I павядзе яго лёгка далей, па Краіне Скрухі,
хлопцу пакажа калоны сабораў, руіны
замкаў былых, дзе калісьці магнаты Краіны
мудра вялі гаспадарку. Пакажа яму
высачэзныя Дрэвы Слёз і Палеткі
пышна расцвілай Журбы (ўсе жывыя
бачаць там толькі лісточкі пяшчоты),
статкі Жалобы на пашах пакажа хлапцу —
часам пырхне спалохана птушка і разарве
погляд іх лётам імклівым, працягне ў паветры,
як адчувальную ніць, асамотнены крык.
Вечарам Скруха яго павядзе да магіл
продкаў са Скрушнага роду, сваіх вешчуноў.
Зблізіцца ноч, і пакрочаць паволі; ўгару
месяц узыдзе, абсягаў усіх вартавы,
помнік нядрэмны, крэўны абліччам сваім
нільскаму сфінксу,
ахоўніку вечнае тайны.
Помнік здзіўляе іх царскі, помнік, што твар
моўчкі паклаў навекі на шалі
зорнай вагі.
Гэтага ўбачыць не здолее той,
хто заўчасна памёр. Толькі погляд яе
выганіць соваў з падвойнай кароны [20] Падвойная карона — псхент, галоўны ўбор фараона ў Старажытным Егіпце; сіметрычнасць кароны сімвалізавала саюз Верхняга і Ніжняга Егіпта. (Тлумачэнне Н. Літвінец).
. Яны
мяккім, лагодным павевам крануцца іх шчок,
тых акругласцяў спелых,
і ўмалююць пяшчотна ў новы
слых памерлых, на ліст
двойчы разгорнуты,
свой неакрэслены, смутны абрыс.
Зоркі — вышэй. Новыя. Зоркі Краіны Пакут.
Скруха паволі іх называе: «Вунь там,
бачыш: Коннік, там — Посах, а поўнае тое сузор’е —
Нізка Пладоў. А далей — Калыска,
Шлях і Кніга Агню, Лялька, Акно.
А на паўднёвым небе, чыста, нібы на далоні,
бласлаўляе накрэслены зоркамі знак,
што азначае — Маці»....
Толькі памерлы павінен адгэтуль ісці,—
Скруха старая вядзе
берагам бездані,
дзе пад промнямі поўні
радасці ззяе крыніца. Пачціва
Скруха яе называе: «Струмень
гэты сплаўляе людзей...»
Моўчкі стаяць ля падножжа гары.
З плачам яна абдымае яго.
Ён на Пра-мукі гару адзінока ўзыходзіць.
Крокаў яго не чуваць у бязгучнасці лёсу.
Толькі ж памерлыя ў нас абудзілі
вобраз няясны, падобны на знанае нешта;
глянь,— можа, гэта і ёсць каташкі,
што абвісаюць з пустое ляшчыны, альбо
ліўні нагадваюць, што напрадвесні
цёмную пояць раллю...
Мы, хто ўзнёсласці ў долі
прагне, мы адчуваем трымценне,
якое, калі ападае Шчасце,—
нас узрушае.
Як эпітафія Веры Оўкама-Кнооп [21] Вера Оўкама-Кнооп, маладая дзяўчына, знаёмая Рыльке, якая чаравала паэта грацыяй рухаў, прыгажосцю. Памерла ў 19 гадоў ад лейкеміі, хваробы, ад якой пазней памёр і сам Рыльке.
У росце дрэва: чыстае ўзрастанне!
О спеў Арфея! О спяванне дрэў!
Замоўкла ўсё. I нанава з маўчання
пачаўся рух, пачаўся рост і спеў.
Ішлі звяры — з таемнае бярлогі,
з гушчарных лежняў і глыбокіх нор —
не іх драпежны нораў вёў праз бор,
не страх прыцішыў іх да асцярогі,—
вяло пачутае. Крык страшных драм
аціх у сэрцы іх. I там, дзе ў слыху
прытулак быў для сочкі і для ўлову,
дзе ў слыху быў апошні ключ да схову,
дзе гніў тады аплот жыцця паціху,—
цяпер Арфей паставіў песні храм.
Нібы дзяўчынка выбегла з мяне,
калі яе пазвала ліры песня.
Дзіця гармоніі, дзіця прадвесня,
мой слых запаланіўшы, ў лёткім сне
забылася. I высніла яна
чужую даль і хвалі роднай нівы,
дзе я знаходзіў дзіва міг шчаслівы
і ўсё, чым жыў уражліва здаўна.
Свет спаў у ёй! О, чым, Арфей-пяюн,
зачараваў яе, каб не жадала
яна прачнуцца? Сонную стварыў!
Дзе смерць яе? Ці знойдзеш ты матыў
для іншай песні — каб не памірала?..
Дзяўчо знікае... ў заміранні струн...
Бог гэта змог. А як жа — чалавек?
Праз вузкасць ліры ён не прадзярэцца.
Дваісты ён. На скрыжаванні сэрцаў
не мецьме храма Апалон вавек.
Твой спеў — урок. А нам патрэбен звон,
нас парывае толькі перамога.
Спеў ёсць жыццё. Салодкае — у бога.
А як жа мы? Калі ж паверне Ён
да нас арбіты зор? Не будзе, хлопча,
табе ў любві патолі заўтра,
калі прарвацца з сэрца песня хоча.
Читать дальше