(дарэчы, пазней, у «Прогулке с удовольствием и не без морали» Шаўчэнка назаве крывавыя падзеі мінулага «недостойными памяти человека»).
Угадваюцца яны і тады, калі марыць ён пра магчымае будучае ў згодзе і братэрстве: «А ўсё-ткі скажаш: «Дзякуй Богу, што прайшло», – асабліва калі ўспомніш, што мы адной маці дзеці, усе мы славяне. Сэрца баліць, а распавядаць трэба: няхай бачаць сыны і ўнукі, што бацькі іхнія памыляліся, хай братаюцца зноў са сваімі ворагамі. Няхай жытам-пшаніцай, як золатам, пакрытай, не размежаванай застанецца навекі ад мора і да мора – славянская зямля».
У Шаўчэнкі не раз сустрэнем папулярны і ў славянафілаў, і ў тагачаснай паэзіі наогул вобраз славянскіх рэк, якія зліваюцца ў адным моры, – але не ў рускім моры, а моры славянскім! І гэты вобраз гучыць па-іншаму: у ім дух свабоды і роўнасці, у ім няма пагрозы страты сябе:
І пацяклі ў адно мора
Славянскія рэкі!
Слава табе, любамудры
Чэшскі славяніне!
Што не даў ты захлынуцца
Ў нямецкім дрыгвінні
Нашай праўдзе. Тваім морам
Славянскім, шматмоўным,
Паплывём мы, збыўшы гора,
Сеўшы ў новым чоўне
З шырокімі ветразямі
І з добрым правілам,
Паплывём па вольным моры,
Паляцім на крылах.
Слава табе, Шафарыча,
Навекі-навекі!
Што з’яднаў ты ў адно мора
Славянскія рэкі!
Для Шаўчэнкі зліццё славянскіх рэк у славянскім моры – гэта паэтычны вобраз іх раўнапраўнага аб’яднання на глебе ўсведамлення этнічнай і культурнай, духоўнай супольнасці. Гэта сумеснае духоўнае развіццё ў будучыні пад знакам такога ўсведамлення.
Але цікава, што з часам у паэзіі Шаўчэнкі тэма славянскага яднання гучыць менш прыкметна, а пасля вяртання са ссылкі амаль не прасочваецца, хоць сама праблема славян цікавіла яго да апошніх гадоў жыцця, пра што сведчаць, у прыватнасці, і дзённікавыя запісы.
Адным з эпізодаў канчатковага разрыву Шаўчэнкі са славянафіламі была яго адмова друкавацца ў іх газеце «Парус», першы нумар якой выйшаў 3 студзеня 1859 года. У саркастычным (у адрас славянафілаў), поўным глыбокіх алюзій лісце-адказе М. Максімовічу (менавіта ён ад імя рэдакцыі славянафільскай «Русской беседы» звяртаўся з адпаведнай прапановай) Шаўчэнка 22 лістапада 1858 года паказаў на два галоўныя моманты, якія раздзялялі яго са славянафіламі. Першы: іх нежаданне прызнаць украінскі народ асобным, самастойным народам, як і мову і літаратуру гэтага народа, спробы растварыць іх у «общерусскости», што цалкам супадала і з афіцыйнай палітыкай «обрусения», хоць і падавалася ў некалькі іншым славесным адзенні. (Шаўчэнка быў вельмі талерантны да нацыянальных пачуццяў кожнага чалавека, нават «перабольшанае» выяўлення патрыятызму ён успрымаў з разуменнем, пра што сведчаць яго водгукі аб некаторых тагачасных вершах А. Хамякова і Ф. Цютчава, – але на любую нацыянальную несправядлівасць, непавагу да іншай нацыі, у тым ліку і сваёй, рэагаваў востра.) Другі: грамадскае рэтраградства, якое ў абстаноўцы актывізацыі грамадскага жыцця і наспявання рэвалюцыйных настрояў пачало выяўляцца ў многіх са славянафілаў больш рэзка, чым раней. Менавіта Шаўчэнка меў на ўвазе, як вядома, скандальную гісторыю з артыкулам князя В. А. Чаркаскага «Некоторые общие черты будущего сельского управления» (часопіс «Сельское благоустройство». 1858. Ч. 9), дзе абаранялася права сельскай адміністрацыі на цялесныя пакаранні сялян; артыкул выклікаў абурэнне перадавой грамадскасці; І. Аксакаў жа, выдавец «Паруса», стаў на абарону свайго аднадумца-славянафіла.
Яшчэ адно цікавае біяграфічнае супадзенне. У лістападзе 1858 года Шаўчэнка, Куліш, Кастамараў, Номіс і Марка Ваўчок паставілі свае подпісы пад вядомым пратэстам рускіх літаратараў супраць антысеміцкай выхадкі пецярбургскага часопіса «Иллюстрация». Акрамя таго, яны як прадстаўнікі літаратуры ўкраінскага народа ў адмысловым лісце выказалі свой погляд на гісторыю ўкраінска-габрэйскіх адносін і супрацьпаставілі прыкрым старонкам мінулага свой новы, гуманістычны погляд.
Заключным акордам шматгадовай прамой і ўскоснай, свядомай і міжвольнай палемікі Шаўчэнкі з ідэалогіяй і грамадскай практыкай расійскага славянафільства стаў яго верш-памфлет з нагоды смерці вядомага рэакцыянера, пецярбургскага мітрапаліта Грыгорыя:
Памёр муж рупны і свядомы.
Не плачце ўслых сіроты, ўдовы,
А ты, Аскочанскі, заплач,
Як плача зранку ў лузе драч.
І Хамякоў, Русі руплівец,
Масквы з правінцыяй дбайлівец,
Аб юбкаборцы горка плач.
І ўся, о Русская беседа,
Во глас единый исповедуй
Свае грахі.
І плач! і плач!
Читать дальше