— Стойце! — закрычала Чыта.— Усе вярніцеся на свае месцы! Толькі што на вашых вачах Ліса пакрыўдзіла Зайца. Яна павінна быць пакарана, і не менш, чым на пяць долараў. Пасяджэнне суда працягваецца!
Ліса палезла ў сумачку і дастала пяцідоларавую купюру. Па яе вачах было відаць, што ёй не вельмі шкада развітвацца з гэтай паперкай і што яна зусім не раскайваецца за свой учынак.
ЯК ЗАЯЦ ХАЦЕЎ НАВУЧЫЦЦА ЧЫТАЦЬ
Аднойчы раніцай Заяц прыйшоў да Малпачкі і з парога папрасіў:
— Чыта, навучы мяне чытаць!
— Цябе? Чытаць? — здзівілася Малпачка.— А навошта? Можа, ты атрымаў ліст ад далёкага сваяка і хочаш ведаць, што ён піша? Думаеш, раптам сваяк адклаў для цябе кругленькую суму, я адгадала?
— Ніякага ліста я не атрымаў,— паціснуў плячыма Заяц.
— А што тады?
— Я хачу навучыцца проста так, на ўсялякі выпадак. А то Зубр умее, Бусел умее, нават Вавёрка нешта пэкае пад нос, а я... Чым я горшы за яе?
— Хм, пахвальна,— сказала Чыта.— Але навучыцца чытаць вельмі няпроста. I на гэта патрэбна шмат часу.
— А я сёння якраз нічым не заняты,— паведаміў Заяц.— Магу вучыцца хоць да вечара.
— Хоць да вечара! — перадражніла Чыта.— Нават я вучылася чытаць два месяцы! Месяц па-англійску і месяц па-беларуску, дзякуючы майму гаспадару, які выпісваў беларускія газеты. А табе давядзецца папыхцець не менш, чым чатыры месяцы.
— Чатыры месяцы! — усклікнуў Заяц.— У мяне не будзе столькі вольнага часу. Вось каб зімою, тады іншая справа. А цяпер ніяк не атрымаецца. Спачатку трэба дасеяць агарод, пасля давядзецца яго палоць, пасля... Паслухай, а калі я буду вельмі-вельмі старацца, я здолею навучыцца чытаць за месяц?
— Ніколі! — упэўнена прамовіла Чыта.
— Ну... ну, а за два?
— Не думаю,— ухмыльнулася Малпачка.
— Няўжо так складана навучыцца чытаць?
— Вядома, складана. Спачатку трэба вывучыць усе літары.
— А я ўжо ведаю ўсе літары! Аднойчы Вавёрка малявала іх на пяску, і я запомніў. Толькі,— уздыхнуў Заяц,— мне ніяк не ўдаецца скласці з іх хоць адно слова.
— Ты ведаеш усе літары? — здзівілася Чыта.
— Ведаю,— з гонарам паўтарыў Заяц.— Я ведаю літару "а", літару "э", літару "у", літару "о"... I яшчэ некалькі, толькі я забыўся, як яны называюцца. Усяго дзесяць, не менш.
— Дзесяць? Усяго дзесяць? — перапытала Чыта.— Але ж літар значна больш!
— Праўда? — у голасе Зайца адчуваўся недавер.— А навошта іх так многа? Хіба дзесяці недастаткова?
— Вядома, не,— сказала Чыта,— таму што розныя словы пішуцца рознымі літарамі.
— А хіба нельга розныя словы пісаць аднымі і тымі літарамі? — задумліва спытаў Заяц.
— Не, з адных і тых жа літар атрымліваюцца адны і тыя ж словы,— цярпліва патлумачыла Чыта.
— Шкада,— уздыхнуў Заяц.— Слоў так многа! Значыць, і літар павінна быць... О, мне іх нізавошта не запомніць!
— Я ж гаварыла,— хмыкнула Чыта,— навучыцца чытаць вельмі няпроста. Нават я...
— А мне так хацелася навучыцца чытаць,— не слухаючы Малпачку, жаласна сказаў Заяц.— Хаця б якое-небудзь адно слова.
— Ну, навучыцца чытаць адно слова не праблема,— абнадзеіла касога Чыта.— Для гэтага нават не трэба ведаць усе літары.
— Праўда? — узрадаваўся Заяц.— Тады навучы мяне чытаць якое-небудзь слова!
Малпачка падышла да стала, узяла аловак і чысты аркуш паперы, крыху падумала і напісала:
ЕАЗЦ
Нешта ёй у гэтым слове не спадабалася. Яна яшчэ падумала, затым закрэсліла дзве літары, а над імі напісала іншыя. Атрымалася так:

Цяпер, як быццам, усё было правільна, але слова не хацела чытацца так, як яно гучала, калі Малпачка клікала ім касога.
Чыта вырашыла яшчэ падумаць. Нарэшце зноў закрэсліла адну літару, а замест яе напісала іншую. Такім чынам, у яе атрымалася:

Ну, вось,— яна працягнула паперу Зайцу,— цяпер ты можаш запомніць, як пішацца слова "Заяц", і чытаць яго, колькі захочаш.
Заяц узяў паперу, паглядзеў на Чыціна пісанне і ўсклікнуў ці то здзіўлена, ці то захоплена:
— Якім вялікім словам я пішуся! Цэлая гара літар атрымалася!
I па дарозе дадому ён увесь час глядзеў на лісток з літарамі — яму хацелася хутчэй запомніць, як пішацца слова "Заяц".
Чыта любіла прыбіраць у сваім доміку. Часам яна знарок растрыбушвала шафу або куфэрак, раскідала ўсё па падлозе, каб праз некалькі хвілін, охаючы, што ў яе такі беспарадак, пачаць раскладаць рэчы назад па сваіх месцах.
Читать дальше