— Колькі жыву, такога не бачыў і не чуў! — сказаў Нічыпар і сплюнуў.
— Бог снег паслаў, бог і дождж пашле, — даверліва казала Тамашу Кацярына. — Гэта ніколі не было, каб чалавек мог што зрабіць замест бога.
— Ды там жа вучоныя людзі пішуць, пустое не будуць малоць, — не згаджаўся з жонкай Тамаш. — Бог богам, а чалавечы розум — моцная рэч.
Кацярына злавала:
— Маўчы хаця! Ты ў нядзелю робіш, ты і бога забыў.
— Ат жа не валіцца! — пасміхаўся Тамаш, паказваючы на столь новай хаты.
Гутарак вакол ліста было многа. Чарнушэвіч параіўся са Стафанам. Той сказаў, што ліст — не загад, і можна выконваць, і можна абысціся. Вядома, восень была сухая, снег потым лёг малы, вільгаці ў зямлі трохі як бы і малавата, але нешта не верыцца, каб там рознымі хваёвымі лапкамі можна было затрымаць веснавую ваду. На гэты раз Стафан нічога пэўнага не парадзіў, але Чарнушэвіч вырашыў, што ліст можна падшыць у справу, а самому заняцца электрастанцыяй.
Усё было гатова, ужо ставілі слупы, толькі была затрымка з праводкай. І тут трохі выручыў цесць. Аднаго разу ён запрог каня і некуды паехаў. К вечару ён прывёз два вялікія скруткі палявога кабеля. «Адкуль» — аж узрадаваўся Юрка. «Трафейны» — сказаў нібы сур’ёзна. З мястэчка нарэшце прыехаў манцёр, спачатку не хацеў рабіць праводку з гэтага проваду, але потым памякчэў.
Калі Тодар прыйшоў да Шаршнёў у хату, якраз закончылі праводку. Стафан скруціў у пальцах новенькі патрон, што павіс на чырвоным провадзе над сталом, манцёр сядзеў на лаве побач з Чарнушэвічам і той з захапленнем апавядаў:
— У стайні — лямпачка! Кароўнік таксама асветлены. Малочная ўся электрыфікавана! І гэта ўсё ад маленькага рухавічка.
Тодар здагадаўся, пра што ідзе гаворка, але ўсё ж запытаўся:
— Дзе гэта такое?
— У Германіі бачыў.
— Ага!
Агата падсунула Тодару табурэтку.
— Заўтра ў вашай хаце будзем рабіць мантаж. Па нядзелі з раёна провад прывязуць, тады вонкавую праводку зробім, і ўсё будзе гатова. Шкада, што клуба няма.
— Шкада. Хоць бы хату-чытальню на першы выпадак, — сказаў Тодар. — Трэба пабудаваць адзін хаця дом, каб і праўленне ў ім было, і хата-чытальня.
— Будзем будаваць! — упэўнена сказаў Чарнушэвіч.
— Але ёсць больш пільныя справы. Райаддзел папярэджвае, што вясна будзе сухая.
— Ты пра гэты ліст? Гаспадары кажуць — глупства.
Тодар зірнуў на Стафана. Той не выпускаў з рук патрон і пасміхаўся.
— Што кажуць — гэта не важна. Дзяржава многае робіць, што старым людзям здаецца непатрэбным і дзіўным. Каналы будуюць, мары, новыя расліны вырошчваюць.
— Я гэта ведаю, сяржант.
Можа, і не хацеў перапыняць яго, але Стафанава ўсмешка прымусіла.
— Мяркую, што трэба зрабіць тое, што прапануецца ў лісце.
— Каб хаця людзям занятак даць, — заўважыў Стафан. Пусціў з пальцаў патрон і ён пачаў гойдацца. — Усё гэта глупства! Можа, для якой краіны гэта і добра, а ў нас засухі не было ніколі.
— Але можа быць.
— Хто гэта ведае, што будзе. Прырода свае законы правіць.
— А людзі свае.
З гутаркі нічога не выйшла. Тодар аж узлаваўся, што Чарнушэвіч маўчаў, а ўвесь час адказваў яму Стафан, не прапускаючы слова. Тодар нарэшце развітаўся, вырашыўшы адкласці гутарку да іншага разу. Ён папрасіў, каб з раёна прыслалі лектара. Лекцыя на тэму, як чалавек кіруе прыродай, адбылася ў перапоўненай Ганчынай хаце, слухалі яе надта ўважліва, бо лектар гаварыў аб цікавых справах. Аб тым, як воляй бальшавікоў перарабляецца чалавек, як гэты волат-чалавек перарабляе прыроду, прымушаючы яе быць паслухмянай. Аб тым, як за паўночны круг прыйшлі яблыні, як жоўтыя пустыні аджылі ад вады, што прыйшла па каналах, як па маленькіх рэчках пайшлі акіянскія параходы, як успыхнула ў мядзведжых кутках электрычнасць. Пад канец завітаў у хату і Чарнушэвіч. Спачатку ён разглядаў людзей, думаў аб сваім, а потым і яго захапіў лектар. Пасля лекцыі Тодар пераказваў змест ліста і прапанаваў арганізаваць брыгаду для работы па снегазатрыманню. Але тут паднялася Галя Краўчанка, камсамолка, і сказала, што некалькі чалавек моладзі хоча арганізаваць сталую брыгаду, гэтая брыгада правядзе работу па снегазатрыманню, усю веснавую работу, сяўбу, будзе даглядаць пасевы, але няхай праўленне вызначыць для брыгады пэўныя ўчасткі.
— Кабеты! — трохі з гумарам крыкнула Кацярына. — Дзяўчаты, мусіць, нас і за работнікаў не ўважаюць?! Старшыня! Я таксама хачу ў брыгаду.
— Ты, Кацярына, старэйшых збяры, — ціха падказала Ганна, але ўсе гэта пачулі.
Читать дальше