– Ну, няхай стаіць, мала хто дзе стаіць.
– А чаго ў нас за дрывамі?
– Позна ўжо?
– Праз гадзіну, можа, світаць пачне.
– Кладзіся спаць хутчэй.
– 3 Іванавага двара ідзе пад нашу хату.
– He пазнаць хто?
– На дварэ цёмна… Яшчэ два падышлі… У наш двор ідуць.
У гэты час ціха пастукалі ў дзверы.
– Адкрой, хазяін, – было сказана рускай мовай, але нават і дрэнны знаўца беларускай і рускай мовы заўважыў бы, што не прывык той чалавек гаварыць па-руску.
– Хто там?
– Краснаармейцы. Паспаць дзе-небудзь да сонца, можа, салома дзе ў вас ёсць?
– Саломы крыха ёсць. От я зараз адчыню, агонь толькі запалю.
– Ды ладна там, агонь! Нашто той агонь? Мы і заходзіць у хату не будзем. Вядзі адразу ў салому, хазяін.
Чалавек выйшаў на ганак і ўбачыў трох. Яму здалося падазроным, што яны не зусім у вайсковым адзенні. Толькі адзін быў у шынялі.
– Я вас завяду ў гумно.
I ён пайшоў паперадзе. Скрыпнулі дзверы, ён пераступіў падваротню і адразу ж з глухім стогнам асеў каленьмі на зямлю.
– От табе і развёрстка і дэзерціры. Ідзі цяпер навядзі, хто развёрсткі даваць не хоча.
Свядомасць ужо канчалася, і ён не мог выразна чуць гэтай фразы. He для яго ўжо яна прагучала. Яму здалося, што горла пачало цягнуцца ў рот. Ён душыўся. У вачах пайшлі чырвоныя кругі, пасля яснасць стала ні то сіняй, ні то зусім белай. Але гэта ўжо ўсё было па той бок свядомасці. Так усё і скончылася.
Зося пачула з хаты, што вярнуўся ў сенцы бацька.
– Паклалі іх у пуні? – падала яна з пасцелі голас.
Ёй не адказалі.
– Ну, дзе ж той халат? – сказаў хлапчук – Тата, акрывай хутчэй.
Малы пачуў, што тата падступіў бліжэй, але ў прасвеце адчыненых дзвярэй ён бачыў, што гэта не зусім татава постаць. У той жа момант гэтая постаць падступіла бліжэй і неўзабаве адышлася. Зося з хаты чула, як упала ў сенцах з калоды вядро з вадой. Нічога яшчэ нядобрага не адчуваючы, яна ўсхапілася з пасцелі і запаліла лямпу. У сенцах усё нехта мацаў паўз сцены. Яна пхнула дзверы, трымаючы ў руках лямпу, і аслупянела: хтосьці незнаёмы чыркаў запалкамі, а яны, мусіць, адсырэлыя, не запальваліся. Стаяў ён спіной да хатніх дзвярэй і абмацваў сцяну. Малы брат ляжаў скрываўлены ўпоперак пасцелі. Яна крыкнула і кінула ў сенцы лямпу. Кінулася назад у хату і з размаху высадзіла з трухлявых шуфлядаў гнілую аконную раму. За ёю ўбеглі ў хату. Яна выскачыла на вуліцу і пабегла. Крыкнула, ужо адбегшыся далёка. За ёю як быццам ніхто не гнаўся. Яна падбегла да акна і застукала. Яна крычала, што малога брата забілі і што бацька з пуні не прыйшоў.
Пакуль яна паабуджвала людзей, вуліца раптам асвяцілася дымным агнём. Полымя прабівалася праз страху сянец у яе хаце.
Праз хвілін дзесяць палала ўжо ў многіх месцах па вуліцы. Вецер кідаў агонь далёка. Але дзіўна было ўсім: адначасна з сенцамі гарэла і пуня: вецер быў якраз з боку пуні і не мог аніяк кінуць сюды агню з сянец ды і не блізка стаяла пуня ад хаты. Калі ля пуні з’явіліся людзі, то ўбачылі Зосінага бацьку. Ногі яго ляжалі цераз падваротню на двор, увесь жа ён быў у сярэдзіне. Там бушаваў агонь, і з страхі падалі ўжо на яго асмалкі латаў. Хтосьці пацягнуў яго за ногі на двор. Убачылі яго твар і шыю ў крыві. Льга было заўважыць, што кроў цякла ў яго з рота і вушэй. Яго занеслі ў сад і паклалі на траву.
– А пуню падпалілі яны ж, забіўшы яго, – сказаў хтосьці.
Назаўтра пад поўдзень тут здарылася быць старому Скуратовічу. Якраз бо ў той дзень ён надумаўся завезці яшчэ воз жыта на ссыпны пункт. Ехаць трэба было згарэлай вуліцай. Ён спыніў каня і горача расказваў людзям:
– Я прачнуўся позна, пад самы дзень. Выйшаў на двор – світае. Бачу, як бы зарыва над лесам. Я падумаў, – можа, дзе далей пажар. Зарыва слабое, тухла ўжо. Тым часам цяпер вязу жыта здаваць, пад’язджаю, бачу – Божа мой! Ай, што робіцца! To гэта ў вуліцы, сярод людзей. А як мне, на адзіноце? Калі дзе ўначы што якое шастане або сабака забрэша, паверыце – ну, думаю! Што ж, цяпер усялякіх людзей. Зоська, дзе яна?.. Як раней, то хоць сын быў дома, смялей было. А гэта… От пайшоў, вельмі ж ужо закона трымаецца. А каб пасядзеў дома, каб не ішоў, можа б, і тое самае было б. Перабылося б усё, перакруцілася б!.. (Ён знізіў да шэпту голас, але каб усе чулі.)
– А куды ж гэта пайшоў сын?
– Як куды, у войска.
– A то бо казалі, што ён каля дома, гавораць людзі.
– Людзі, гэтыя людзі! Людскога языка не завяжаш. У войску Толя, от ліст прыслаў.
Ён дастаў з кішэні пулярэс і сапраўды выняў з яго згорнуты ліст. Ці было каму цікава ў такі рэзрух слухаць яго, ці не, аднак жа ён пачаў чытаць. Некалькі чалавек з тых, што не пагарэлі, слухалі. Сапраўды, ліст быў ад сына, і сапраўды, сын пісаў, дзе ён цяпер; нават там было і пра тое, што неўзабаве, мусіць, пашлюць на фронт, толькі як сфармуюць часць. Быў у лісце і сум па старых бацьках і па дому і крыху нават нездавалення тым, што цяжкавата ў такі час быць у арміі. «Але нічога, – канчаўся ліст, – будзем спадзявацца, што вайна доўга не будзе». Давалася яшчэ парада, каб бацька не прадаваў цяляці ад чорнай каровы, а каб гадаваў.
Читать дальше