Гэта чамусьці раззлавала Чарнушэвіча.
— Не ведаеце, што рабіць? Пашліце па ветэрынара! Здаецца, не малыя!
Аднак, трэба было ісці. У новай, яшчэ недакрытай стайні вакол маладой кабылкі стаялі мужчыны. Заклапочаны конюх Сіліван сядзеў на кукішках і глядзеў на кабылу, якая, закінуўшы галаву, ляжала на зямлі, пацямнеўшая ад поту. Тут-жа быў і Стафан і даваў парады.
— Паставіць яе трэба на ногі.
— Пашліце па ветэрынара! — суха сказаў старшыня. — Такую кабылу не даглядзець! Нават дробязі самай не можаце зрабіць. Здаецца, размеркавалі абавязкі, усе вы — гаспадары. Эх! Не ваенныя людзі, адно і скажаш.
— Не трэба клікаць ветэрынара, — раптам пачуў ён Шаршнёвы словы.
— Чаму? — аж здзівіўся, спыняючыся.
— Пойдуць гутаркі, следства. Кабыла ўсё адно не падымецца.
Але Чарнушэвіч настаяў на сваім. Ветэрынар прыехаў, кабыла акалела. Ветэрынар патрабаваў, каб рабілі дэзінфекцыю стайні, каб коней памылі. Зноў старшыні быў клопат і выходзіла, што Стафан раіў зусім не пустое. Не, — думаў Чарнушэвіч, — я яшчэ дрэнны гаспадар, трэба прыслухоўвацца да гаспадароў. Яму было непрыемна, што прыходзіцца займацца ўсім чыста, што людзі чакаюць ад яго і загаду, і парады. І павялося так, што ўсё часцей і часцей Стафан пачаў умешвацца ў гаспадарку, дапамагаць яму і ўжо часцей і часцей цэлы рад гаспадарчых пытанняў вырашаўся без яго і ён нарэшце атрымаў магчымасць заняцца тым, чым хацелася: млыном і электрастанцыяй. І тут, на гэтай будоўлі, ён зноў гарэў, аддаючыся працы дазвання. Гэта стала для яго і асноўным, і галоўным.
VII
Хоць і абяцаў Харчанка старой Ганне прыехаць на наваселле, але ні летам, ні ўвосень не выбраўся ён у Зялёны Луг. У яго жыцці адбылася змена. Праўда, гэтая змена не перайначыла яго распарадку, аднак надала большага клопату. Раней ён павінен быў клапаціцца аб добрым папаўненні ў Савецкую армію, аб падрыхтоўцы маладых салдат, аб тым, каб дапамагчы ўдовам і сіротам, цяпер гэтыя абавязкі не адпалі, а зрабіліся толькі часткай вялікай работы, ускладзенай на яго: Харчанку выбралі сакратаром раённага камітэта. Першым у Зялёным Лузе даведаўся аб гэтым Тодар Красуцкі. Ён быў у мястэчку, зайшоў у ваенкамат і там даведаўся аб зменах. У райкоме ён і не спадзяваўся ўбачыцца з новым сакратаром, ён запытаўся ў аднаго з работнікаў, ці можна аформіць у Зялёным Лузе партыйную арганізацыю з трох чалавек — на тую пару прыехаў камуніст-настаўнік і, значыцца, цяпер было тры камуністы: Чарнушэвіч, настаўнік і ён. Райкамавец сказаў, што такое пытанне трэба ўзгадняць непасрэдна з адным з сакратароў, і не паспеў Тодар агледзецца, як яго паклікалі да Харчанкі. «Вось які ён», — разглядаў Тодар капітана Харчанку, аб якім столькі чуў ад маці. Малады яшчэ чалавек, з пісягом на падбародку, уважлівыя, цёплыя вочы. «Сядай!» — і закідаў пытаннямі пра матку, пра калгас, пра тое, як ідзе будаўніцтва, пашкадаваў, што мала прыйшлося зернавых на працадзень. Раптам абарваў гутарку, на хвіліну задумаўся, вочы бліснулі маладым агнём.
— Ведаеш што? — сказаў неяк вельмі вясёла. — Пасядзі трохі тут, я ўпраўлюся са справамі і паедзем да вас.
Тодар астаўся ў кабінеце сакратара. Прыходзілі розныя людзі. Адзін дакладваў аб тым, што спажывецкая кааперацыя адкрыла новых адзінаццаць крам, у якія паступілі гэткія і гэткія тавары. А кніжкі? Не толькі падручнікі для школ, а палітычная, сельскагаспадарчая, мастацкая літаратура? Работнік райсаюза замяўся. Мы ж не маем магчымасці арганізаваць кнігарні, значыць — продаж кніг трэба наладзіць праз райсаюзаўскую сетку. Райсаюзавец сказаў, што гэта — справа лёгкая і будзе зроблена. Потым прыйшла жанчына з нейкага далёкага сяла, скардзіцца на старшыню, — пры размеркаванні дошак, якія прывезлі для новабудоўлі, яе абышлі, а ў яе хата стаіць раскрытая. Харчанка тут жа пазваніў у райвыканком і сказаў, што трэба дапамагчы жанчыне, якая прыйдзе. Пасля гутарка ішла аб тым, што некалькі школ недаўкамплектованы выкладчыкамі, цэнтр не прысылае, трэба, каб «нажалі» праз абком. Сакратар запісаў аб гэтым у настольны блакнот. У дзверы раптам прасунуўся дзіўны маленькі дзядок, пад пахай ён нёс нейкія пруткі, — мусіць, венік, — падумаў Тодар. Дзядок жвавенька падбег да стала сакратара і паклаў перад ім венік. Не, гэта быў не венік, а маладыя дрэўцы.
— От, таварыш Харчанка, экзэмпляры раслін, якія можна выкарыстаць для пасадкі цэнтральнага сквера.
«З такой драбязой ідуць!» — падумаў Тодар, але ў наступную хвіліну гэтая думка знікла сама сабой. Тодар бачыў, што Харчанка з сімпатыяй ставіцца да дзядкі, распытвае, спрачаецца.
Читать дальше