Ён задумаў на яе аснове стварыць асобны рыцарскі ордэн. Энергічна ўзяўшыся за справу, князь сабраў большую частку свецкіх і духоўных паноў, быўшых у Палестыне, у тым ліку вялікіх магістраў іанітаў і тампліераў. Сход адобрыў ідэю і вырашыў скласці статут новага ордэна на аснове іаніцкага і тампліерскага. Ад іанітаў узяць тое, што тычыць догляду хворых, ад тампліераў - ваенныя абавязкі. Такім чынам, Тэўтонскі ордэн з самага пачатку стаў духоўна-рыцарскім у адрозненне ад папярэднікаў, першы з каторых - ордэн св. Яна спачатку быў толькі шпітальным, а другі (тампліераў) увогуле шпітальным не быў.
У хуткім часе папа рымскі зацвердзіў статут новага ордэна. Папа ўпаўнаважыў ерусалімскага патрыярха надаць сябрам новага аб'яднання белую расу з чорным крыжам у якасці іх асаблівага адзення і прызначыць ім Тэўтонскі шпіталь Дзевы Марыі ў Ерусаліме. Германскі імператар у сваю чаргу ўпаўнаважыў ерусалімскага караля і Фрыдрыха Швабскага да зацвярджэння ордэна, апяразвання [ 2 2 Галоўная частка абраду прыёму ў рыцары - апяразванне рыцарскім поясам.
] першых рыцараў і надання ім права прымаць у ордэн новых сяброў, прычым толькі са шляхты даўняга роду.
І вось перад князямі сталі 40 чалавек са старых шляхетных родаў і, укленчыўшы, прасілі аб прыняцці ў новы ордэн. Ерусалімскі кароль аперазаў пасам першага рыцара, Фрыдрых Швабскі другога, іншыя князі наступных. Затым новыя рыцары сталі на калені і прынялі шлюбы. Патрыярх надаў ім Ерусалімскі шпіталь і імя: браты-рыцары Тэўтонскага дому Дзевы Марыі ў Ерусаліме.
Кароль ад імя імператара заклікаў быць сапраўднымі рыцарамі, паўставаць на абарону Святой зямлі і ўсіх хрысціянскіх земляў супраць ворагаў веры, падтрымліваць і бараніць касцёл, духоўных, удоваў, сірот і ўбогіх. Пасля сканчэння абраду кароль, швабскі князь і іншыя абралі з 40 рыцараў першага магістра і надалі яму ўсе землі, якія здабудзе ў няверных.
У 1191 ці 1192 г. папа Цэлестын III і германскі імператар Генрых VI зацвердзілі ордэн, які абраў сабе за патронаў Дзеву Марыю і св. Юрыя.
Першы магістр Генрых Вальпот заняўся выпрацоўкай рэгламенту жыцця і ўстройства ордэна. Пры ім сфармаваўся асноўны ўнутраны строй арганізацыі, якая падначальвалася непасрэдна папе рымскаму.
Трэба сказаць, што суполка задумвалася і атрымалася надзвычай моцна з'яднанай, з абмежаваным доступам новых сяброў. Гэтая згуртаванасць у немалой ступені паспрыяла небываламу ўздыму значнасці і магутнасці Тэўтонскага ордэна, а каставасць стала адной з прычын яго заняпаду.
Статут ордэна быў суровым і ў першыя стагоддзі існавання вельмі дэталізаваным. Пры прыняцці новых сяброў, абранні магістра кіраваліся падрабязна вызначанымі працэдурамі, гэтак жа як ва ўсім распарадку жыцця.
Той, хто хацеў быць прынятым у ордэн, павінны быў быць дужым, здаровым і належаць да нямецкай шляхты. Аб сваім жаданні ахвотнік аб'яўляў пад час капітулы [ 3 3 Капітула - збор сяброў ордэна, які меў функцыі кіравання.
]. Магістр (або яго намеснік) задаваў кандыдату пытанні: ці не належыць да іншага ордэна, ці не служыць дзе-небудзь, ці не з'яўляецца чыім-небудзь падданым, чалавекам простага звання, ці не мае даўгоў або ўтаёнай хваробы. Пасля адказаў на пытанні паведамлялі, якія неабходна прыняць шлюбы, а менавіта акрамя трох звычайных (беднасці, бясшлюбнасці, паслухмянства) яшчэ даглядаць хворых і ваяваць з ворагамі Крыжа, сумленна несці службу, прызначаную магістрам, бываць на капітулах і дапамагаць радай, з ордэна не выходзіць, акрамя як з дазволу магістра.
Калі кандыдат прымаў умовы, дазвалялі прысягаць: клаў два пальцы на Біблію і казаў: «Абяцаю і клянуся, што ўстрыманне цела будзе адным з маіх звычаяў, буду паслухмяным Богу, св. Марыі, а потым магістру ордэна Нямецкага дому і вашым наступнікам паводле статута і звычаяў ордэна Нямецкага дому аж да смерці».
Затым новаму брату апісвалі яго абавязкі ў наступных словах: «Калі мяркуеш у гэтым ордэне мець спакой і прыемнае жыццё, то ты вельмі памыліўся, бо ў гэтым ордэне прынята так: калі хочаш есці, то мусіш пасціцца, калі хочаш пасціцца, то мусіш есці; калі хочаш ісці спаць, то мусіш быць нядрэмным, а калі хочаш быць нядрэмным, то мусіш класціся спаць. Калі загадаюць ісці туды ці сюды або стаць, то не можаш адмовіцца. Мусіш бацьку, маці, брата, сястру і ўсіх сяброў ніжэй орэна паставіць, а ордэну быць паслухмянейшым і вярнейшым, чым ім. За гэта ордэн табе дае толькі хлеб і ваду ды сціплую вопратку і нічога болей дамагацца не можаш. Калі з часам набудзем лепшага і большага, тады будзеш ужываць нароўне з усімі і на гэтым усё».
Читать дальше