Алесь Краўцэвіч
Тэўтонскі ордэн [Ад Ерусаліма да Грунвальда]
Тэўтонскі ордэн моцна паўплываў на гістарычны лёс Беларусі. Самыя цесныя адносіны з ім у Вялікага Княства Літоўскага пачаліся з 80-х гадоў XIV ст. і працягваліся больш за стагоддзе, да пачатку XV ст. Гэтыя адносіны нельга назваць добрасуседскімі. Хутчэй мела месца зацятая барацьба, у якой абодва бакі адстойвалі свае жыццёвыя інтарэсы.
Мы ніколькі не сумняваемся, што справядлівасць у гэтай амаль безупыннай вайне была на баку нашых продкаў. Прышэльцамі і захопнікамі з'яўляліся ўсё ж рыцары ордэна - амаль выключна ўсе немцы, адкуль і назва ордэна - Тэўтонскі. Цяжка нават уявіць сабе, колькі жыццяў, намаганняў, матэрыяльных высілкаў каштавала гэтая жорсткая барацьба.
У ёй гартавалася беларуская дзяржаўнасць. Пад пагрозай знешняй небяспекі вакол беларускага ядра ўсё цясней гуртаваліся землі былой Кіеўскай Русі ды Жамойці. У прускіх суседзяў было чаму павучыцца і нашыя продкі скарысталі такую магчымасць. Новыя будаўнічыя традыцыі і прыёмы (готыка), матэрыялы (вялікапамерная цэгла, дахоўка) і шмат што яшчэ прыйшло да нас праз ордэнскую дзяржаву.
У барацьбе з лепшай эўрапейскай арміяй фармавалася і набірала моцы беларускае прафесійнае войска, якое затым доўга паспяхова стрымлівала націск з усходу.
Цікавы сам феномен Тэўтонскага ордэна. Гэта ўнікальная ў гісторыі з'ява, калі духоўна-рыцарскае аб'яднанне стварыла магутную дзяржаву, якая займала важнейшае месца ў тагачаснай Усходняй і Цэнтральнай Эўропе.
Наша праца - аб гісторыі Тэўтонскага ордэна ад самых яго пачаткаў да Грунвальдскай бітвы, з якой пачаўся паступовы заняпад ордэнскай дзяржавы.
СТВАРЭННЕ І ЎСТРОЙ ОРДЭНА БРАТОЎ-РЫЦАРАЎ ТЭЎТОНСКАГА ДОМУ ДЗЕВЫ МАРЫІ Ў ЕРУСАЛІМЕ
Найвялікшы ўздым магутнасці Тэўтонскага ордэна адбыўся ў XIV - пачатку XV ст. на землях старажытнай Прусіі. Аднак пачаткі гэтага цікавейшага сярэднявечнага духоўна-рыцарскага аб'яднання і ў часе і ў прасторы ляжаць далёка ад часоў і мясцін яго росквіту.
Ордэн абудзіўся да жыцця на зямлі Палестыны ў XII ст. пад час разгару крыжовых войнаў, калі амаль безупынныя баі крыжакоў з мусульманамі ішлі з пераменным поспехам. Пачатковая яго гісторыя даволі цьмяная і шмат у чым легендарная. Відавочна, правобразам ордэна можна лічыць аб'яднанне вакол шпіталю ў Ерусаліме, узнікшае каля 1129 г. Адзін немец, які разам з жонкай асеў у Ерусаліме пасля заваявання горада крыжакамі, пачаў прымаць у свой дом убогіх і хворых суайчыннікаў. Хворых было шмат, бо мясцовы клімат стаўся нязвыклым і цяжкім для выхадцаў з Германіі. Пазней гэты добры чалавек (імя яго невядомае) сваім коштам збудаваў шпіталь і пры ім капліцу ў імя Дзевы Марыі. Жонка дабрачынніка заснавала асобны жаночы шпіталь. У гэтых людзей з'явіліся паслядоўнікі. Многія немцы ахвяравалі сродкі на карысць шпіталю і працавалі ў ім. Былі сярод іх рыцары і шляхта. Яны прымалі ўдзел у доглядзе за хворымі і адначасова ваявалі. Так пры шпіталі ўтварылася рыцарскае аб'яднанне. Яно ўзяло сабе за ўзор статуты ўжо існуючых ордэнаў іанітаў і тампліераў [ 1 1 Ордэн іанітаў узнік у Ерусаліме пры шпіталі і капліцы Яна Хрысціцеля ў ХІ ст. Пазней вядомы як Мальтыйскі ордэн. Ордэн тампліераў з'явіўся ў 1128 г. у Палестыне. Меў мэтай абарону пілігрымаў з Эўропы ад нападаў мусульманаў і разбойнікаў.
].
Пад час ваеннай выправы сябры шпітальнай суполкі дзяліліся на дзве часткі: старыя, калекі заставаліся на паслугах шпіталю, а баяздольныя ішлі ў паход. Такая падвойная служба дала ім назву шпітальных братоў і рыцараў Дзевы Марыі - па назве шпітальнай капліцы. У новага аб'яднання хутка ўзніклі нейкія непаразуменні з ордэнам іанітаў - рыцары Дзевы Марыі нейкі час падпарадкоўваліся вялікаму магістру іанітаў.
Афіцыйнае ўтварэнне ордэна адбылося на шэсць дзесяткаў год пазней, у 1190 г., пад час аблогі крыжакамі Акры - горада на ўзбярэжжы Міжземнага мора. Хрысціяне тады мелі шмат нягодаў ад голаду і хвароб. І вось некалькі немцаў з Брэмена і Любека зрабілі з карабельных ветразяў палатку, сабралі ў ёй хворых, параненых і даглядалі іх. У гэтай дабрачыннай справе прынялі ўдзел і нямецкія рыцары, адначасова спаўняючы вайсковую службу. Відавочна, да іх далучыліся і шпітальныя браты, якія пакінулі заняты мусульманамі Ерусалім. Швабскі князь Фрыдрых, застаўшыся правадыром нямецкіх крыжакоў пасля смерці Фрыдрыха Барбаросы, прыняў гэтую справу пад сваю апеку.
Читать дальше