— Сем ці восем раненняў!
«Як яна лёгка пра гэта гаворыць! А калі б — гэта я?»
— Значыць, многа гора паспытаў чалавек.
— У кожнага ў гэтую вайну было сваё гора, — азваўся з-за пераборкі цесць. — Лепш не ўспамінаць! — Услед уздыхнула маўклівая Альжбэта — гучна, хрыпавата.
Толькі ў канцы наступнага дня выбраў старшыня вольную хвіліну, каб зайсці да Красуцкіх. Прашоўшы ўжо паўдарогі, ён крута павярнуўся, прыйшоў у цесцеву хату, зняў гімнасцёрку і надзеў кіцель — калі ў промені сонца бліснулі два медалі і два ордэны, ён усміхнуўся сам сабе ў люстра. Падцягнуты, ён прайшоўся па вуліцы да Ганчынай хаты. Прайшоў дзядзінец. Ужо тры рамоўніка, — адзначыў, — малайчына старая! Ганны, мусіць, не было. Пераступіў парог і ўбачыў: ля вакна, спінай да яго, у паношанай, але чыста пасціранай гімнасцёрцы стаіць русавалосы хлапец. Левы, парожні, рукаў засунуты за дзяжку, у пальцах трымае нешта і разглядае. Хлопец не заўважыў старшыню.
— Што там цікавае? — голасна сказаў Чарнушэвіч, робячы вялікія крокі да хлопца. — Пчала?
— Не! — Хлапец узняў на прыйшоўшага блакітныя вочы (твар быў бледны, стомлены, відаць — доўга ляжаў у шпіталі). — Гэта — шэршань, называюць — філант. Ён паралізуе пчол і корміць імі свае лічынкі.
— І многа паядае?
— Па шэсць пчол на кожную лічынку, многа!
Вы — лейтэнант Чарнушэвіч? Вельмі вам дзякую за дапамогу матцы, за гэту хату.
— Э, глупства! — весела адказаў Чарнушэвіч, працягваючы да параненага руку. — З прыездам! Прыйдзецца гэтага ворага пчалінага забіць.
— Ён ужо мёртвы. Сядайце! — паціскаючы працягнутую руку, адказаў Тодар Красуцкі.
Чарнушэвіч сеў, а хлапец стаяў. «Мусіць, радавы, па старой прывычцы — чакае дазволу старэйшага». Падумаўшы гэта, ён і спытаўся:
— Радавы?
— Гвардыі сяржант.
— А гадоў?
— Дваццаць трэці. З восьмай групы пайшоў. І от... — Ён паказаў абрубак рукі.
— Дзе страцілі?
— У Венгрыі, ужо даўно. Ляжаў у шпіталі, потым у санаторыі.
— А выглядаеце паршыва. І тут трэба адпачыць.
— Нее... — зусім дзіцячая ўсмешка кранула пухлыя Тодаравы вусны. — Мне б хацелася рабіць, таварыш лейтэнант. Мне б хацелася... — Ён не скончыў, сеў на нізкі ўслончык пры сцяне, на твар нібы лёг цень.
— Не бядуйце!
Трэба неяк суцешыць гэтага хлапца, але Чарнушэвіч не мог знайсці патрэбных слоў. Ён таксама сціх. Колькі хвілін стаяла ў хаце цішыня. За вокнамі ў яркім восеньскім дні сцішана гудзелі пчолы. Прыйшла на дзядзінец Ганна, з хлява вывела цялушку і кінула ёй бярэмя травы. Усё гэта бачыў Чарнушэвіч і чакаў прыходу старой. Але тая яшчэ нешта рабіла на дзядзінцы.
— Маці ваша прыйшла!
Тодар усхапіўся, выйшаў за парог і голасна сказаў, што ў іх госць.
— Які госць! Свой я тут! — узнімаючыся насустрач старой, смяяўся Чарнушэвіч. — Учора, матка, позна прыехаў, выбачайце, што не зайшоў.
— Зусім, зусім забыўся на старую! — мякка папракала Ганна Чарнушэвіча. — Запрацаваўся.
— Так, матка, і аддыхі няма!
На стале паявілася пачатая бутэлька гарэлкі, мёд. Колькі ні адмаўляўся Чарнушэвіч, але прыйшлося і выпіць, і паспытаць мёду. Тодар не піў і маці не-не, а ўздыхала са скрухай, затрымліваючы позірк на бледным сыновым твары. Чарнушэвіч расказваў аб сваіх планах. Ён бачыў, што Тодар слухае яго надта ўважліва, і гэта заахвочвала. Ад млына і электрастанцыі думкі перабеглі на перажытае, ён пачаў успамінаць.
— Нам бы так будавацца, як за мяжою! — нарэшце сказаў ён. — Мне давялося бачыць адну гаспадарку, нешта накшталт хутарка.
Калі ён спыніўся, Тодар з бледнай усмешкай на твары ціха заўважыў:
— А я там не мог. Усё было чужое. Хай тут беднае, але сваё.
— Правільна, сынок, — з любосцю сказала маці.
Нарэшце Чарнушэвіч развітаўся. Ідучы, ён падумаў, што Тодар — не памочнік, на яго няма чаго разлічваць. А ён меркаваў — хоць рахункаводам яго, Таню прыйшлося адпусціць на вучобу, можна было б Стафана прызначыць, але самому гэтага рабіць не хацелася — як-ніяк радня. Радня! Ён усміхнуўся пры гэтым — хутчэй бы дахаты. Там чакае Агата, спакой, адпачынак. Як мала адпушчана чалавеку шчасця! Стафан — талковы чалавек, з ім прыемна і пагутарыць, карысна параіцца. Вось да Альжбеты ніяк не можа прызвычаіцца Юрка. Дзіўна, што троха не ўвесь час маўчыць гэтая жанчына, і дагэтуль не зразумела, ці прыхільна ставіцца яна да зяця, ці не. Няўжо і Агата будзе такой — маўклівай, пахмурнай? Чымсьці нагадвае яна рабочага вала.
— Я вас шукаю, — гэта Ляксей Жук, брыгадзір. — Няшчасце, Юры Піліпавіч! «Зорка» завалілася, не даглядзелі.
Читать дальше