем куткi, i вераб'i гаспадараць так, як хочуць. Але можа быць, што ўвойдзе раптам туды бацька, не век жа пра яго не будзе анiякага слыху, недзе ж ён нешта робiць, недзе думае пра дом, i пра тое, што раней было, i пра яго, пра свайго Колю.
Читать дальше