— Малпачцы трэба дапамагчы пасадзіць агарод,— прадоўжыў Зубр.
— Ха, агарод! — насмешліва фыркнула Сарока.— Ды яна, колькі жыве, палец аб палец не стукнула, такая няўдаліца. А тут цэлы агарод на яе галаву зваліцца! Ды ён праз тыдзень зарасце пустазеллем!
— Да працы прывыкнуць трэба, тады яна не будзе ў цяжар. Аднаму вялікую работу заўсёды нялегка пачынаць, а вось калі гуртам...
— Ведаю, ведаю,— перабіла яго Сарока,— гуртам усё рабіць лягчэй...
Чыта глядзела тэлевізар, калі ў дзверы пастукалі. Каля доміка яе чакалі Зубр, Бусел, Заяц, Вавёрка, Ліса і Сарока.
— Мы тут прынеслі табе гасцінцаў,— сказала Ліса і працягнула Малпачцы кошык, даверху напоўнены морквай, капустай, яйкамі і арэхамі.
— Гэта ўсё мне?! — здзівілася Чыта, асцярожна беручы кошык.
— Табе, табе,— кіўнуў Зубр.— Ты ў нас нядаўна, нашых харчоў яшчэ не каштавала. А раптам спадабаюцца?
— Яшчэ і пытаецца — дзіва што спадабаюцца! — прабубніла Сарока.— На дармаўшчыну столькі ўсяго перапала! З такімі запасамі я б цэлы год гора не знала!
Чыта выбрала ў кошыку самую вялікую морквіну і захрумстала ёю з такім апетытам, быццам ніколі не ела нічога смачнейшага.
— А мы тут паглядзелі, аказваецца, за тваім домікам можна зямлю пад агарод пусціць. Пад невялікі, праўда, але колькі табе ад ной трэба,— як бы між іншым сказаў Зубр.
— Мне? Агарод? Нізашто! — аплятаючы другую морквіну, запярэчыла Малпачка.— Ды я не ведаю, што на ім рабіць, ды я не ведаю, за які канец рыдлёўку трымаць, ды яе ў мяне і не было ніколі.
— А я вось якраз захапіў рыдлёўку з сабою,— паспешна сказаў Заяц.— I магу памагчы табе ўскапаць агарод.
— Ускапаць! — чмыхнула Чыта.— Што толку — у мяне ж няма нічога ні садзіць, ні сеяць.
— У мяне ёсць насенне капусты і морквы,— сказала Ліса.— Я ўзяла з сабою — думала, можа, табе спатрэбіцца.
— А я на поплаве, за адной вёскай, знайшоў куст чырвоных парэчак — нехта выдзер з карэннем, а ён і на поплаве прыжыўся, лісце пусціў,— сказаў Бусел.— Я падумаў, можа, ты любіш парэчкі, і прынёс з сабою.
— А я,— сказаў Зубр,— прынёс табе яблыньку са свайго саду. Яблыкі на ёй восенню сакавітыя, не горш за твае апельсіны.
— Дзе ж я з гэтым усім спраўлюся — і насенне, і парэчкі, і яблыня,— запратэставала Чыта.— Змагацца супраць рабства — я разумею, але па сваей ахвоце станавіцца рабыняю — я яшчэ ў сваім розуме!
— Правільна! — закрычала Сарока.— Кожны жыве, як хоча! I няма чаго лезці сляпіцаю ў вочы! Дарэмна толькі нацягалі сюды ўсяго.
— Мы прыйшлі, каб дапамагчы табе,— не звяртаючы ўвагі на Сарочыну траскатню, сказаў Зубр Малпачцы.— Хоць яно, вядома, табе цяжкавата будзе з непрывычкі корпацца ў зямлі. Можаш проста пасядзець, паглядзець, як мы будзем разбіваць агарод, павучыцца сяму-таму.
Ну, калі адно паглядзець,— уздыхнула Чыта,— тады валяйце!
Зубр з Зайцам напераменку капалі грады. Вавёрка і Ліса, якая прадбачліва захапіла з сабой матыку, рабілі баразёнкі, а Бусел з Сарокай па каліву кідалі ў баразёнкі насенне. Бусел — насенне капусты, а Сарока — насенне морквы. Пры гэтым яна часта спынялася і пачынала войкаць:
— Вой, сагнуцца не магу! Вой, бок баліць! Так аслабела, што не хочацца жыць! Вядома, з самай раніцы крошкі ў роце не было!
Пасля гэтых слоў Сарока клыпала да кошыка, дзяўбла капусту ці морквіну і, павесялелая, вярталася назад.
Чыта спачатку назірала за працай сваіх сяброў моўчкі, але пасля не стрывала.
— Раўней, раўней трэба! — закрычала яна Вавёрцы і Лісе.— А цяпер закругляйце баразёнкі, закругляйце!
Чыта падхапілася і ўзяла ў Вавёркі матыку. Дзве крайнія баразёнкі яна злучыла паміж сабой, атрымаўся круг.
— Тут будзе расці капуста,— заявіла Малпачка.— Кідайце насенне! Не, я сама!
Яна выхапіла ў Бусла кулёк з насеннем капусты і пачала кідаць па каліву ў баразёнку.
Калі грады былі пасеяны, сябры ўзяліся за яблыньку і парэчкі. Чыта і тут не ўседзела.
— Яблыню трэба пасадзіць каля доміка, пад акном,— сказала яна.— I шырэй капайце яму, каб карэнні ў ёй не курчыліся! Дайце мне рыдлёўку, я сама!
Нарэшце, і яблынька, і парэчкі былі пасаджаныя і палітыя.
— Фу-у-у,— уздыхнула Малпачка,— аж не верыцца, што мы столькі работы перарабілі!
— Ну, як,— хітра спытаў Зубр,— ты сябе адчуваеш рабыняю?
— Рабыняю? — зморшчылася Чыта.— Хм, як ні дзіўна, я сябе цяпер адчуваю сапраўднай гаспадыняй.
— Пахвальна! О'кэй! — перадражніваючы Малпачку, усклікнула Вавёрка. I ўсе засмяяліся.
— Яны і не заўважылі, як на ражку месяца здалёку прыплыў вечар і разаслаў на небе чорную коўдру, усыпаную бліскучымі зоркамі. Дзень скончыўся — адзін з апошніх вясновых дзён. Вось-вось павінна было пачацца лета. А з ім і новыя прыгоды Малпачкі Чыты і яе сяброў.
Читать дальше