На сустрэчы пад Златарыяй хохмайстар даў згоду Вітаўту, каб той паляваў на дзікага звера ва ўсіх пушчах ордэна ўзамен за такое ж права для сябе ў літоўскіх пушчах.
Вялікая вайна 1409-1411 гг. была скончана. Задавалася, пасля буйной перамогі ды амаль поўнай акупацыі ордэнскай дзяржавы саюзнікам нельга было згаджацца на такія спрыяльныя для ордэна ўмовы міру. Аднак яны пайшлі на гэта і, відаць, ведалі, што рабілі. Сярод прычын і рэальная ацэнка міжнароднай сітуацыі, і разуменне вынікаў Грунвальдскай бітвы (ордэн ужо не сур'ёзны вораг). Відавочна, мела месца і нежаданне Вітаўта цалкам зліквідаваць ордэнскую дзяржаву, бо ад яе падзелу больш выйгравала Польшча, чым Вялікае Княства Літоўскае. Длугаш пісаў: «...стараннямі Аляксандра, вялікага князя Літоўскага (князь больш за ўсё імкнуўся толькі да ўз'яднання свайго Літоўскага Княства і вяртання сабе Самагітскай зямлі, якой яго пазбавілі крыжакі) быў заключаны, зацверджаны і падпісаны мір на ўмовах для Польскага Каралеўства несправядлівых і невыгодных».
Неадпаведнасць маштабаў перамогі пад Грунвальдам умовам падпісанага міру дала падставу некаторым даследчыкам ацаніць яго як «прайграны мір» для саюзнікаў. Длугаш жа лічыў, што грунвальдская перамога «...не прынесла ніякай выгоды каралеўству Польскаму, але больш карысці Вялікаму Княству Літоўскаму».
Трэба сказаць, што дыпламатыя ордэна здолела дасягнуць максімум магчымага пасля такога разгрому. Аднак Грунвальдская перамога мела намнога значнейшыя наступствы, чым здавалася на першы погляд. Яна разбурыла падмурак будынка Тэўтонскага ордэна і паклала пачатак яго заняпаду.
Ордэн іанітаў узнік у Ерусаліме пры шпіталі і капліцы Яна Хрысціцеля ў ХІ ст. Пазней вядомы як Мальтыйскі ордэн.
Ордэн тампліераў з'явіўся ў 1128 г. у Палестыне. Меў мэтай абарону пілігрымаў з Эўропы ад нападаў мусульманаў і разбойнікаў.
Галоўная частка абраду прыёму ў рыцары - апяразванне рыцарскім поясам.
Капітула - збор сяброў ордэна, які меў функцыі кіравання.
Канвент - орган мясцовага кіраўніцтва, складаўся з рыцараў, святароў, службовых братоў.
Пад Літвой тут разумеецца дзяржава Вялікае Княства Літоўскае.
Літоўцы - назва жыхароў гістарычнай вобласці «Літва» ў Верхнім Панямонні са змешаным славянска-балцкім насельніцтвам.
Невядома, ці гэта метрычныя цэнтнеры (100 кг), ці нямецкія XX ст. - 50 кг, ці сярэднявечныя - ад 50 да 65 кг.
Беларускі летапіс называе бітву Дубровенскай па назве бліжэйшага горада.