Заяц цяжка ўздыхнуў і не стаў пярэчыць. Вядома, адкуль ён мог зразумець, раз ніколі не паказваў вушэй далей сваей пушчы!
— Ну, а гэты... як ты яго назваў? Бусел? Ён разбіраецца ў модзе? — спытала Чыта.— Ён ведае, якія акуляры ці капялюшыкі гэтай вясной носяць у Парыжы?
— Капялюшыкі? У Пар... У Парыжы? Думаю, не вельмі,— крыху разгублена адказаў Заяц.— Ён і боты заўсёды адны і тыя носіць — чырвоныя. Вось Ліса — тая ведае. Яна кожны дзень, перад тым як выйсці з хаты, дзесяць бантоў перамерае. На любую пагоду ў яе свой бант.
— Пахвальна,— сказала Чыта.— Такая пераборлівая паненка павінна мець галаву на плячах. Прызнайся, яна сярод вас самая разумная і вы ўсе ходзіце да яе раіцца?
— Не,— пачухаў патыліцу Заяц,— калі што якое, мы ідзём да Зубра. Ён хоць нідзе не бывае і за модай не гоніцца, але і слабейшага ў крыўду не дасць, і кепскага ніколі не параіць.
— Та-а-ак,— задумліва працяТнула Чыта,— і за модай не гоніцца, і нідзе не бывае. О'кэй. Адным словам, прыстойная кампанія на дарозе не валяецца.
— Вядома,— падхапіў Заяц.— Вось я, калі захачу паваляцца, шукаю, дзе памякчэй,— мох альбо густую траву. А на дарозе ці ў полі хвіліну паляжыш — потым гадзіну адмывацца будзеш.
Пахвальна,— уздыхнула Чыта. І, думаючы пра нешта свае, паўтарыла яшчэ некалькі разоў: — Пахвальна, пахвальна...
Чыце надакучыла глядзець тэлевізар. Усё, што Малпачка зразумела дзякуючы яму,— у краіне, куды яна трапіла, вельмі любяць назіраць, як трактары сюды-туды ездзяць па палях. Інакш навошта іх штодзень паказваць па тэлевізары?
Раптам Чыта пачула за акном трэск і аж падскочыла — можна было падумаць, што трактары ўжо дабраліся і да яе доміка.
Яна выскачыла на ганак, але замест трактароў убачыла Сароку, якая сядзела на сасне і трашчала так, быццам перакрыквалася з некім на другім краі пушчы.
Чыта счакала, пакуль Сарока замоўкне, і сказала з непрыхаванай іроніяй у голасе:
— Яшчэ хвіліна, і я аглухла б ад тваёй траскатні і не даведалася, з-за чаго ты падняла такі гвалт.
— Ты не паверыш! — Сарока зляцела з сасны на ганак.— Ты не паверыш! Заяц ішоў па лесе,— яна расказвала і пры гэтым траслася ад смеху,— і, як заўсёды, грыз вялую морквіну. Вечна галодны! Галодны і ні на што не годны, кхі-хі-хі! А калі ён што-небудзь грызе, то нічога і нікога не бачыць. А Вавёрка, кхі-хі-хі! Вавёрка на сасне перабірала леташнія шышкі. Хоць якія там шышкі — адны пустышкі! Адна шышка ўпала і...
— Стукнула Зайцу па галаве,— хіхікнула Чыта.
— Як, ты ўжо ведаеш гэтую гісторыю? — здзівілася Сарока.
— Не,— хмыкнула Чыта,— але, каб шышка праляцела міма, ты цяпер не трашчала б на ўвесь лес.
— Але ж ты не ведаеш, што было далей! — усклікнула Сарока і зноў стала душыцца смехам.
— Бедны Заяц ад страху страціў прытомнасць альбо падавіўся вялай морквінай,— выказала здагадку Чыта.
— Не,— пакруціла галавой Сарока.— З перапуду ён кінуўся наўцёкі і наскочыў на Лісу. Тая таксама падумала немаведама што і шуснула проста ў хмызняк. Быў у Лісы капялюш — ці то брат падарыў, ці то муж. А стала анучка з дзіркаю.
— I што далей? — нецярпліва спытала Чыта.
— А што далей? — не зразумела Сарока.— Нічога далей.
— Як? Хіба Ліса не збіраецца судзіцца з Зайцам?
— Судзіцца? Яна што, з глузду з'ехала? Пры сустрэчы дасць касому ў карак, вось і ўвесь суд!
— Задавальнення на адну хвіліну,— чмыхнула Чыта. З гэтага здарэння можна мець большую выгоду. Бачыў хто-небудзь, як усё было?
— Усе бачылі — і я, і Бусел, і Зубр.
— Кліч усіх сюды! — загадала Чыта.— Вінаватых, пацярпелых, сведкаў — усіх сюды. Я навучу вас, як трэба судзіцца.
Праз паўгадзіны каля доміка Чыты сабраліся жыхары пушчы. Апошнім прыйшоў Зубр. Ён усеўся крыху наводдаль і, паправіўшы акуляры, разгарнуў газету, абыякавы да ўсяго, што ад бывалася навокал.
— Ну, што ж,— урачыста прамовіла Чыта,— усе сабраліся. Можна пачынаць пасяджэнне суда. Пацярпелая,— звярнулася яна да Лісы,— раскажыце, як усё было.
Ліса дастала з сумачкі люстэрка і памаду, акуратна падмалявала вусны і нарэшце сказала:
— Ах, у нашай пушчы стала зусім немагчыма жыць. Да чаго дайшло: зайцы з ног збіваюць! Хутка зусім на галаву сядуць! Вось, палюбуйцеся!
Яна дастала з сумачкі парваны капялюшык і паказала прысутным.
— Я яго не рваў! — абурыўся Заяц.
— Калі Заяц наскочыў на мяне,— патлумачыла Ліса,— я, вядома, спалохалася, бо не разгледзела яго, і кінулася ў хмызняк. Мой капялюшык зачапіўся за сухую галінку — і вось...
Читать дальше