Аднойчы яна з той жа мэтай вывернула на сярэдзіну пакойчыка шуфлядкі стала і сярод рэчаў убачыла радыётэлефон. У Амерыцы Чыта любіла званіць сваей сяброўцы малпачцы, якая жыла па суседстве — праўда, не ва ўласным доміку, а ў доме свайго гаспадара, таму, зразумела, яна вельмі зайздросціла Чыце.
Ах, дзе цяпер яе амерыканская сяброўка? Што яна робіць? Можа, купаецца ў ванне? А можа, глядзіць тэлевізар?
Чыта хуценька набрала нумар яе тэлефона. Пасля некалькіх доўгіх гудкоў у трубцы пачулася:
— Алё!
Го л ас быў незнаемы, мужчынскі і не вельмі задаволены. "Цікава,— падумала Чыта,— адкуль у маім тэлефоне мог узяцца такі голас?"
— Хто гэта? — спытала яна.
— Крыванос, брыгадзір,— адказала трубка.
— А што вы там робіце, Крыванос-брыгадзір? — пацікавілася Чыта.
Яна хацела дадаць "у кватэры маёй сяброўкі", але тут успомніла, што ў гаспадара яе суседкі быў крывы нос — можа, якраз ён падняў трубку?
— Раманаўна, вы? — насцярожылася трубка.— Прабачце, не прызнаў. Дык гэта... сяджу вось, чакаю, пакуль запчасткі падвязуць... Раманаўна,— раптам узмалілася трубка,— перадайце Платонавічу: трактары стаяць, другі дзень не могуць у поле выйсці. Абяцаў эка запчасткі!
Пачуўшы пра трактары, Малпачка так раззлавалася, што забылася пра ўсё на свеце. Злосць на тэлевізар, якая з кожным днём расла ў яе душы, нарэшце выплюхнулася наверх:
— Ніякіх трактароў! Колькі можна: раніцай трактары, вечарам трактары! Адзін і той жа серыял! Не ўмееце самі рабіць, едзьце ў Мексіку, павучыцеся! Там гэтага дабра хапае!
— У Мексіку? — запінаючыся, разгублена перапытала трубка.— Дык я ж... Але хто ж мяне... А, праўда, можна, Раманаўна?
— Праўда, праўда. Ідзіце і пакуйце чамаданы,— загадала Чыта і адключыла радыётэлефон.
— Дзіўна,— прамармытала яна,— званіла сяброўцы, а трапіла на кінастудыю.
Малпачка сабрала раскіданыя рэчы і падзякавала самой сабе за працу.
Цяпер можна і адпачыць. Малпачка пакруціла ў руках радыётэлефон. Добра было б перакінуцца з кім-небудзь словам. Але яна ведала толькі адзін нумар, на які цяпер адзываўся брыгадзір па прозвішчы Крыванос.
"Да таго ж,— падумала Малпачка,— ён ужо, відаць, вылецеў у Мексіку".
Ні ў каго з жыхароў пушчы тэлефона не было — як яны абыходзіліся без яго, Чыта нават не магла ўявіць сабе.
I тут ёй у галаву прыйшла цудоўная ідэя, якая прэтэндавала на тое, каб узрушыць увесь навуковы свет. Малпачка палезла ў куфэрак — у ім яна трымала рэчы, што трапілі да яе выпадкова і з якімі яна пакуль не ведала, што рабіць,— і дастала стары тэлефонны апарат з патрэсканай трубкай. Шмат гадоў ён спраўна служыў Малпачкінаму гаспадару, але, як вядома, некаторыя тэлефоны маюць звычку вырывацца з рук і падаць на падлогу, што ўрэшце здарылася і з гэтым апаратам, сведчаннем чаму і была патрэсканая трубка.
Гаспадар купіў новы тэлефон, а Чыта — так, на ўсялякі выпадак,— стары зацягнула да сябе ў домік і паклала ў куфэрак, дзе ўжо ляжалі шчарбатыя сподкі, кубкі, зламаныя аўтаручкі, туфель без каблука на правую нагу і шмат яшчэ чаго, на першы погляд, непатрэбнага, але, як гэты тэлефонны апарат з патрэсканай трубкай, гатовага спатрэбіцца ў любы момант.
Хутка, скліканыя Сарокай, каля доміка Чыты сабраліся жыхары пушчы.
Малпачка паказала ім тэлефонны апарат з патрэсканай трубкай і патлумачыла яго прызначэнне.
— Цяпер,— урачыста закончыла яна,— калі мне захочацца пагаварыць з кім-небудзь з вас, або каму-небудзь з вас са мной, не абавязкова трэба будзе перціся праз увесь лес, а можна проста зняць трубку і сказаць: "Алё!"
Наступіла доўгая паўза.
Нарэшце цішыню парушыў Зубр.
— Я, вядома, чытаў пра такія дзіва-апараты,— разважлівым голасам сказаў ён.— Рэч вельмі цікавая і, можа, нават карысная. Але, як я зразумеў, іх у цябе ўсяго два. Адзін ты пакінеш у сябе, а ў каго будзе стаяць другі? Нас жа многа,— нагадаў ён.
— О'кэй,— сказала Чыта,— я лічу, другі тэлефон павінен стаяць у самага паважанага і разумнага сярод вас...
Жыхары пушчы пераглянуліся паміж сабой.
— У Зубра,— закончыла Малпачка.
Зубр збянтэжана апусціў вочы.
— А калі ты, напрыклад, захочаш пазваніць мне? — нерашуча звярнуўся да Чыты Заяц.
— Тады Зубр цябе пакліча да тэлефона,— не задумваючыся, адказала Малпачка.
— Ды дзе ж я знайду яго? — нахмурыўся Зубр.— Ён жа носіцца як угарэлы па пушчы! За ім не ўгонішся!
— А праўда! Гэта ідэя! — усклікнула Чыта.— Тэлефон трэба паставіць у Зайца. Сярод вас ён самы хуткі.
— Самы хуткі, ды не помніць нічагуткі! — закрычала Сарока.— Ён жа, пакуль знойдзе каго, забудзецца, чаго шукаў! Мне трэба паставіць тэлефон! Я ведаю ўсе навіны, і са мной будзе цікавей, чым з кім, балбатаць.
Читать дальше