У гэты час аб Салаўі ні слуху ні духу не было. Ён прапаў.
Балерыны і актрысы з адрэзанымі косамі — пакараныя такім чынам немаведама за што — працавалі на полі. Ім давалася самая цяжкая праца: чысціць хлявы, вазіць гной і т. д.
Некаторыя з былых панскіх актораў не вытрымалі такой рэзкай змены ад сцэны да стайні. Яны ўцяклі з маёнтка. Лясы пана Вашамірскага былі для іх больш прытульнымі за яго палацы. Лавіць цімакоў у лесе — тое самае, што лавіць ветра ў полі. Здарылася яшчэ адна бяда: тройку лепшых коней укралі ў адну ноч.
— Няйначай гэта акторы зрабілі! — гаварылі ўсе.
І вось пан Вашамірскі мсціў тым з іх, якія ў яго засталіся. Не было таго дня, каб іх не лупцавалі, каб хто-колечы з іх не быў закуты ў цяжкія калодкі.
Ксёндз Марцэвіч і пры панскай стайні быў выкарыстаны панам Вашамірскім для ганаровай працы: ён зрабіўся конскім летапісцам. Збіраў паэзію аб конях з розных часоў: апісанне хараства каня ў Бібліі, у рыцарскіх раманах, у грэцкіх казках аб кентаўрах, аб амазонках, студыяваў каня на малюнках святога Юр'я, святога Іллі, збіраў для пана Вашамірскага калекцыю малюнкаў славутых маляроў, якія малявалі коней. Сам пачаў вершы пісаць аб конях. Ён з'яўляўся збіральнікам конскага хараства і паэзіі.
А прыгонныя людзі пана Вашамірскага працавалі ў панскім дварэ: капалі гліну, цэглу рабілі, і не было калі засеяць сваё поле. Па вёсках заставаліся толькі старыя і малыя. Хто не працаваў на панскай стайні, той абрабляў яго поле.
Трывожыліся сяляне. Не ведалі, што рабіць. Пустыя шнуры, здратаваныя капытамі панскіх коней, былі для іх страшней за ўсе іншыя здзекі.
— Голад, страшны голад будзе ў нас, — гаварылі старыя.
Маладыя гарачыліся.
— Падпалім панскі маёнтак! Заб'ём самога пана! — меркавалі яны.
Людзі сярэдніх гадоў раілі ў адзіночку, ціханька ўцякаць адгэтуль ды ісці ў цімакі.
Усіх трывожыла адно:
— Што рабіць?
Дзеду Марціну больш за сто год. Ён маленечкі, сагнуты ў качаргу. На яго галаве і барадзе рэдкі пушок колеру сухога жоўтага пяску. Твар вельмі зморшчаны, нібы абклеены лупінкамі з яловых шышак. А вочы гнойныя і слязлівыя.
Ляжыць дзед на гародзе, пячэцца на сонцы. Кашуля расхістана на грудзях. На яго целе шмат рубцоў. Некалькі пакаленняў паноў Вашамірскіх пісалі бізунамі на целе прыгонніка свае жудасныя ўчынкі. Добра памятае дзед. Ужо больш за дваццаць год, як ён у кожную вясну памірае. Ляжыць на гэтай самай мяжы і канае. Яму ўсё здаецца, што канец падыходзіць.
— Як гэта чалавек так доўга жыць можа? — дзівіцца ён.
Ляжыць дзед нерухома. Да яго нават вераб'і прывыклі. Яны спяваюць над ім, скачуць на яго грудзях. Зусім яго не баяцца. А недалёка малыя дзеці ў адных кашульках, цвёрдых, як бляха, ад бруду, гуляюць у «смерць дзеда». Адзін з хлапчукоў змайстраваў крыжык з лучын. Двое іншых узялі невялічкае карытца, палажылі туды ануч: гэта дзед у труне. Трэція магілу капаюць у пяску, а чацвёртыя галосяць, плачуць:
— На каго ты нас, дзядок, пакідаеш? Што ж мы рабіць без цябе будзем?
Закапваюць дзеці «труну з дзедам» (карытца з анучамі) у зямлю, ставяць камень на магілцы, укопваюць крыж, зноў адкопваюць і пачынаюць гульню спачатку.
Сонца пячэ. Дзед Марцін слухае і бачыць гэту гульню. Ускаквае з мяжы са злосцю. Дзеці палохаюцца, уцякаюць.
Раней у гэту гульню забаўляліся яго праўнукі, цяпер іхнія дзеці…
А дзед усё жыве.
Часта ляжыць на мяжы. Рубцы на яго целе ад бізуноў некалькіх пакаленняў паноў Вашамірскіх пякуцца на сонцы. Гудуць мухі над дзедавым тварам.
— Што рабіць? — думае дзед. — Усе працуюць на панскай стайні і на панскім пояі.
— Што рабіць?
Дзед цярэбіць левай рукою грудзі, потым падпяразваецца цясней вяровачкай і павольным крокам выходзіць на вуліцу вёскі Вашаміршчыны.
Пасярод вуліцы расце трава. У лужынах смуродная вада зацягнута зялёнай тванню. Улезла ў гразь рабая свіння, пачала качацца з боку на бок, смачна рохкае.
На прызбах сядзяць дзеці, старыя.
— Ой-ой-ой, як цяжка жыць! — чуе дзед голас шаптухі каля прызбы адной хаткі.
Дзед падняў на вуліцы крывы сукаваты кіёк і абапёрся.
— Лягчэй, — шапнуў ён і накіраваўся на поле.
Неба сіняе ў ледзь прыкметных ружовых плямінах. Над лесам адпачываюць бірузовыя хмаркі. На старым дубе кукуе зязюлька.
— Ку-ку! — лічыць яна дзедавы гады і злічыць не можа.
Ідзе павольным крокам дзед Марцін і аглядаецца па баках. Сярод паплавоў уецца вузенькая рачулка. Блішчыць расплаўленым серабром. Над рачулкай кружацца матылькі.
Читать дальше