Не бойся, з’явіся ў крыштальным адзенні,
Тваё ж хараство безупыннае.
У вачах тваіх слёзы пяшчот і усмешак,
У вачах тваіх няма нічога ўтоенага,
Няма граніц.
НЕАБХОДНАСЦЬ
Без асаблівых цырымоній на гэтай зямлі,—
Побач з людзьмі, якія захоўваюць
Лагоднасць і абыякавасць
I ў гушчары утульных няшчасцяў,
I зусім недалёка ад сапраўднай дарогі,
I пад пылам самых сур’ёзных спраў,—
Я высвятляю адносіны:
Паміж мужчынам і жанчынай,
Паміж расплаўленым сонцам і гудзеннем вулля,
Паміж зачараванымі пячорамі і белай завірухай,
Паміж рогатам да слёз і сінімі кругамі пад вачыма,
Паміж геральдычнай птушкай і маладзічком часнаку,
Паміж свінцовым дротам і скавытаннем ветру,
Паміж мурашкамі ля калодзежа і доглядам кустоў маліны,
Паміж падковай і кончыкам пальца,
Паміж кавалкам халцэдона і шыкоўнай зімой,
Паміж цярноўнікам і наяўнасцю мімікрыі,
Паміж соннай артэрыяй і спектральным аналізам солі,
Паміж вечна-зялёнай хвояй і галавой пігмея,
Паміж рэйкамі і рыжым голубам.
Паміж мужчынам і жанчынай,
Паміж маёй адзінотай і табой...
ДА СПАТКАННЯ
Перада мной рука, што разганяе навальніцу
I расплятае вяночкі плюшчу,
і прымушае іх квітнець.
Ці ж гэта не твая рука, ці ж гэта не сігнал.
Калі трапеча цішыня ў струменях —
У глыбіні калодзежаў, у глыбіні світання?
Не сумнявацца, не здзіўляцца! Ці ж гэта не твая рука
Прысягае на кожным лісточку, падстаўляе да сонца далонь!
Ці ж не твая рука бярэ у сведкі сонца
I клянецца: прымаць спакойна кожны лівень і патоп
Без ценю ўсіх маланак праляцеўшых!
Ці ж гэта не твая рука ў маланкавым ўспаміне сонца?
Ты сцеражыся! Шлях да скарбу згублены.
Начныя птушкі нерухомыя ў сваім убранні —
I гэта знак бяссонніцы з аголенымі нервамі...
Ці ж не твая рука — у змроку абыякавая —
Губляе краявіды?
Кожная рэчка ў маленстве знаходзіць чароўнасць.
Кожная рэчка з кунання вяртаецца.
Аўтамабілі ашалелыя сваімі коламі змятаюць грудзі плошчаў.
Ці ж не твая рука выгіпаецца колам
На плошчах, якія ўжо болей не верцяцца?
Твая рука ад сябе адхіляе хвалі пяшчотаў,
Твая рука ад сябе адхіляе мой давер, бесклапотнасць маю.
Твая рука! Яна ніколі
не зможа мяне адхіліць ад цябе.
САМА ЛЁГКАСЦЬ
Ласкавасць твая, няўдачы твае і мяккая гордасць,
Казачная геаграфія позіркаў і няшчот,
Арганнае чараўніцтва,
Змяшанне рук і вачэй,
Траў і снягоў,
Траў і вясны,
I нябачнага трымцення мора над імжой.
Змяшанне цішыні і тваёй магнетычнай яскравасці,
I ветру, які прыносіць да вуснаў прысмак маладосці
I далёкага пацалунка,—
Ветру, які знянацку зрывае з цябе адзенне.
КРЫТЫКА ПАЭЗІІ
Вядома, я ненавіджу царства буржуяў,
Царства шпікоў і папоў!
Але ў сто разоў мацней я ненавіджу людзей,
якія не ненавідзяць яго
Гэтаксама, як я,
Ўсёй душою.
Я ў твар плюю нікчэмнаму пігмею,
Які не палічыць вышэйшай за ўсе мае вершы
гэту Крытыку паэзіі.
***
Прысвячаецца Нуш
Не, немагчыма
Ведаць мяне лепей, чым ты.
Мы апускаемся ў вочы твае, як у сон.
З табой, удваіх.
Мне вочы твае падарылі агонь,
На зайздрасць усім начам.
Я вочы твае знайшоў, нібыта дарогу,
Яны чалавеку ў дарозе даюць
Свабоду ад зямнога прыцягнення.
Мяняецца ў тваіх вачах аблічча
Усіх тых, хто адкрывае перад намі
Нязмернасць адзіноты.
Не, немагчыма
Ведаць цябе лепш, чым я!
ГЭТА ЯНА
На зялёнай зорцы газона — яна,
У гэтым пакінутым доме — яна.
На вуліцы гэтай змрочнай — яна.
Гэта яна сярод дзікуноў,
Гэта яна ў гэтым сэрцы, што літасці просіць.
Гэта яна — стаіць там па снезе:
Заўсёды за мураванай сцяной,
Нібы на дне глыбокага яру.
РУЖА-ДРЭВА
Год урадлівы. Зямля набракла.
Вылілася неба на палі.
На траве, як жывот акруглай,
Запалала ружамі раса.
АДЗІНОКІ
Я мог бы ў самоце жыць
Без цябе...
Хто сказаў гэта?
Хто гэта можа жыць без цябе
Ў самоце,
Хто?!
Жыць насуперак жыццю,
Насуперак сабе?
Читать дальше