— Я больш не магу,— заявіў Заяц.
Чыта абвяла ўсіх задумлівым позіркам і прамовіла:
— А што, калі нам тэлефон паставіць бліжэй да майго дому?
— Але бліжэй няма паляны,— сказаў Зубр.
— I пянька,— дадала Вавёрка.
— Калі тэлефон паставіць бліжэй да твайго дому, тады я са свайго дому не пачую, як ён будзе званіць,— заўважыла Ліса.
— I я,— падаў голас Бусел.
— Я ж кажу: нашто нам тэлефон — ад яго адзін звон,— залапатала Сарока.
— А што, калі нам пашукаць дзе-небудзь кавалак дроту? — прапанаваў Зубр.
— Дзе ж мы яго поначы знойдзем? — запярэчыў Заяц.— Ды я і так ледзьве ногі цягаю!
— Правільна,— сказала Чыта,— дрот гэта — такая рэч, якая валяецца, дзе заўгодна. Толькі шукаць яго мы пачнём не сёння, а заўтра раніцай.
Усе падтрымалі Малпачку і разышліся па дамах. Ноч завесіла неба чорнымі дзіравымі занавескамі. Стомленыя за дзень жыхары пушчы хутчэй забраліся ў свае пасцелі, пакуль нецярплівыя сны не пайшлі да каго-небудзь іншага.
Толькі Сарока не думала класціся. А калі наступіла поўнач, паднялася з гнязда і паляцела на паляну. Сарока апусцілася на пень і, насцярожана паглядзеўшы па баках, пачала са злосцю дзяўбці тэлефон.
Невядома, ці прадугледжвалі такое абыходжанне з апаратам майстры, якія яго рабілі, але пластмаса легка вытрымлівала ўсе Сарочыны ўдары. Праўда, і Сарока аказалася не з тых, хто легка пасуе перад цяжкасцямі. Яна ўхапілася дзюбай за шнур, які злучаў трубку тэлефона са скрынкай, паднялася высока ў паветра і разявіла рот. Тэлефон паляцеў уніз і стукнуўся аб пень. Трэшчыча на трубцы зрабілася яшчэ большай. Сарока зноў апусцілася на пень, зноў узяла ў дзюбу шнур і паднялася над дрэвамі...
Раніцай Чыта яшчэ спала, калі яе сваім трэскам разбудзіла Сарока.
— Што нарабілася! Што адбывалася, пакуль нам добра спалася! — закрычала Сарока, як толькі Малпачка выйшла на ганак.— Нехта ўночы раструшчыў наш тэлефон!
Праз паўгадзіны на паляне сабраліся жыхары пушчы. Тэлефон ляжаў на пні — разбіты так, што, відаць, і самыя лепшыя майстры не ўзяліся б яго рамантаваць.
— Хто-небудзь можа мне растлумачыць, чаму ён паламаны, хоць учора мы пакінулі яго цэлым? — спытала Малпачка, не адводзячы позірку ад тэлефона.
— Я думаю, на яго нехта наступіў. Нехта вялікі і... і падобны на Зубра,— паспешна сказала Сарока.
— Чаму на мяне? — здзівіўся Зубр.
— Таму што ты адзін сярод нас вялікі.
— Значыць, па-твойму, я на яго наступіў?
— Хіба я гэта гаварыла? — ухмыльнулася Сарока.— Але калі б на яго наступіла я, ці Заяц, ці Вавёрка, ці Ліса, ці Бусел, або Малпачка, ён не быў бы раструшчаны.
— Ды чаго ж я папёрся б сярод ночы на паляну?! — раззлаваўся Зубр.— Што ты пляцеш!
— Я не пляту, я разважаю,— спакойна сказала Сарока.
— А можа, ты лунацік? — звярнулася да Зубра Малпачка.
— Хто? Хто? — разгубіўся Зубр.
— Лунацік,— паўтарыла Чыта і патлумачыла: — Той, хто ходзіць у сне, а калі прачнецца, нічога не помніць.
— Вось і не. Я заўсёды помню, куды хаджу,— запярэчыў Зубр.
— Ну, табе так толькі здаецца,— уздыхнула Чыта.— Хоць якая цяпер розніца — з тэлефона ўсё роўна ўжо не пазвоніш.
— Такой бяды! — затрашчала Сарока.— Вы забыліся пра мяне! Чым я горшая за ваш тэлефон? Клопату менш, і той жа звон! Хочаце каму-небудзь што-небудзь перадаць — скажыце мне. А я ўжо, не сумнявайцеся, раззваню па ўсім лесе!..
Аднойчы Заяц паволі клэпаў па лесе, задумліва пазіраючы сабе пад ногі. Выгляд у яго быў пануры, і Вавёрка, якая сядзела на парозе свайго дупла, заўважыла гэта здалёк. Яна хуценька спусцілася на дол.
— I далека ты выбраўся?
Заяц спыніўся і моўчкі паціснуў плячыма.
— Нейкі ты сумны. Што-небудзь здарылася?
— Скажы, Вавёрка, у цябе бывае дзень нараджэння? — пачухаўшы патыліцу, спытаў Заяц.
— Вядома. Я тады пяку салодкія пірагі з арэхамі і вару малінавы кампот.
— А ў мяне вось не бывае. Я ведаю, што, раз я некалі нарадзіўся, ён павінен быць, але не ведаю, у які дзень. Можа, у пятніцу, а можа, у сераду. Можа, у ліпені, а можа, у жніўні. А мо і зусім у студзені. Лепш, вядома, у ліпені. Папраўдзе, дзень нараджэння не вельмі мне і патрэбны, але часам хочацца ведаць, ці многа пражыў.
— А ты хіба не ведаеш, колькі табе гадоў? — здзівілася Вавёрка.
— Не,— уздыхнуў Заяц.— Можа, пяць, а можа, сто. Самае крыўднае, калі мой дзень нараджэння сёння. Ён прыйшоў, а я нават не здагадваюся пра гэта.
— Мне здаецца,— крыху падумаўшы, сказала Вавёрка,— дзень нараджэння можна спраўляць у любы дзень.
Читать дальше