Высокая, чорнавалосая, са смуглявым, як у цыганкі, тварам, з праніклівымі чорнымі вачамі, даволі статная, Міроніха была адходлівая і дабрадушная. Было ў яе паглядзе нешта прыемнае, прыцягальнае. Сапраўды, здавалася дзіўным, як гэта «прыгажуня Клаўдзя» — так называлі яе ў вёсцы, — першая дзяўчына ў Калінаўцы, пад вокнамі якой вечарамі ўздыхаў ці адзін калінаўскі кавалер, раптам узяла ды «выскачыла», як казалі людзі, за недарэку Мірона з Пабярэжжа. Злыя языкі мянцілі, што старая Марфа, Міронава маці, нейкім зеллем напаіла Клаўдзю, прывабіла, і прыкіпела дзяўчына да яе нягеглага, малога Міронкі.
Як бы там ні было, а сыны ў іх пайшлі ў маці — смуглявыя, рослыя, прыгожыя. Асабліва — Алесь. У свае пятнаццаць год ён быў амаль роўны з бацькам, і ўся хатняя работа — дровы, смалякі на зіму (гэта ж галоўнае асвятленне, бо газай на хутарах і не пахла), вада — ляжала на ім.
Сама Міроніха была пры зямлі, пры печы, гатавала і на сям'ю, і ставіла чыгун то шалупіння, а то і проста лебяды малому пражорліваму падсвінку, якога трымалі ў закутку пры хаце. Гэта яна ўспарола рыдлёўкай і пасадзіла сотак дзевяць бульбы, насеяла буракоў, морквы, цыбулі… Адным словам, працавала яна за дваіх. Мірону ж трэба было за лета накасіць па кустах ды лясных прагалах сена карове на зіму. Былі яны як бы аднаасобнікі, жылі бедна. Асабліва кепска было з пасцеллю і адзежай: пасля пажару засталіся ў чым былі. Займалі яны пакой з вялізнай печчу, на якой узімку спалі ўсе ўпокат на нейкім рыззі…
Калі ж на хутар пераехалі Мікола з маці, у якіх тое-сёе было з хатняга нажытку, цэлы сувой суровага палатна, то хлопцам пашылі з таго палатна штаны, пафарбаваўшы іх настоем на кары альхі і крушыны. Палатно было носкае, толькі, калі намакала, рабілася калянае, лубела, як брызент. Выдзеліла Мар'я ім і старэнькую рабую коўдру, пашытую з двух кавалкаў калісьці добрага сукна, дала сёе-тое і з посуду, драўлянае вядро, у якое Міроніха цяпер даіла сваю сівулю…
За гэта Міроніха дзялілася з Мар'яй малаком, якога карова давала ў самы травастой аж тры вядры ў дзень. Асабліва як непадалёку адрасла калгасная ярына — авёс і ячмень. Туды карова наведвалася штодня, і ніякі калгасны вартаўнік яе не ўпільнуе, бо яна была чуйная і хітрая: як толькі ўбачыць ці пачуе чужога чалавека — адразу збягае ў хмызняк. Цяпер жа на хутары, без статка, яна як здзічэла, давалася даіцца толькі гаспадыні. Казалі, што за ёй, сівуляй, аднойчы гналіся на кані, каб злавіць ды накласці на Мірона штраф за патраву, але не дагналі. А потым, ведаючы беднасць «паноў», махнулі рукою. Яшчэ жартавалі, што хоць сівуля і лазіць у шкоду, але асцярожна, лішняга не стопча, бярэ з краю, дзе і трава расце густа і збажына рэдкая…
Вось якая дзіўная сямейка жыла на хутары Гурэцкага з не меней дзіўнай каровай…
Калі Мікола, адкасаўшы штаны, выйшаў на бераг Казы, то адразу ўбачыў Алеся. Ён даплятаў лазовы кош з даўно нарэзаных, паскепленых і вымачаных дубцоў.
— Чаго ты туды хадзіў? — паказаў рукою на суседні хутар.
— Каня глядзеў… Сняжка…
— А можа, Анюту? — хітрыя Алесевы вочкі прыжмурыліся, пасуровелі.— Ведаеш што… Не хадзі больш туды. Да іх ноччу нейкі чалавек наведваецца. Тата казаў. А можа, яны, Ваўчкі, з бандай звязаны. Ты чуў, што ў Рудачках банда ёсціка? — раптам як аглушыў ён Міколу, хоць голас крыху прыцішыў.
— Не, а што?
— А тое… Тупік камсамольцаў збірае на аблаву, як на ваўкоў, значыць… Усім стрэльбы дае.
— Можа, вінтоўкі? — паправіў яго Мікола. — Стрэльбы — гэта паляўнічыя. А ў Рудачках і праўда ваўкі водзяцца здаўна, там іх логава ёсць.
А сам падумаў: «Мусіць, Тупік і ездзіць бандыта злавіць, не толькі да Гэлькі…»
— І паляўнічыя ў ход ідуць…
— А хто ж там, у Рудачках?
— Невядомыя, чужыя… Учора ў Пабярэжжы Максіма абрабавалі, забралі кумпякі, кілбасы… — і раптам: — Хадзем, я табе нештачка пакажу — дык ахнеш! — Алесь таямніча азірнуўся, сабраў свае дубцы, узяў гатовы ўжо кош і пашыбаваў ад рэчкі паперадзе. — Пад падлогай знайшоў… Дзе сячкарня стаіць.
— Што знайшоў? — ідучы следам, спытаў Мікола, поўны нецярпення хутчэй даведацца пра Алесеву знаходку.
— Тайна! Я там пятак згубіў, у дзірку між падлогі заваліўся. Узадраў дошку, пачаў шукаць, а там — ой-е-ей! От сам убачыш, дапраўдачкі,— як і бацька, прамовіў ён гэтае слова.
Мікола ведаў — сячкарня стаяла ў самым куце аборы, звычайная, на два выгнутыя літарай «г» нажы. Там не раз хлопцы рэзалі зімою для сівулі сечку з сухога бульбоўя і саломы. Была сячкарня ёмкая, вострая, добра замацаваная. І проста дзіву даваліся «паны», што ўвесь гэты інвентар — трыер, сячкарня, малатарня, касілка і іншыя дробныя прылады — стаяў сабе ў аборы нейкай непатрэбшчынай. А ў калгасе — ён толькі-толькі заснаваўся — ніякіх сельскагаспадарчых прылад, апроч плугоў ды баронаў, не было і звання. Як разумеў Мікола, хутарское па нейкіх незразумелых прычынах чамусьці не хацелі браць. Ужо шмат пазней хлопцы даведаліся, што, апроч сячкарні, усе тыя машыны былі папсаваныя. Рамантаваць іх не было каму, ды і запасных частак адшукаць было цяжка. У аборы ж машыны не ржавелі, бо былі пад добрым дахам. І чакалі яны свайго часу надзейна захаваныя…
Читать дальше