Невялікі круг асвятляе вогнішча. Твары людзей абветраныя, бронзавыя.
Вочы ва ўсіх цёмныя ад скупога водсвету вогнішча.
Першымі ўцяклі сюды Салавей, чорнабароды Язэп з сынам і бялявы дзяцюк Пятрусь. У адзіночку пачалі прыходзіць акторы з былога тэатра пана Вашамірскага.
Нялёгка было дабірацца сюды праз балоты. З панскіх людзей ніхто не адважваўся рыхтаваць тут аблавы на цімакоў.
Ужо некалькі месяцаў жывуць цімакі ў гэтай пушчы. Спачатку думалі перабрацца адгэтуль на Ўкраіну, але раздумалі.
Чорнабароды Язэп, што быў выбраны атаманам, сказаў так:
— Мы-то самі ўцячэм, а што нашыя браты? Няўжо ж мы іх пакінем на здзекі пану Вашамірскаму?
— А што ж мы можам рабіць? — пыталіся некаторыя з актораў.
— Як што? Калі пан не палепшае, дык зробім так, што ад яго маёнтка адны каменькі застануцца.
— А мужычкі па вёсках?
— Лепш загінуць, чымся цярпець усё гэта. Яны ж усё роўна з голаду перамруць. Усё роўна няма жыцця ад груганоў панскіх.
Чарнелі вочы чорнабародага атамана Язэпа, бялелі зубы. Шмат сілы было ў яго шырокіх плячах. Ён глядзеў на малайцоў агнёвымі вачыма і гаварыў:
— Здужаем пана! Усе яго прыгонныя вёскі нам дапамогуць! Нас многа!
Салавей быў на яго баку. Аднак былі і такія, што не згаджаліся з атаманам.
— Самі прападзём, цэлыя вёскі прападуць, а нічым не дапаможам. Акаянныя паны такімі і застануцца. Яшчэ горш лютымі стануць. Царскае войска ім дапаможа.
Так плылі дні, месяцы. Ісці далей, каб дзе-небудзь у чужой краіне застацца, цімакі не рашаліся: сваіх не хацелі пакідаць, і расправіцца з панам Вашамірскім не пробавалі: зноў жа сваіх вяскоўцаў шкадавалі, каб іх не знішчыла войска.
Шумела пушча.
Часам сярод белага дня рабілася цёмна, як уночы. Неба было атулена чорна-сінімі кажухамі хмар. Грымоты будзілі пушчу ад сну. А маланкі рэзалі яе хваёвыя грудзі агнёвымі нажамі, а дажджы мылі яе, лупцавалі вадзянымі доўгімі, ад неба да зямлі, вяроўкамі.
Страшна было тады ў пушчы, непрытульна. У часе такой навальніцы цімакі хаваліся ў зямлянцы. Адзін толькі атаман, чорнабароды Язэп, не хаваўся ад навальніцы. Ён заставаўся на невялікай паляне і любаваўся навальніцай. Заўсёды, з маладых год, ён любіў такую пагоду.
І ён думаў:
«Вось каб людзі адважыліся такую навальніцу-мяцеж пусціць па панскіх маёнтках; з агнём, са злосцю, з дзікім шумам, з вострымі нажамі, з сякерамі…»
Заўсёды навальніца выклікала ў яго думках вобраз страшнага мяцяжу супроць агідных паноў.
Пасля такой навальніцы ў пушчы атаман заўсёды сам раскладваў агонь, сушыў вопратку і доўга думаў. Грозныя былі тады вочы ў чорнабародага Язэпа, губы сцяты, і ніхто да яго тады не падыходзіў з гутаркамі.
Аднаго разу прывалокся сюды, у пушчу, музыка Антон. Яму ўдалося захапіць з сабою скрыпку.
— Без скрыпкі я сюды не ўцёк бы, — гаварыў ён цімакам.
На гэта атаман зморшчыў лоб і грозным голасам сказаў:
— А як нам трэба будзе ісці ў госці ў маёнтак пана Вашамірскага, скрыпку ў зямлянцы пакінеш і возьмеш сякеру. Толькі раней добра яе навострыш. Пакуль што раскажы, што там робіцца.
Антон расказаў.
Тады атаман сціснуў кулакі і працадзіў праз зубы:
— Хутка пойдзем у госці да пана Вашамірскага!
— Сягоння ж пойдзем!
— Зараз пойдзем!
— Хадзем!
Так гаварылі цімакі.
— Ціха! — крыкнуў атаман, — калі не хочаце мяне слухаць, дык выбірайце сабе другога атамана. Буду яго слухацца.
Цімакі змоўклі.
— Ты, Антоська, пакуль што грай! — звярнуўся атаман да скрыпача. — Грай так, як табе самому хочацца. А мы ўсе будзем слухаць. Добра, што ты да нас прыйшоў…
Сеў Антон на паваленым пні і давай настрайваць скрыпку.
Цімакі селі ў кружок, моўчкі, сур'ёзна, нібы чакалі ад скрыпача нечага такога, ад чаго залежыла іх жыццё і смерць.
Здавалася, што грозныя стагоднія хвоі з нецярплівасцю чакалі. Здавалася, што вершаліны шумець перасталі.
Антон зайграў.
У першы раз пушча чула такія гукі. У першы раз прыгонныя чулі такую музыку.
Антон зусім забыўся, што вакол яго сядзяць людзі. Ён граў для «сябе». У адзін і той самы час чуваць былі розныя галасы: адна струна заходзілася ад плачу, другая дзіка рагатала, а трэцяя струна кудысьці клікала-звала грозным крыкам. Не было на гэты раз той кволасці ў яго ігры, што чуваць была ў панскім палацы.
Антон адчуваў, што яму горача: гарыць лоб, вочы, а ў грудзях страшнае пажарышча. Каб рукі не былі заняты ігрою, ён бы сціснуў далоні ў цвёрдыя кулакі, сякеру ўзяў бы…
Чамусьці ў гэты час усе цімакі ўспомнілі адно і тое самае:
Читать дальше