У старой аборы была прахалода. Можа, таму, што там заўсёды панаваў паўзмрок і гуляў ветрык: вядома, стадола, лічы, без дзвярэй, без столі, а ў шчытах дзіркі.
Калі хлопцы праз нахіленыя дзверы — яны, вялізныя і цяжкія, на адной пятлі навіслі над уваходам, гатовыя ў любы момант абурыцца, — зайшлі ўсярэдзіну, то першае, што ўбачылі,— у куце прамільгнуў нейкі руды звярок. І нырнуў пад падлогу там, куды вёў Міколу Алесь, у не закрытую маснічынай адтуліну.
— Во, халера, што гэта за звер там схаваўся? — аж сумеўся ад нечаканасці Алесь.
— Шашок, — няпэўна адказаў Мікола.
— А ён кусаецца?
— Сунь палец — адшчыкне! — мабыць, прыдумаў на хаду Мікола, бо пра шашкоў ён ведаў не больш за Алеся. — Курэй, ведаеш, як рэжа!
А ў нас іх няма. Хай у вёску бяжыць курэй рэзаць… — Алесь спыніўся і зазірнуў у адтуліну. — Там яно ляжыць, куды той чортаў шашок нырнуў…
— Што ляжыць?
Замест адказу Алесь схапіў жалязяку, якой, відаць, падымаў маснічыну, пагрукаў ёю па падлозе і, нахіліўшыся, выцягнуў з-пад падлогі доўгую і цяжкую, крыху прыржавелую вінтоўку.
— Во… Прыедзе Тупік — аддадзім, — сказаў ён. — Можа, спраўная. А пакуль няхай ляжыць.
— Пачакай! Давай перахаваем яе.
— А нашто?
— Нехта ж паклаў яе тут… Можа, які бандыт. А мы перахаваем — не знойдзе. Дай патрымаць, — папрасіў Мікола.
Перадаючы сябру вінтоўку, Алесь нібы раіўся з ім:
— Дапраўдачкі, перахаваем! А што потым? Га? А калі з-за яе ды непрыемнасці, га?
І гэтае «дапраўдачкі», і пакорлівасць, з якой Алесь згадзіўся перахаваць вінтоўку, і няўпэўненасць, нават разгубленасць — усё ў ім было ад бацькі. Таму хоць Мікола і меншы за яго ростам, і маладзейшы на паўгода, аднак Алесь яму падпарадкоўваўся, слухаўся яго як старэйшага.
— Ніякіх непрыемнасцей не будзе, калі сам не прагаворышся каму. Ясна? Ні слова! — ужо тонам загаду прамовіў Мікола. — А цяпер давай яшчэ пашукаем тут… Патрымай, — перадаў ён яму вінтоўку. А сам, худы, вёрткі, як той шашок, спрытна юркнуў пад падлогу, ад якой да зямлі было з паўметра: падваліны былі тоўстыя, няйначай, з дубу. Прысеў і азірнуўся. Убачыў непадалёк два жывыя вугельчыкі, здагадаўся — звярок. А бліжэй, каля падваліны, згледзеў нейкую скрынку, падпоўз, памацаў, паспрабаваў рукой скрануць з месца. Скрынка была дужа цяжкая, але паддалася.
— Ну, што там так доўга? — не стрываў, спытаў зверху нецярплівы Алесь.
— Ды от… нейкая скрынка тут. Пакратаў, дык там нешта блямкае…
— Не чапай! А то, можа, якая бомба?
Ды не такі Мікола, каб адступіцца, спалохацца. Цікаўнасць узяла верх. Хоць і худы, а сілы ў ім — за двух. Узяўся за выступ дошкі на скрынцы і моцна пацягнуў на сябе. Дошка суха стрэліла і адламалася.
Усунуў руку ўсярэдзіну і адразу ж здагадаўся: патроны!
— Ой! — спалохана ўсклікнуў Алесь. І голас яго чуўся ўжо крыху далей. — Што там у цябе страляе? Мікола! Што ў цябе там такое?
— Аа-а-а-апчхі! Аа-ат-ап-чхі! — пачулася з-пад падлогі, а неўзабаве высунулася рыжая ад парахні Міколава галава, потым дзве рукі. У кожнай з іх былі новенькія, аж бліскучыя патроны. — Во што там… Гэта да вінтоўкі. Усё перахаваем, калі сцямнее. Дай пакуль вінтоўку сюды…
Яны акуратна заклалі маснічыну і выйшлі з аборы, дамовіўшыся, што, як сцямнее, усё перанясуць да млына і там схаваюць у невялікай прыбудове, дзе раней стаялі вагі і розныя скрынкі, а цяпер толькі валяюцца абрубкі гнілых, нікому не патрэбных дошак…
Вестка пра тое, што да Ваўчкоў нехта ходзіць, занепакоіла Міколу. Яму так хацелася зноў сустрэцца з Анютай, пагаварыць з ёй, расказаць, як ён аднойчы, ловячы рыбу, выцягнуў з-пад калоды чорную гадзюку, як бярэ рака толькі за спіну, бо яго клешні, бывае, ціснуць дужа балюча, да крыві. І наогул, у яго ёсць што расказаць, але…
Здаля відаць, як Анюта носіць дровы пад павець ля хлява і складае іх там. За дзень Ваўчок наколвае цэлую гару. А яна вось, гэтая кволая дзяўчынка, носіць. Міколу шкада Анюту. Памог бы, але зноў той ваўкаваты Ваўчок вызверыцца. Не любіць ён чужога вока на хутары. Пра Тупіка гэткае казаў, што хоць вушы затыкай. І Гэльку не пускае ў Калінаўку, у хату-чытальню, каб вучылася хоць трохі чытаць. Ды наогул, пасяліўся ён на хутары Красоўскага невядома чаму. Сваю хату ў Пабярэжжы аддаў сястры-бабыльцы, а сам сюды прыехаў «панаваць», няйначай разбагацець, раскашавацца на панскай зямлі захацеў. Але без каня ці многа той зямлі спажывеш? У калгасе не дадуць, туды трэба самому завесці каня ці карову, а ўсё гэта Ваўчок пакінуў у Пабярэжжы. Конь чамусьці неўзабаве паў, і ніхто не ведае — чаму, па якой прычыне. Быў не дужа стары, жывы, здаровы, а паў за які тыдзень, аднойчы ноччу. Раніцою вароты хлява адчынілі, паглядзелі — ляжыць конь здубянелы ўжо…
Читать дальше