Цікі амаль перастаў дыхаць.
І раптам, імкліва і бясшумна, нібы пантэра, юны воін саслізнуў з дрэва і ўслед за львом знік у высокай траве.
Цікі ўбачыў, як ільвы падазрона прыўзнялі морды, учуўшы паблізу нешта чужое. Яны павярнулі галовы ў той бок, і адзін з іх абазваўся нягучным, працяглым рыкам.
Ад таго, што адбылося потым, сэрца Цікі ледзь не выскачыла з грудзей ад жаху.
Нібы змовіўшыся, усе тры львы імкліва кінуліся ў траву — туды, дзе толькі што знік юны воін.
Цікі глянуў на Мафуту, а той — на Цікі. На іхніх тварах адбіўся жах.
Іх новаму сябру пагражала смяротная небяспека!
Раптам да іх вушэй данёсся пранізлівы крык. Потым пачуўся такі аглушальны рык, што — здалося, — здрыганулася неба.
Потым зноў усталявалася цішыня.
Цікі ўвесь калаціўся.
Але вось, імкліва, як гепард, з травы выбег юны воін. У адной руцэ ён трымаў бліскучы нож, а ў другой сціскаў кончык ільвінага хваста!
Раптам за дзесяць крокаў ад яго з травы выскачыла львіца. З кожным скачком яна набліжалася да смельчака, які ўцякаў з усяе сілы. Ільвіца ўжо амаль дагнала яго, нізка прыгнулася да зямлі, рыхтуючыся да апошняга скачка, і Цікі ўбачыў, як бліснулі яе жоўтыя іклы. Ён заплюшчыў вочы, бо не меў сілы глядзець, як праз імгненне звер раздзярэ юнага воіна на кавалкі, і нішто ўжо яго не выратуе...
— Загінуў... — пачуў Цікі тужлівы шэпт Мафуты.
Але юны воін выратаваўся!
Ён паспеў дабегчы да ракі, з гучным крыкам нырнуў у ваду, і ў паветра ўзняўся вялікі фантан пырскаў.
Ільвіца застыла на месцы. Пачуўся яе злосны, шалёны рык.
Цікі з палёгкай глыбока ўздыхнуў.
Двое львянят далучыліся да львіцы, і ўсе яны, шалёна круцячы і б'ючы хвастамі па баках, раз'юшана гойсалі па беразе.
Юны воін плыў па рацэ. Дасягнуўшы сярэдзіны і апынуўшыся амаль пад галінамі дрэва, на якім хаваліся нашы назіральнікі, юны воін пайшоў уброд, часта азіраючыся назад.
Высока ўзняўшы над галавой свой трафей, ён з радасным смехам памахаў ім ільвам.
Раздзел чацверты. Аленяня Дзік-Дзік
Было яшчэ цёмна, калі Цікі прачнуўся ад нейкага шолаху.
Спярша ён нічога не ўбачыў, акрамя цьмяных абрысаў дрэў, што раслі навокал.
Раптам заварушылася нечая цёмная постаць. Гэта быў юны воін.
— Што ты робіш? — шэптам запытаў Цікі.
— Ламачча для вогнішча збіраю, — таксама шэптам адказаў воін. — Мне час ужо выпраўляцца ў дарогу, бо сёння ж сёмы дзень, а шлях мой далёкі.
Цікі падняўся і ўзяўся памагаць сябру. Яны распалілі вогнішча і пачалі на ражне смажыць апошні кавалак мяса, што застаўся ў воіна.
У паветры разліўся прыемны пах смажаніны.
А Мафута яшчэ моцна спаў: жывот яго высока ўзнімаўся і нізка ападаў пад коўдрай.
Але неўзабаве ён чмыхнуў, перакаціўся на другі бок, шморгнуў носам і гучна цмокнуў губамі. Потым заварушыўся і запытаў сонным, але зацікаўленым голасам:
— Снеданне гатова?
— Паспіце яшчэ крыху, — адказаў воін. — Час вельмі ранні.
Але Мафута ўжо зусім прачнуўся.
— Неяк кепска спіцца, — паскардзіўся ён. — Мой страўнік зморшчыўся ад голаду, як высахлы гарбуз.
Вырашылі паснедаць і як мага раней рушыць у дарогу.
К таму часу, як яны выправіліся ісці, на ўсходняй частцы небасхілу ўзнялося сонца. Ранак быў цудоўны — свежы, бадзёры, і сэрца Цікі спявала ад шчасця.
Усе трое хутка крочылі па лясных сцежках, спярэшчаных сонцам і ценем.
Праз некаторы час воін папрасіў сваіх спадарожнікаў спыніцца.
— Тут мы з вамі павінны развітацца, сябры мае, — сказаў ён. — Адсюль я павярну на поўнач.
Яны ўрачыста паціснулі адзін аднаму рукі, і Цікі зрабілася сумна, таму што яму вельмі спадабаўся юны і храбры воін.
А той адсалютаваў ім кап'ём, павярнуўся і пакрочыў на поўнач.
Пасля гэтага Мафута і Цікі ішлі хутка і моўчкі. Мясцовасць паступова мянялася. Лес і высокі хмызняк змяніліся сухой раўнінай. Рэдка калі ім сустракаліся дрэвы, ды і то нізкарослыя, шэрыя і чэзлыя. Апаленая спёкай зямля давала жыццё толькі рэдкаму хмызняку і невысокай бурай траве.
Яны ішлі па пустыні.
Спёка рабілася ўсё больш нясцерпнай.
Гарачы вецер узнімаў і гнаў па зямлі невысокія пясчаныя віхры, і яшчэ да таго, як сонца дасягнула зеніту, Цікі адчуў, што траціць апошнія сілы. Язык зрабіўся сухі і шорсткі. Хлопчыку страшэнна хацелася адпачыць.
— Мафута, — сказаў ён, ледзь дыхаючы, — я так хачу піць, што мог бы выпіць усю ваду з Замбезі.
— Цяпер, Цікі, нічога не пі, — папярэдзіў Мафута. — Таму што, пакуль сонца так прыпякае, чым больш ты будзеш піць, тым больш будзеш пацець і толькі яшчэ мацней піць захочаш, а вады ў бутэльцы ўжо не будзе.
Читать дальше